Гадавы курс прэпарату, распрацаванага кампаніяй Biogen, будзе каштаваць 56 тысяч даляраў. Акрамя гэтага, неабходна будзе рэгулярна рабіць здымкі галаўнога мозга і наведваць доктара. Па ацэнках экспертаў, агулам курс лячэння для аднаго пацыента каштаваць каля 100 тысяч даляраў штогод, піша The Wall Street Journal.

Аналітыкі падлічылі, што гадавы продаж наватарскіх лекаў перавысіць 5 мільярдаў даляраў, а некаторыя эксперты ў сферы аховы здароўя перакананыя, што гэтая лічба будзе ў некалькі разоў вышэйшай.

У большасці выпадкаў курс лекаў будзе аплачвацца за кошт Medicare — нацыянальнай праграмы медыцынскай страхоўкі ў ЗША. Праграма пакрывае лячэнне людзей, старэйшых за 65 год, і ахоплівае большасць з 6 мільёнаў амерыканцаў, якія пакутуюць ад хваробы Альцгеймера. Каб пазбегнуць фінансавага ўдару ад новых лекаў, Medicare прыйдзецца абмежаваць доступ да адухельму.

Да таго ж, сама кампанія Biogen заявіла пра намер на гэтым этапе абмежаваць колькасць пацыентаў тымі, хто мае раннюю стадыю хваробы Альцгеймера з лёгкімі сімптомамі.

«Я не ўяўляю, як мы зможам дапамагчы ўсім пацыентам, якія хочуць прайсці курс лекаў», — адзначае Рычар Айзэксан, дырэктар клінікі па прафілактыцы хваробы Альцгеймера ў Нью-Ёрку. Па словах доктара, першыя тыдні пасля ўхвалення адухельму былі самым напружанымі ў яго прафесійнай кар’еры. Каля 200 пацыентаў патэлефанавалі ці даслалі электронны ліст ў клініку, каб запытацца пра прыём новых лекаў.

Ухваленне прэпарату выклікала спрэчкі ў медыцынскай супольнасці ЗША. Некаторыя эксперты перакананыя, што неабходна правесці дадатковыя даследаванні, каб даказаць эфектыўнасць лекаў. Больш за тое, прыняцця прэпарату павышае рызыку інсульту. І, тым не менш, людзі, якіх кранае раней невылечная хвароба і іх сваякі, хапаюцца за гэтую надзею як за саломінку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0