«З пачатку 2021 года пяць адвакатаў былі выключаныя з адвакацкай супольнасці рашэннямі дысцыплінарных камісій за парушэнне патрабаванняў і ўмоў ажыццяўлення прафесійнай дзейнасці, — адзначае на сайце Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў старшыня дысцыплінарнай камісіі Таццяна Ткачонак. — Было і ёсць нямала крыўд з іх боку. Сваё стаўленне да ўжытых да іх дысцыплінарных спагнанняў асобныя, ужо былыя адвакаты, выказвалі публічна, у тым ліку ў сацыяльных сетках і іншых інтэрнэт-рэсурсах. Іх каментары не адпавядалі рэчаіснасці: скажалася пазіцыя дысцыплінарнай камісіі альбо сітуацыя падавалася неаб'ектыўна ў цэлым».

Яна кажа, што «любое рашэнне дысцыплінарнай камісіі заснавана на абароне інтарэсаў кожнага адваката і адвакацкай супольнасці ў цэлым». Перад рашэннямі аб выключэнні з адвакатамі гутарылі загадчыкі юрыдычных кансультацыяў, старшыні тэрытарыяльных калегій. Але «парушальнікі ў размовах разумелі і прызнавалі свае памылкі, абяцалі выправіцца, аднак ужо на наступны дзень працягвалі парушаць правілы прафесійнай этыкі».

«Рашэнне аб выключэнні адваката прымалася толькі тады, калі станавілася зразумела, што чакаць ад яго спынення парушэнняў правілаў прафесійнай этыкі не прыходзіцца, — кажа Ткачонак у сваім каментары. — Таму ўсім, хто выключаны з калегіі, варта крыўдзіцца толькі на сябе. Трэба зразумець, што ігнаруючы заканадаўства і грэбуючы правіламі супольнасці, да якой вы датычныя, ажыццяўляць прафесійную дзейнасць немагчыма».

Нагадаем, «за дыскрэдытуючыя дзеянні» без ліцэнзіі засталіся: 

Аляксандр Пыльчанка — абараняў палітвязняў Марыю Калеснікаву і Віктара Бабарыку;

Міхаіл Кірылюк — абараняў палітыка Юрыя Васкрасенскага, з’ехаў з Беларусі і далучыўся да Народнага антыкрызіснага ўпраўлення;

Людміла Казак — абараняла палітвязняў Марыю Калеснікаву і Ірыну Злобіну;

Максім Конан — абараняў пацярпелых ад дзеянняў сілавікоў пасля выбараў;

Алена Шынкарэвіч — абараняла пацярпелых ад дзеянняў сілавікоў пасля выбараў;

Юлія Леванчук — абараняла пацярпелых ад дзеянняў сілавікоў пасля выбараў;

Сяргей Зікрацкі — абараняў многіх журналістаў, якіх за працу кідалі на суткі, быў абаронцам палітвязняў Кацярыны Андрэевай і Алы Шарко;

Дзмітрый Лаеўскі — абараняў палітвязняў Віктара Бабарыку, Максіма Знака;

Андрэй Мачалаў — абараняў многіх журналістаў, якіх кідалі на суткі, быў абаронцам палітвязняў Кацярыны Барысевіч, Вольгі Залатар, Кацярыны Андрэевай;

Антон Гашынскі — абараняў палітвязняў Віктара Куўшчынава, Вольгу Філатчанкаву, Сафію Сапегу, Ягора Дуднікава.

Гэты спіс няпоўны, некаторыя адвакаты пасля пазбаўлення ліцэнзіі не захацелі гэта апублічваць. Тым не менш, яшчэ ніколі ў гісторыі Беларусі так масава не зачышчалі адвакатуру.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0