Гаворка ідзе пра выступ Лукашэнкі на мерапрыемстве 3 ліпеня мемарыяльнага комплексу «Курган Славы». Ён, у прыватнасці, заявіў, што пачата расследаванне злачынстваў нацыстаў у Беларусі, каб даказаць «Халакост беларускага народа»: «Яўрэі ж змаглі гэта даказаць. Увесь свет сёння схіляецца перад імі, нават баяцца пальцам на іх паказаць».

Міністэрства замежных справаў Ізраіля заявіла ў аўторак, што каментары Лукашэнкі былі «непрымальнымі».

Намеснік генеральнага дырэктара аддзела Еўразіі і Заходніх Балкан Міністэрства замежных спраў Ізраіля Гэры Карэн выклікаў часовага кіраўніка пасольства Беларусі ў Ізраілі для размовы.

Падчас Халакоста ў Беларусі было забіта каля 800 000 яўрэяў (90% яўрэйскага насельніцтва). У той час як у некаторых іншых краінах мясцовае насельніцтва дапамагала нацыстам забіваць мясцовых яўрэяў, беларусы гэтага не рабілі, адзначае ізраільскае выданне, і некаторыя групы нават дапамагалі абараняць яўрэяў.

Гэта не першы выпадак, калі беларускага палітыка падазраюць у антысеміцкіх выказваннях.

У 2015 годзе Лукашэнка раскрытыкаваў Сямёна Шапіру, тагачаснага губернатара Мінскай вобласці, за тое, што ён не ўзяў беларускіх яўрэяў «пад кантроль».

«Я вас прасіў год таму, даручыў усіх яўрэяў узяць пад кантроль у Беларусі. І нават Павел Ізотавіч не абураўся, а Зісер ніяк не можа. Ніяк не можаш ты гэтага чалавека нармалізаваць. Паглядзі ўважліва», — сказаў Лукашэнка, звяртаючыся да кіраўніка Мінскай вобласці Сямёна Шапіры.

У 2007 годзе МЗС Ізраіля ахарактарызавала выказванні Лукашэнкі пра стаўленне яўрэяў да прыроды абразлівымі і антысеміцкімі. Пасол Беларусі ў Ізраілі быў выкліканы ў МЗС для тлумачэнняў.

Скандал здарыўся пасля таго, як падчас прэс-канферэнцыі на радыё палітык сказаў: «Калі вы былі ў Бабруйску, вы бачылі, у якім стане горад? Страшна было зайсці, свінушнік быў. Гэта ў асноўным яўрэйскі быў горад, вы ведаеце, як яўрэі ставяцца да месца, дзе яны жывуць. Паглядзіце ў Ізраілі, я вось быў…»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0