Шостага ліпеня ўладам Францыі і Парыжа быў прад’яўлены судовы іск. Прычына — небяспечны ўзровень свінцовага пылу вакол сабора на фоне наступстваў разбуральнага пажару двухгадовай даўнасці.

Справа прадстаўленая на разгляд юрыстамі аднаго з мацнейшых прафсаюзаў краіны, а таксама асацыяцыяй па ахове здароўя і мясцовымі жыхарамі. Істцы абвінавачваюць улады ў тым, што яны не адрэагавалі на рызыку забруджвання тэрыторыі свінцом і ў выніку падверглі жыцці людзей небяспецы, піша france24.com.

Згодна з істцамі, 15 красавіка 2019 года, калі ў саборы здарыўся пажар, 400 тон свінца з яго даху былі расплаўленыя ці рассеяныя над французскай сталіцай у выглядзе мікрачасцінак. У выніку небяспецы падвергліся дзеці ў дзіцячых садах і школах, супрацоўнікі і простыя людзі, якія жывуць недалёка ад Нотр-Дама.

Істцы падкрэсліваюць, што, нягледзячы на памер пажару і веданне пра рызыку забруджвання, на працягу больш чым трох месяцаў пасля здарэння ўлады нічога не прадпрымалі, каб абараніць людзей. Толькі праз нейкі час пасля пажару ўлады вычысцілі ад пылу тэрыторыі школ, што знаходзяцца блізка да сабора. Дзеці і цяжарныя жанчыны, якія жывуць недалёка ад месца здарэння, былі павінныя таксама здаць аналіз крыві. У маі гэтага года праз высокі ўзровень таксічных свінцовых часцінак для наведвальнікаў была закрытая плошча перад саборам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0