Анатоль Бокун. Фота з Укантакце.

«Затрыманне адбылося ў 10:15, я яшчэ папрасіў зафіксаваць гэты час. Узяў з сабой куртку, а таксама сабраную трывожную торбу для затрымання, якая ў мяне заўжды з сабой. З Капыля павезлі ў Салігорск, дзе і пачалі складаць пратакол затрымання. Мяне затрымлівалі нібыта па артыкуле 24.57 «Незаконная арганізацыя дзейнасці грамадскай арганізацыі ці фонда»,

але пратакол склалі па артыкуле 24.3 «Непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы». Маўляў, калі мяне прывезлі ў РУУС, то я адмаўляўся выходзіць з машыны, супраціўляўся. Справа ў тым, што па 24.57 мяне маглі затрымалі толькі на тры гадзіны, а тут на трое сутак», — расказвае Бокун.

Мужчына адразу ўдакладніў у міліцыянераў, ці ёсць у дворыку РАУС відэаназіранне, каб праверыць, ці сапраўды ён адмаўляўся выходзіць з аўто. Адказалі, што ёсць, але сам запіс дэманстраваць адмовіліся, бо ў тэхнічнага супрацоўніка выхадны дзень. У выніку час затрымання пазначылі 11:20. Бокун яшчэ зрабіў прыпіску і аб відэаназіранні, і аб патрабаванні адваката, і аб часе затрымання.

«На наступны дзень мяне выклікалі з ІЧУ ў нейкую допытную, дзе быў супрацоўнік АБЭЗ, ён прапанаваў азнаёміцца з матэрыяламі справы па артыкуле 24.57, але я адмовіўся гэта рабіць без адваката.

11 мая канчаліся трое сутак з моманту майго затрымання, я спытаў яшчэ ў дзяжурнага, колькі часу і чаму мяне не адпускаюць. На гэта мне адказалі, што складаецца яшчэ адзін пратакол, хутка мяне азнаёмяць. Сапраўды, праз паўгадзіны прыйшоў участковы інспектар, які склаў на мяне пратакол па артыкуле 24.23 «Парушэнне арганізацыі масавых мерапрыемстваў». Я зноў сказаў, што маю абаронцу і што сам знаёміцца ні з чым не буду. Інспектар ужо збіраўся сыходзіць, тады я спытаў, ці затрыманы. Ён кажа, што так. Але дзе тады пратакол затрымання? Міліцыянер доўга шукаў, а потым дастаў чысты аркуш паперы і стаў запаўняць. На той момант было ўжо 11:55, але зноў часам затрымання пазначана 11:20».

12 мая адбыўся суд па артыкуле 24.23. Паколькі Бокун прыцягваўся па ім не ўпершыню, то судзілі па трэцяй частцы, суддзя даў найбольшы магчымы тэрмін — 30 сутак. «Мая віна заключалася ў запісе відэазвароту да беларусаў, дзе я віншую людзей з Днём Волі. Запіс адбываўся 23 сакавіка, увагу грамадскасці я не прыцягваў, нічога не выкрыкваў. Але суд праходзіў стандартна, нічога новага».

Пратакол па артыкуле 24.57 разглядаў намеснік начальніка Салігорскага РАУСа Канапацкі. «Ёсць спіс артыкулаў, якія могуць разглядаць не суддзі, а начальнікі і намеснікі начальнікаў РАУСаў. Суд праходзіў за закрытымі дзвярамі, я падпісваў дакумент аб неразгалошванні. Магу толькі сказаць, што мяне абвінавачвалі ў арганізацыі фонда дапамогі бастуючых шахцёраў. Вынік — 10 базавых штрафу».

Толькі 31 мая прайшоў суд па «непадпарадкаванні». Анатоль Бокун зазначае, што было шмат нестыковак і парушэнняў, бачыў гэта і суддзя. Напрыклад, міліцыянеры блыталіся ў паказаннях аб тым, з якога менавіта боку сядзеў у аўтамабілі Бокун і аб якую сядушку трымаўся. «Цікава, што на першым паседжанні адсутнічаў пратакол затрымання. Мне здаецца, што яго шукалі па ўсіх цёмных кутках у пастарунку, бо ён быў скамечаны і добра так папрасаваны».

Да 1 чэрвеня Анатоль знаходзіўся ў ІЧУ Салігорска, а ад 1 чэрвеня да вызвалення — у Старых Дарогах. Пра быт у ізалятары мужчына не надта хоча гаварыць. «У нас у краіне нічога не мяняецца, там таксама. Мабыць, стала крыху больш жорстка, у Салігорску зусім не выдавалі матрацы, не аддавалі перадачкі. Палітычных болей не было. Кантынгент такі, што дома паскандаліў, і яго здалі ў міліцыю. Гэта не марское ўзбярэжжа, дастаткова цяжка. Людзі, якія прайшлі праз калоніі і турмы, казалі, што гэта барак узмоцненага рэжыму і ў калоніі ў такі адпраўляюць за нейкія парушэнні. Здароўе — наколькі магчыма, яно прысутнічае».

Анатоль Бокун кажа, што найбольш цяжкім была адсутнасць інфармацыі. Толькі адзін раз у камеру да яго трапіла газета «Аргументы і факты». Тым не менш нешта атрымлівалася пачуць і па радыё, як пра пасадку ў Мінску самалёта Ryanair. «Я адразу падумаў, што кагосьці будуць здымаць з рэйса, а каго менавіта, дазнаўся толькі праз пару тыдняў».

Цяпер Бокун хвалюецца за сваю пасеку, ён бортнік-пачатковец. Нават на судзе прасіў адкласці пакаранне хаця б да 20-х чыслаў мая, калі скончыцца перыяд раявання ў пчол. У Анатоля 15 пчаліных сем’яў, і мёд — гэта ледзьве не адзіная магчымасць зарабіць грошы. У бліжэйшыя дні Бокун плануе ацаніць, у якую шкоду на пасецы яму выліліся 45 сутак арышту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?