«Нюрнбергскі працэс» Стэнлі Крамера (1961)

«Адна з найвялікшых юрыдычных карцін у гісторыі» паказвае так званыя Малыя нюрнбергскія працэсы, якія адбываліся пасля судоў над кіраўніцтвам Трэцяга рэйха і разбіралі справы драбнейшых функцыянераў. Адзінаццаць намінацый на «Оскар» і дзве статуэткі. Класічны галівудскі рэжысёр Стэнлі Крамер. Цудоўны акцёрскі склад, дзе Спэнсэр Трэйсі, Бэрт Ланкасцер, Марлен Дзітрых, Джудзі Гарленд і Максіміліян Шэл, што сыграў адваката і атрымаў за гэтую ролю «Оскар». Трохгадзінны чорна-белы фільм паказвае, наколькі шматмернай з’явай аказаліся суды над нацыстамі, якія настроі былі вакол іх у грамадстве і ў палітыкаў і як самі немцы ставіліся да свайго мінулага.

«Нюрнберг» Іва Сімано (2000)

Двухсерыйны тэлефільм з Алекам Болдуінам у галоўнай ролі паказвае першы і ключавы судовы працэс над нацысцкімі злачынцамі ў Нюрнбергу. Абвінавачанымі на Міжнародным ваенным трыбунале выступілі дваццаць чатыры нацысцкія кіраўнікі, сярод якіх Герман Герынг, Марцін Борман, Ёахім фон Рыбентроп альбо такія асобы, як прэзідэнт Рэйхсбанка Вальтэр Функ і галоўны рэдактар штотыднёвіка Der Stürmer Юліус Штрэйхер. Галоўным абвінаваўцам стаў амерыканскі пракурор Боб Джэксан, які прыляцеў у разбураны Нюрнберг, а там усё закруцілася-завярцелася амаль на год. Серыял паказвае судовыя пасяджэнні, на якіх абвінавачаныя апраўдвалі свае дзеянні, вечарыны ў пасляваенным горадзе і нават рамантычную лінію. «Нюрнберг» атрымаў прэмію «Эмі» як найлепшы міні-серыял.

«Меркаванні бакоў» Іштвана Саба (2001)

Ужо ў 1946 годзе падчас працэсу дэнацыфікацыі амерыканская акупацыйная ўлада завяла справу на вялікага дырыжора Вільгельма Фуртвенглера, каб вызначыць яго датычнасць да злачынстваў нацысцкага рэжыму. Аўтараў «Меркаванняў бакоў» цікавіць не суд, а следства, якое вёў маёр Сціў Арнольд разам з двума нямецкімі памочнікамі. Праз гэты працэс рэжысёр выводзіць вонкі невырашальныя пытанні, створаныя ў пачварных сістэмах. Перадусім, ці вінаваты Фуртвенглер, які супрацоўнічаў з рэжымам і іграў для Гітлера альбо не. Апытанні сведак, выяўленне даносчыкаў у аркестры, размовы з самім дырыжорам — усё вакол вызначэння, наколькі датычны да злачыннага рэжыму сам з’яўляецца злачынцам. Следчага ў фільме іграе Харві Кейтэль, а дырыжора — вядомы шведскі акцёр Стэлан Скарсгард.

«Чытальнік» Сцівена Долдры (2008)

Гэты фільм патрэбны для разумення, колькі складаных, выкручастых, мудрагелістых сюжэтаў можа адбывацца ў падобныя насычаныя і трагічныя часы. У вучня апошніх класаў здараецца раман з прыгожай і старэйшай за яго незнаёмкай. Аднойчы незнаёмка знікла, але за адведзены час паўплывала на жыццё хлопца і яго асобу скрышальна. Студэнтам юрыдычнага інстытута галоўны герой раптам бачыць сваё першае каханне на лаве падсудных на судзе над былымі наглядчыцамі са складу СС. І вось жанчына, якая сыграла ледзь не ключавое значэнне ў яго жыцці, шчыра і прастадушна адказвае на пытанні суддзі, датычныя смерці трохсот вязняў. Галоўныя ролі ў фільме выконваюць Рэйф Файнс і Кейт Уінслет.

«У лабірынце маўчання» Джуліа Рычарэллі (2014)

У свой час Германія высунула гэтую карціну на прэмію «Оскар» як магчымы «найлепшы фільм на замежнай мове». Стужка расказвае пра следства, што папярэднічала так званым «Асвенцымскім працэсам» у Франкфурце-на-Майне ў 1960-х. На лаве падсудных тады аказаліся супрацоўнікі Асвенцыма. Малады пракурор, які ніколі не чуў пра гэты канцлагер, пачынае адкрываць для сябе дзіўны новы свет і выяўляць, што злачынцы, датычныя да смерцяў соцень тысяч людзей, ходзяць на волі, свабодна перасякаюць нямецкую мяжу і нават вучаць дзяцей у школах. Пры падтрымцы генеральнага пракурора ён бярэцца за следства, якое само па сабе выяўляе, як старанна забываецца мінулае і як шмат у Германіі 1960-х сіл, для якіх такія працэсы непажаданыя.

«Дзяржава супраць Фрыца Баўэра» Ларса Краўмэ (2015)

Фрыц Баўэр, які і сам пабываў у канцлагеры, у якасці генеральнага пракурора рабіў усё магчымае, каб нацысцкія злачынцы адказвалі за свае дзеянні перад законам. Менавіта ён дамогся правядзення «Асвенцымскіх працэсаў», а таксама перадаў у Ізраіль звесткі пра месцазнаходжанне Адольфа Эйхмана, адказнага за «канчатковае вырашэнне яўрэйскага пытання». Фільм расказвае пра Баўэра ў часы, калі ўся краіна марыла пра эканамічны росквіт, калі былыя нацысты былі размеркаваныя па дзяржаўных пасадах, калі звычайныя людзі не хацелі ведаць такія словы, як Асвенцым. І калі настойлівы Баўэр быў у полі адным воінам, але дамагаўся таго, каб нацысцкае мінулае не забывалася.

«Шоу Эйхмана» Пола Эндру Уільямса (2015)

Адольф Эйхман, адказны за знішчэнне шасці мільёнаў яўрэяў, пасля Другой сусветнай вайны схаваўся ў Аргенціне. У 1960 годзе агенты ізраільскай выведкі выкралі яго і прадставілі перад ізраільскім судом. Рэзанансны суд над Эйхманам стаў своеасаблівым шоу. Кінематаграфісты атрымалі дазвол здымаць працэс і трансляваць яго на тэлебачанне. Такім чынам у 37 краінах гледачы ўбачылі ахвяр нацысцкай Германіі ў якасці сведак і пачулі, праз што яны прайшлі ў канцэнтрацыйных лагерах. «Шоу Эйхмана» паказвае няпросты і небяспечны працэс арганізацыі «шоу» прадзюсарам Мілтанам Фручтманам і рэжысёрам Леа Гурвіцам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0