Абвінавачаная і пацярпелы ў судзе

Справу вяла суддзя Алена Нямкова, бок дзяржабвінавачвання прадстаўляў пракурор Дзмітрый Яфімаў. Пацярпелым па справе праходзіў маёр міліцыі з Драгічынскага РАУС Юры Чарнышкоў.

Абвінавачаная абараняла сябе сама, ад паслуг адваката адмовілася.

Паводле абвінавачвання, Таццяна Дзямідчык 14 жніўня 2020 года пакінула каментар у сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» пад фота Юрыя Чарнышкова. Згодна з ацэнкай эксперта, каментар утрымліваў негатыўную ацэнку супрацоўніка міліцыі.

На строгім прысудзе для Дзямідчык міліцыянер не настойваў, але запрасіў кампенсацыю нанесенай маральнай шкоды ў памеры 2000 рублёў, бо моцна пацярпеў яго імідж.

Аказалася, што пад фота з выявай Чарнышкова, было пакінута 97 каментароў, усіх вінаватых ён збіраецца знайсці і прыцягнуць да адказнасці. Суд над Таццяна Дзямідчык — гэта ўжо пяты працэс, дзе Юры Чарнышкоў праходзіць пацярпелым.

Абвінавачая пагадзілася з выплатай кампенсацыі, але адзначыла, што сума для выплаты вельмі вялікая, бо яе заробак складае толькі 250 рублеў.

Пасля азнаямлення з пісьмовымі матэрыяламі справы, пракурор Дзмітрый Яфімаў у спрэчках бакоў прасіў прызначыць пакаранне для Таццяны Дзямідчык у выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову тэрмінам на адзін год і шэсць месяцаў, а таксама задаволіць іск на кампенсацыю маральнай шкоды з прынцыпаў разумнасці і справядлівасці.

У выніку суд пастанавіў прызнаць Таццяну Дзямідчык вінаватай у здзясненні злачынства па арт. 369 Крымільнага кодэкса і пакараў яе 1,5 «хатняй хіміі». Акрамя таго жанчына павінна выплаціць кампенсацыю пацярпеламу ў памеры 1500 рублёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0