Палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман са скепсісам ставіцца да выказвання еўракамісара:

«Не думаю, што словы еўракамісара рэалізуюцца. Хутчэй за ўсё, яна не паглыблялася ў дэталі беларуска-еўрапейскіх адносін і дала стандартны ў такіх выпадках адказ: калі аднекуль ідзе міграцыйная праблема, то трэба рабіць больш жорсткімі візавыя патрабаванні. Амаль упэўнены, што выказванне будзе хутка аспрэчана альбо пра яго забудуць».

Шрайбман звяртае ўвагу, што калі беларусы пазбавяцца магчымасці атрымаць еўрапейскія візы, то гэта ніяк не адаб'ецца на патоках мігрантаў з Блізкага Усходу праз беларускую тэрыторыю.

З ім згодны і палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі:

«Калі выказванне пададзена ў СМІ карэктна, гэта выклікае здзіўленне. Якое дачыненне да візавай міграцыі мае нелегальная міграцыя?» 

Класкоўскі падкрэслівае, што ў беларусаў і так абмежаваныя магчымасці для падарожжаў. Ён мяркуе, што гэта меркаванне толькі адной еўракамісаркі: «Думаю, на ўзроўні ЕС яно не будзе прынятае». 

Дырэктар Інстытута палітычных даследаванняў «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч разглядае гэтую заяву як толькі адну з магчымых рэакцый Еўрапейскага Саюза на міграцыйны крызіс. І нагадвае, што еўрапейскія чыноўнікі ўжо рабілі заяву на гэты конт. Так, у чэрвені афіцыйны Мінск заявіў, што пачаў «рэалізацыю працэдуры спынення дзеяння» пагаднення пра рэадмісіі з ЕС. Што гэта такое? Беларусь абавязваецца прымаць назад сваіх грамадзян, калі ў іх няма права знаходзіцца ў ЕС, або грамадзян трэціх краін, якія ўехалі ў ЕС праз Беларусь. Пагадненне пра рэадмісію з’яўлялася ўмовай пагаднення аб спрашчэнне выдачы візаў (яно і прадугледжавала, што беларусы будуць плаціць за іх не 80 еўра, а 35).

Як нагадвае Казакевіч, у чэрвені 2021-га Еўрапейскі Саюз пацвердзіў, што прыпыненне пагаднення аб рэадмісіі не азначае аўтаматычнай прыпынення візавага пагаднення.

«Спадзяюся, што першая рэакцыя больш адпавядае палітыцы Еўрапейскага Саюза ў дачыненні да Беларусі», — кажа эксперт. 

Андрэй Казакевіч мяркуе, што пазіцыя еўракамісара Ілвы Ёхансан, выказаная зараз, не ўзгодненая з больш шырокай палітычнай супольнасцю ЕС.

«Натуральна, будзем назіраць за падзеямі ў дынаміцы, але мне здаецца, не апраўдана перакладаць адказнасць за гэты крызіс на беларусаў. Беларускія ўлады выкарыстоўваюць яго ў сваіх мэтах. Тым больш, што гэтыя ўлады не прызнаюцца з боку ЕС у якасці легітымных», — дадае Казакевіч.

Палітычны аглядальнік Вадзім Мажэйка мяркуе, што заяву Ёхансан «цяжка назваць гэта неяк іначай, як поўнае глупства»:

«Нелегалы на мяжы Літвы, згодна са звесткамі яе памежнага камітэта — гэта грамадзяне Іраку, Конга ды Камеруна, якія не маюць не тое што шэнгенскіх візаў, а часам нават і пашпартоў. Спыненне выдачы візаў грамадзянам Беларусі аніяк не паўплывае на гэтую сітуацыю, адно што ўскладніць жыццё простым людзям, якім трэба ў Еўрасаюз, у тым ліку, па гуманітарных прычынах. Таму пакараць беларусаў за міграцыйны крызіс, створаны ўладамі, — гэта нейкая логіка «бамбіць Варонеж».

Мажэйка упэўнены, што ў выніку гэтае рашэнне прынята не будзе, еўрапейскія краіны працягнуць выдачу візаў беларусам, «у тым ліку дзякуючы адвакацыі офіса Ціханоўскай».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0