Маніторынг месцаў зняволення — даўняя праблема ў Беларусі. Фармальна пры Міністэрстве юстыцыі створаны грамадскія назіральныя камісіі, але назваць іх незалежнымі складана. Па-першае, усе візіты ў папраўчыя ўстановы загадзя ўзгадняюцца з адміністрацыяй і Дэпартаментам выканання пакаранняў. Па-другое, сябры камісіі камунікуюць з асуджанымі ў прысутнасці адміністрацыі, людзі баяцца скардзіцца, каб умовы не сталі яшчэ горшымі. Па-трэцяе, высновы камісіі з'яўляюцца толькі рэкамендацыйнымі. Тым не менш пакуль гэта адзіная магчымасць прадстаўнікам грамадскасці, а не сілавых структур трапіць за калючы дрот, каб убачыць, у якіх умовах знаходзяцца зняволеныя.
Практычна паўтара года Рэспубліканская грамадская назіральная камісія наогул не магла працаваць: у калоніі і турмы не пускалі, спасылаючыся на складаную эпідэміялагічную абстаноўку. 24 чэрвеня камісію запрасілі ў папраўчую калонію №17 у Шклове. Ініцыятарам быў Дэпартамент выканання пакаранняў МУС, якому падпарадкоўваюцца ўсе папраўчыя ўстановы.
— Наш візіт рыхтаваўся за некалькі тыдняў, таму спантанным яго, вядома, не назавеш, — кажа старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэта Алег Гулак. Разам з ім у Шклоў прыбылі старшыня камісіі Таццяна Краўчанка, яна ўзначальвае грамадскае аб'яднанне «Беларуская асацыяцыя шматдзетных бацькоў», і прадстаўнік Міністэрства юстыцыі. Астатнія сябры камісіі прыехаць не змаглі.
Па словах Алега Гулака, маніторынг праходзіў даволі стандартна, нічым не адрозніваўся ад наведвання іншых калоній.
— Нас усюды суправаджалі прадстаўнікі адміністрацыі ПК, гаварыць з асуджанымі мы можам толькі ў прысутнасці супрацоўнікаў калоніі, такія нормы ўведзены для камісіі, — тлумачыць праваабаронца. — Асаблівых скаргаў у асуджаных не было, але, вядома, ёсць сумневы, наколькі адкрыта яны могуць казаць, улічваючы, што побач стаяць прадстаўнікі ПК. Падчас нашага візіту стаяла страшная спёка. Але ў калоніі, у адрозненне ад СІЗА, адкуль паступае шмат скаргаў, умовы лепшыя. Па-першае, няма такой цеснаты людзей. Па-другое, асуджаныя могуць перамяшчацца па тэрыторыі, выходзіць на вуліцу. Па-трэцяе, памяшканні праветрываюцца. Кандыцыянераў няма, але хоць бы адчыняюцца вокны. У медчасці, куды мы таксама заходзілі, быў адзін асуджаны сталага веку з цеплавым ударам, яму аказвалі дапамогу.
Фота: hrodna.life
Суразмоўца адзначае, што ў шклоўскай калоніі паступова паляпшаюць умовы ўтрымання: ідзе рамонт, закупляецца новая тэхніка і мэбля.
— Бачна, што там сапраўды імкнуцца палепшыць умовы. У сталовай усё чыста, стаіць сучасная тэхніка. Асаблівых скаргаў на ежу не паступала. Але, зразумела, многія зыходзяць з таго, што атрымліваюць ад родных вялікія прадуктовыя перадачы, — працягвае прадстаўнік Беларускага Хельсінкскага камітэта. — Сёлета запушчаны анлайн-сэрвіс, дзе родныя могуць замовіць перадачу. Гэта істотна спрашчае жыццё. Таксама ў калоніі робяць акцэнт на развіцці дыстанцыйнага навучання.
Алег Гулак задаваў пытанне з нагоды смерці палітвязня Вітольда Ашурка, які памёр у ПК.
— Пра Ашурка ніхто не хацеў гаварыць. Мне адказалі, маўляў, Следчы камітэт праводзіць праверку, таму нам не будуць паведамляць ніякіх падрабязнасцяў. Мы заходзілі ў ШІЗА, дзе быў Вітольд, гэта тое самае памяшканне, якое паказана на відэа, якое апублікаваў СК. На момант нашага візіту ў штрафных ізалятарах было два асуджаныя, яны чакалі пераводу ў турму — за парушэнні ім змянілі рэжым адбыцця пакарання. Скаргаў у іх не было. Але паўтару: у момант зносін побач стаялі супрацоўнікі калоніі. Таксама я падняў пытанне аб каляровых нашыўках, якія павінны насіць палітвязні. Мне растлумачылі, што гэта такая форма кантролю. Калі чалавек схільны да экстрэмізму, нападу на супрацоўнікаў папраўчай установы, ён атрымлівае каляровую нашыўку. Я так і не знайшоў адказу на пытанне, як гэтае пытанне рэгламентавана, як вырашаюць: вешаць на асуджанага нашыўку ці не. Зыходзячы з практыкі, вынікае, што сам факт асуджэння па пэўных артыкулах, дзе фігуруе палітычная актыўнасць, з'яўляецца падставай так пазначаць людзей. Падчас нашага візіту кінулася ў вочы, што людзі з каляровымі нашыўкамі заўсёды навідавоку: калі ідзе атрад, яны — у першых шэрагах.
На сайце Міністэрства юстыцыі адзначана, што скаргаў ад асуджаных не паступала, «разам з тым членамі назіральнай камісіі была адзначана неабходнасць надаць большую ўвагу працы псіхолагаў з асуджанымі, правядзенню комплексу мерапрыемстваў па фарміраванні законапаслухмяных паводзін, умацаванні сацыяльна карысных сувязяў, мінімізацыі здзяйснення імі паўторных злачынстваў, зацікаўленасці ў атрыманні адукацыі».
Фармулёўка аб працы псіхолагаў — агульная рэкамендацыя, растлумачыў Алег Гулак:
— Такую рэкамендацыю мы даём пасля наведвання практычна кожнай калоніі. ПК у Шклове разлічана на 1300 асуджаных, цяпер там знаходзіцца 1160, то-бок перанаселенасці няма, мы сапраўды бачылі пустыя ложкі. Але псіхолагаў там усяго некалькі чалавек. Пры такім раскладзе не можа быць і гаворкі аб якаснай індывідуальнай працы. І мы заўсёды падымаем гэтае пытанне, таму што трэба рыхтаваць людзей да жыцця пасля вызвалення, з імі павінны рэгулярна працаваць псіхолагі.





