Славамір Равіч

Гаворка пра Славаміра Равіча, які нарадзіўся ў 1915-м у Пінску. У 1937-м яго прызвалі ў польскае войска. Славамір служыў у кавалерыі, кватараваўся ў Брэсце. У пачатку Другой сусветнай ваяваў з немцамі. Пасля паражэння Польшчы вярнуўся ў Пінск, дзе яго арыштаваў НКУС.

Равіч сцвярджаў, што яго адправілі на 25 гадоў у ГУЛАГ, адкуль ён уцёк разам з групай паплечнікаў. Яны дабраліся спачатку да Байкала, потым праз Манголію трапілі ў Тыбет і ў Гімалаі. У выніку ў 1942-м частка падарожнікаў дабралася да Індыі.

Адтуль Равіч трапіў у Польскі корпус Уладзіслава Андэрса, якія фарміраваўся ў Іране. Пазней яго адправілі ў Палесціну і ў Вялікабрытанію.

У 1950-я гады з пінчуком сустрэўся англійскі журналіст, які запісаў яго расповед.

Так выйшла кніга «Доўгі шлях», якую пераклалі на 25 моў, у тым ліку і на беларускую — перастварэнне ажыццявіў Віталь Абрамовіч. Агульны наклад кнігі склаў паўмільёна экзэмпляраў. Пазней з’явіўся фільм «The Way Back», зняты па бестселеры.

Равіч памёр у Вялікабрытаніі ў 2004-м. Яму было 88 гадоў.

Яшчэ пры жыцці Равіча не ўсе верылі гэтай гісторыі. Пасля смерці яе вырашылі праверыць. Журналісты Бі-бі-сі адправілі запыты ў архівы Расіі, Польшчы, Беларусі.

Высветлілася, што ураджэнца Пінска вызвалілі з ГУЛАГа ў 1942-м. Якраз тады адбылася амністыя польскіх салдат, якім дазволілі ўступіць у армію Андэрса. То бок ён не мог ажыццявіць гэты пабег.

Таксама высветлілася, што Равіч трапіў у ГУЛАГ за забойства супрацоўніка НКУС. Сам герой не тлумачыў у кнізе прычыны свайго арышту.

Кніга Славаміра Равіча

Але ў кнізе Равіча хапае дэталяў падарожжа. Магчыма, хтосьці здзейсніў яго, а Славамір скарыстаўся фактамі?

Праз пяць гадоў пасля смерці Равіча іншы ўраджэнец Рэчы Паспалітай, Віталь Глінскі, заявіў, што ў кнізе апісаная яго гісторыя, якую скраў Равіч. Але ніякіх доказаў не прадаставіў.

Магчыма, з часам высветліцца сапраўдны герой, які адолеў тысячы кіламетраў. Але сюжэт Равіча, які матываваў тысячы людзей змагацца за свабоду, варты таго, каб з ім пазнаёміцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0