Валянцін Стэфановіч

Валянцін Стэфановіч

Першы ўдар — па вясноўцах

З раніцы сілавікі зацікавіліся праваабаронцамі. З ператрусам прыйшлі ў офіс «Вясны». Знікла сувязь з кіраўніком арганізацыі Алесем Бяляцкім. Толькі а 18 гадзіне стала вядома, што яго затрымалі. Крымінальную справу вядзе Цэнтральны апарат Следчага камітэту.

Супрацоўнікі ДФР Камітэта дзяржанктролю прыйшлі да юрыстаў Уладзіміра Лабковіча і Валянціна Стэфановіча, праваабаронцаў Алены Лапцёнак, Яўгеніі Бабаевай, журналіста і праваабаронцы Сяргея Сыса

Сілавікі правялі таксама ператрусы ў рэгіянальных праваабаронцаў — гаворка пра Алега Мацкевіча і Марыны Статкевіч (Барысаў), Ігара Казмерчака (Орша), Віктара Сазонава (Гродна), Аляксандра Дзергачова (Смаргонь).

Марына Статкевіч

Марына Статкевіч

Вядома, што Стэфановіча і Лабковіча пасля ператрусу завезлі ў Следчы камітэт на допыт, а пасля ўатрымалі на 72 гадзіны, прычым забралі і жонку Уладзіміра, Ніну Лабковіч, яна працуе выканаўчым дырэктарам асацыяцыі бізнес-анёлаў, без бацькоў засталіся трое непаўнагадовых дзяцей.

«Вясна» утварылася яшчэ ў 1996 годзе, гэта адна з самых аўтарытэтных праваабарончых арганізацыяў не толькі ў Беларусі, але і на ўсёй постсавецкай прасторы. У 2003-м улады яе ліквідавалі. З таго часу арганізацыя дзейнічае без рэгістрацыі.

Камітэт па правах чалавека ААН прызнаў, што пры ліквідацыі беларускія ўлады парушылі міжнародныя пагадненні, але афіцыйны Мінск адказаў, што гэтыя меркаванні з'яўляюцца толькі рэкамендацыйнымі.

Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі

У 2011-м кіраўніка арганізацыі Алеся Бяляцкага асудзілі на 4,5 гадоў па справе аб ўхіленні ад падаткаў. Праваабаронца віны не прызнаў, грошы, якія фігуравалі ў справе, датычыліся дзейнасці «Вясны», дапамогі беларусам, чые правы парушаліся. Бяляцкі быў прызнаны палітвязнем, ягонага вызвалення патрабавалі самыя аўтарытэтныя праваабарончыя арганізацыі ў свеце, ён быў намініраваны на Нобелеўскую прэмію міра. У 2014 годзе ўлады датэрмінова яго вызвалілі. 

Якія пытанні на гэты раз узніклі да вясноўцаў? Ператрусы ў праваабаронцаў праводзілі ў межах крымінальнай справы па арт. 342 КК (арганізацыя і фінансаванне групавых дзянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і па арт. 243 КК (ухіленне ад сплаты падаткаў).

Пад прыцэлам і Беларускі Хельскі камітэт

Гары Паганяйла

Гары Паганяйла

Сёння сілавікі прыйшлі і ў Беларускі Хельнкскі камітэт. Арганізацыя існуе з 1995 года. Яе мэта — абарона правоў чалавека ў Беларусі ў адпаведнасці з Хельнкскімі пагадненнямі. Апошнія былі падпісаныя яшчэ ў 1975-м, іх абавязваўся выконваць нават СССР, што, зрэшты, часта не дзейнічала на практыцы. Арганізацыяй кіруе Алег Гулак, ён таксама ўваходзіць у грамадскую камісію пры Мінюсце, якая займаецца маніторынгам калоній і турмаў у Беларусі, у БХК працуе адзін з самых вядомых праваабаронцаў Беларусі — Гары Паганяйла, які стаяў ля вытокаў беларускай адвакатуры.

Андрэй Палуда

Андрэй Палуда

Ператрус прайшоў у каардынатара кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання» Андрэя Палуды. Кампанія аформілася ў 2009-м. Яе заснавалі «Вясна» і БХК. Сілавікоў таксама зацікавіла яшчэ пляцоўка, дырэктарам якой з’яўляецца Андрэй. Гаворка пра «Тэрыторыю правоў», там праводзілі праваабарончыя і культурныя імпрэзы. 

Таксама сілавікі прыйшлі з ператрусам да брэсцкага праваабаронцы Кірыла Кафанава з арганізацыі Human Constanta, якая кансультуе па міграцыйным заканадаўстве, у тым ліку асобаў без грамадзянства, якія апынуліся ў Беларусі. 

У Кірыла правялі ператрус у межах загаданага арт. 342 КК, а таксама арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), забралі сістэмны блок камп’ютара, два ноўтбукі, два тэлефоны, нататнікі і працоўную дамову. Пасля ператрусу і размовы з супрацоўнікамі ГУБАЗіКа, якія яму прапаноўвалі запісаць відэа (ён адмовіўся), яго адпусцілі.

Вольга Смалянка

Вольга Смалянка

Прайшоў ператрус у дырэктара праваабарончай арганізацыі «Цэнтр прававой інфармацыі Lawtrend» Вольгі Смалянкі, а таксама ў офісе самой арганізацыі. Lawtrend дзейнічае з 1996 года, яго заснавала праваабаронца Алена Танкачова. Спецыялізацыя — дзейнасць няўрадавых арганізацый, Lawtrend дапамагаў НДА юрыдычнымі кансультацыямі.

