«Сусветная арганізацыя аховы здароўя прапанавала ўсім краінам уступіць у структуру «Ковакс». Умова ўдзелу была перадаплата будучых вакцын. Мы прыглядаліся, аналізавалі і вырашылі не спяшацца з уступленнем у «Ковакс». Як аказалася, правільна зрабілі: ні ў адной краіне гэтая ініцыятыва не запрацавала. Напрыклад, Вялікабрытанія ўнесла перадаплату і па гэтай праграме вакцыну не атрымала», — сцвярджае Алена Богдан.

А як насамрэч?

Што такое «Ковакс»?

Богдан кажа, што ўмова ўдзелу ў структуры — перадаплата будучых вакцын. Але насамрэч краіны, што развіваюцца, рэцыпіенты, атрымліваюць вакцыны бясплатна.

«Ковакс» з'яўляецца глабальнай ініцыятывай, мэта якой паскорыць распрацоўку і вытворчасць вакцын ад COVID-19 і забяспечыць іх дастаўку да краін з нізкім і сярэднім узроўнем даходу.

«Ковакс» — сумесная ініцыятыва Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, Цэнтра па забеспячэнні гатоўнасці да эпідэмій і інавацыях (CEPI), Gavi, the Vaccine Alliance і ЮНІСЕФ, Дзіцячага фонду Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. «Ковакс» быў створаны ў красавіку 2020 года.

Грошы на куплю вакцын ахвяруюцца ў асноўным урадамі багатых заходніх краін і дабрачыннымі арганізацыямі, такімі як Фонд Біла і Мелінды Гейтс.

Некаторыя багацейшыя краіны, такія як Канада і Мексіка, таксама атрымліваюць вакцыны па гэтай праграме. Але, у адрозненне ад бяднейшых краін, вакцыны яны атрымліваюць не бясплатна, а за грошы.

Ініцыятыва не запрацавала?

Запрацавала. «Ковакс» ажыццявіў сваю першую дастаўку ў краіну, што развіваецца, яшчэ 24 лютага.

З таго часу 134 краіны атрымалі 95 мільёнаў вакцын.

Сярод еўрапейскіх краін вакцыны атрымалі Азербайджан, Грузія, Косава, Малдова, Чарнагорыя, Паўночная Македонія, Сербія, Украіна.

Напрыклад, Украіна ўжо атрымала 590 850 доз Pfizer-BioNTech (зарэзервавала 1 064 700), а таксама 1 072 800 AstraZeneca (зарэзервавала 1 776 000).

Малдова атрымала 108 000 AstraZeneca і 125 190 Pfizer-BioNTech.

І Украіна, і Малдова, як і большасць іншых краін у рамках ініцыятывы, усе вакцыны атрымалі бясплатна.

Вялікабрытанія па гэтай праграме вакцыну не атрымала?

Рэч у тым, што Брытанія, як багатая краіна, у гэтай ініцыятыве выступае не рэцыпіентам, а донарам-фундатарам. На вакцыны для бедных краін і краін з сярэднім узроўнем даходаў яна ахвяравала 733 мільёны даляраў. Зрэшты, Брытаніі і не трэба больш вакцын. На сёння ў гэтай краіне вакцынаваныя адной дозай каля 67% насельніцтва — гэта значыць, практычна ўсе дарослыя, якія хацелі прышчапіцца. Для параўнання, па словах Алены Богдан у Беларусі вакцынаваныя ад кавіду каля 10% насельніцтва.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру