Вольга Раковіч

Вольга Раковіч

— Маці працавала ў рэстарацыі, але пасля пайшла на бухгалтарскія курсы, перавучылася і недзе з 25 год аказвае бухгалтарскія паслугі, — расказвае старэйшая дачка Кацярына. 

У Вольгі, карэннай мінчанкі, трое родных дзяцей. Малодшаму сыну — 16. Калі дамоў прыйшлі з ператрусам, сын быў у кватэры, але яго разам з бацькам папрасілі сысці. Ім давялося чатыры гадзіны прасядзець у чаканні ў душнай службовай машыне.

— На вуліцы стаяла спёка +33 градусы, а мы з 10 да 14 гадзін былі запакаваныя ў аўто. Калі нас выпусцілі і мы зайшлі ў хату, дык убачылі там чаканы вэрхал і нечаканую адсутнасць маіх, накопленых за 42 гады працоўнага інжынернага стажу, асабістых зберажэнняў: 1,5 тысячы даляраў і 12 тысяч еўра, — расказвае муж Вольгі Віктар Савіцкі.

Асвоіла дайвінг, марыла скокнуць з парашутам

Віктар пазнаёміўся з Вольгай 27 год таму, для яе шлюб з ім стаў другім. Мужчына згадвае, што гэта было каханне з першага погляду.

— Ведаеце, ёсць проста вашы людзі. Вось яна мая жанчына. Разам нам заўсёды цёпла і ўтульна.

Калі ў 2005 годзе Віктар патрапіў у сур’ёзную аўтааварыю, Вольга стала асноўнай здабытчацай у сям’і і рабіла ўсё, каб паставіць мужа на ногі.

— На яе лёс выпала цяжкае выпрабаванне: ёй давялося ўтрымліваць нас усіх і дбаць пры гэтым пра сябе. Яна шмат год рабіла ўсё дзеля таго, каб айчым паправіўся і вярнуўся да нармальнага жыцця, — расказвае Кацярына.

У перапынках паміж працоўнымі справамі Вольга любіць чытаць фантастыку. А калі адпраўляецца ў адпачынак, то абавязкова з прыгодамі: у Егіпце, напрыклад, яна асвоіла дайвінг. 

— А яшчэ мама марыла скокнуць з парашутам, — кажа Каця.

У чэрвені перанесла аперацыю 

Літаральна ў сярэдзіне чэрвеня Вольга перанесла няпростую аперацыю. Цяпер сям’я перажывае, што затрыманне можа кепска адбіцца на яе здароўі.

— Мама — вельмі моцны чалавек і можа нікому не сказаць, што вось у яе была аперацыя, што ў яе рэабілітацыя павінна быць і лекі. Але гэта трэба агучыць! — заклікаюць сваякі.

Затрыманне — палітычна матываванае

З Таццянай Гацура-Яворскай Вольга пазнаёмілася праз дзяцей — яны суседзі, жывуць у Сухараве.

— Мая дачка і яе сын аднаго ўзросту, і калі былі малыя, то сябравалі. Памятаю, калі ў сям’і Волі здарылася бяда — муж трапіў у цяжкую аўтакатастрофу, — я прачытала пра гэта ў «Нашай Ніве» і перадала невялікія грошы, якія збіралі людзі ў дапамогу. Першае ўражанне ад знаёмства: Воля — вельмі мэтанакіраваны чалавек з жалезнай воляй і пры гэтым вельмі мяккі ў стасунках з людзьмі. Я ведаю многіх людзей, якія часцяком звярталіся па яе парады як да прафесіянала, і яна заўсёды ўсім адказвала і падказвала абсалютна бясплатна. Сваё прадпрыемства бухгалтарскіх паслуг яна адкрыла якраз у цяжкі час для сям’і, калі муж рэабілітаваўся пасля аварыі, і гэта стала яе справай. Аказалася, што яна — эфектыўны менеджар. Яе затрыманне, я ўпэўненая, палітычна матываванае, бо Воля шмат гадоў працуе бухгалтарам у «Нашай Ніве» і прайшла дзясяткі праверак у розных прадпрыемствах, якія абслугоўвае. Яна заўсёды працавала ў межах закона, які добра ведала.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0