Каля крыжа ўначы з 2 на 3 ліпеня
Падчас урачыстасцей у Будславе перад Нацыянальным санктуарыем Маці Божай Будслаўскай быў выстаўлены крыж, выраблены з абгарэлых бэлек і фрагментаў медзі з даху святыні, знішчанага пажарам 11 мая.
Перад крыжам змешчана таблічка з надпісам: «Боль і ахвяра. Крыж зроблены з гістарычных абвугленых бэлек згарэлага даху Будслаўскай базылікі».
Побач знаходзіцца яшчэ адзін крыж з назваю «Памяць і ўдзячнасць», які да пажару захоўваўся за галоўным алтаром святыні. Ён быў зроблены ў 2007 годзе ў Вільні з гістарычных бэлек, знятых з даху віленскага кляштара айцоў бэрнардынаў, пабудаванага ў 1507 годзе побач з касцёлам святой Ганны.
Гэтыя бэлькі былі вычасаны з дрэваў, якія больш за пяцьсот гадоў таму раслі ў пушчы на берагах ракі Сэрвач, дзе манахі для іх нарыхтоўкі заснавалі паселішча з «будаў», гэта значыць буданоў, шалашоў — сённяшні Будслаў.
Бэрнардыны сплаўлялі драўніну па Сэрвачы і іншых рэчках у Вілію, а па ёй — у Вільню, дзе яе выкарыстоўвалі для будаўніцтва кляштара.
Падчас яго рэстаўрацыі на пачатку ХХІ стагоддзя частка бэлек была заменена, а з гістарычнага дрэва быў зроблены крыж, які ў гонар 500-годдзя Будслава на маторных лодках даставілі ў нацыянальны санктуарый.
Крыж з абвугленых бэлек з даху базылікі формай і памерамі паўтарае крыж, прывезены з Вільні.
Пілігрымы збіралі грошы на адбудову Будслава. Агульная лічба сабраных грошай набліжаецца да мільёна рублёў.
Чытайце таксама: Біскуп Буткевіч патлумачыў, які знак паслаў Беларусі Бог пажарам у Будславе





