Заяўляем: «Наша Ніва» — незалежнае СМІ, у сваёй працы мы заўсёды кіраваліся законам і журналісцкімі стандартамі, мы ніколі не плацілі героям публікацый, не схілялі іх да аніякіх дзеянняў, мы аб'ектыўна асвятлялі тое, што адбываецца ў Беларусі і за мяжой.

Практыка допыту герояў публікацый у Беларусі не новая. З такім самым падыходам нядаўна сутыкнулася журналістка «Белсату» Валярына Кустава, якая асцерагаючыся палітычнага пераследу, была вымушаная з’ехаць з Беларусі. Героямі яе журналісцкіх матэрыялаў адразу ж зацікавіліся сілавікі. Як распавядала Валярына, іх схілялі да прызнанняў, што журналістка давала ім грошы за інтэрв’ю. Пазней «прызнальныя» аповеды з’явіліся ў прапагандысцкіх СМІ і тэлеграм-каналах.

Падобна, што тым жа шляхам сілавікі ідуць зараз па справе нашаніўцаў. Ад імя рэдакцыі заяўляем: «Наша Ніва» ніколі не плаціла героям публікацый і не вымушала іх займаць тую ці іншую палітычную пазіцыю, выданне не з’яўляецца палітычным гульцом, наша задача — праўдзіва асвятляць падзеі ў краіне і за мяжой. 

8 ліпеня ў нашым памяшканні прайшоў ператрус, сілавікі забралі тэхніку, дакументы, некаторую маёмасць сапсавалі. Пасля гэтага памяшканне было апячатанае. Сёння, 15 ліпеня, сілавікі зноў прыйшлі туды. 

Нагадаем, тыдзень таму былі затрыманыя галоўны рэдактар НН Ягор Марціновіч, галоўны рэдактар часопісаў «Наша гісторыя», «Дуду» і «Асцярожна: дзеці!» Андрэй Дынько, кіраўнік аддзела рэкламы і маркетынгу Андрэй Скурко, галоўны бухгалтар Вольга Раковіч. Усе яны праходзяць падазраванымі па ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя ці падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Па гэтым артыкуле асуджаныя многія ўдзельнікі акцый, што праходзілі да і пасля выбараў у Беларусі, праваабаронцы лічаць такі пераслед палітычна матываваным. 

Адзначым, што закон «Аб СМІ», закон «Аб масавых мерапрыемствах» дазваляе журналістам асвятляць масавыя мерапрыемствы, незалежна ад таго, санкцыянаваныя яны ці не. Праваабаронцы прызналі затрыманых нашаніўцаў палітвязнямі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0