Прыйшлі і да пісьменнікаў

Сілавікі таксама наведаліся і ў арганізацыю «Гендарныя перспектывы», якая займаецца супрацьдзеянне гандлю людзьмі і хатняму гвалту, выкараненне дыскрымінацыі па прыкмеце полу, у тым ліку на рынку працы. Арганізацыя шчыльна супрацоўнічала з Міністэрствам унутраных справаў. Па якой прычыне праводзіўся ператрус і дзе зараз супрацоўнікі НДА, пакуль невядома. 

Аператыўнікі ГУБАЗіК сёння наведалі офіс Саюза беларускіх пісьменнікаў і кватэру кіраўніка СБП Барыса Пятровіча. Афіцыйная прычына, па якой адбыўся ператрус, пакуль не агучаная. Летась Саюз выступаў з адкрытым зваротам «Хопіць гвалту, прыміце волю народа!», у якім асудзіў гвалтоўныя дзеянні з боку сілавых структур і прадстаўнікоў улады ў дачыненні да грамадзян, якія выходзяць на мірныя акцыі пратэсту. СБП заклікаў спыніць масавыя рэпрэсіі, пад адкрытым лістом падпісаліся больш за 200 беларускіх пісьменнікаў.

Супрацоўнікі ДФР прыйшлі ў праект «Имена» — дабрачынную некамерцыйную платформу. Яна збірае грошы на працу грамадскіх арганізацый, што вырашаюць сацыяльныя праблемы. Паводле папярэдняй інфармацыі, у офісе прайшоў ператрус, на які не пусцілі адваката. У офісе знаходзіліся дырэктарка «Имен» Кацярына Сяргеева і бухгалтарка Таццяна Аднавол. Таццяна зараз на волі, яна пад падпіскай аб неразгалошванні. Офіс «Имена» апячатаны. Ператрус прайшоў і ў кватэры дырэктара.

А далей — да палітычных рухаў і партыяў

Рыгор Костусеў. Фота Сяргея Гудзіліна

Рыгор Костусеў. Фота Сяргея Гудзіліна

Ператрусы праходзяць і ў палітычных арганізацыях. Гаворка пра Партыю БНФ — яе ўзначальвае Рыгор Костусеў, зараз ён знаходзіцца ў СІЗА па абвінавачванні ў спробе пераварота. Рух «За свабоду», якім кіруе Юрась Губарэвіч (пераемнік колішняга лідара апазіцыі Аляксандра Мілінкевіча). А таксама Аб'яднаную грамадзянскую партыю.

Таксама сілавікі прыйшлі да колішняга лідара АГП Анатоля Лябедзькі, да эканаміста Яраслава Раманчука — у мінулым экс-кандыдата ў прэзідэнты. Зрэшты, да выбараў Лукашэнка запрашаў яго на сустрэчы і нават даваў выказацца. Раманчук выступаў супраць еўрапейскіх санкцыі.

Якія яшчэ арганізацыі трапілі пад аблаву?

Сяргей Мацкевіч

Сяргей Мацкевіч

«Таварыстве беларускай школы» і цэнтр «Супольнасць», якімі кіруюць, адпаведна, Тамара і Сяргея Мацкевічы. Сілавікі прыехалі да іх у вёску, дзе яны адпачывалі. Наогул брэнду ТБШ ужо сто гадоў, Таварыства дзейнічала паміж сусветнымі войнамі ў Заходняй Беларусі. ТБШ аднавіла дзейнасць у 1996-м. Як адзначаў перакладчык Лявон Баршчэўскі, рэальная дзейнасць ТБШ «пачалася ў той час, калі ўсё беларускае падаўлялася, калі беларуская школа знішчалася». Цэнтра «Супольнасць» займаецца вывучэннем беларускай гісторыі і культуры, яго спрабавалі ліквідаваць яшчэ ў нулявыя, але да таго не дайшло. Пасля ператрусу ў вясковым доме Тамару адпусцілі, а Сяргея павезлі ў мінскую кватэру на ператрус. У пастанове на ператрус былі указаныя артыкулы 243 і 342 КК.

Ператрус прайшоў у «Фондзе імя Льва Сапегі», які займаўся тэмай мясцовага самакіравання. А таксама ў «Офісе еўрапейскай экспертызы і камунікацыі», адукацыйным цэнтр «Пост».

Цэнтр эканамічных даследаванняў BEROC, які праводзіў унікальныя эканамічныя канферэнцыі, быў суарганізатарам «Кастрычніцкага эканамічнага форума», таксама трапіў і спіс сілавікоў. 

Ператрус прайшоў у Згуртаванні беларусаў свету «Бацькаўшчына», якое аб’ядноўвае беларускую дыяспару. Яно ўзнікла ў 1990-м, яе першым прэзідэнтам быў Васіль Быкаў, цяпер арганізацыяй кіруе Алена Макоўская. Дарэчы, у апошнім з’ездзе «Бацькаўшчыны» прымаў удзел міністр замежных спраў Уладзімір Макей.

У офісе Беларускай асацыяцыі журналістаў сілавікі выбілі дзверы, калі прыйшлі з ператрусам. Нядаўна Мінюст запатрабаваў ад арганізацыі вялікі аб’ём дакументаў па яе дзейнасці. Зрэшты, праверкі пачаліся і ў адносінах іншых НДА, да якіх сёння ўжо прыйшлі з ператрусамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0