«Лукашэнку трэба грошы, а прасіць асабліва больш няма ў каго, — лічыць былы пасол Беларусі ў Славакіі Ігар Ляшчэня. — Калі глянуць на тое, што нам паказалі з апошняй сустрэчы, то прамова Пуціна — гэта прамова крэдытора, які ацэньвае стан патэнцыйнага заёмшчыка: вось тут у вас паказчыкі на ўзлёце, а тут прасядаеце, але крэдыты плоціце спраўна, малайцы. Раней гаворка ішла пра кампенсацыю падатковага манеўра, то цяпер высвятляецца, што гаворка пра новы крэдыт, які трэба аддаваць. Гэта паказвае, што ніякай дармавой дапамогі не будзе. А калі і будзе, то толькі ў абмен на рэальную інтэграцыю. І калі ў адказ Пуцін і ўразіцца расповедамі аб сусветнай змове супраць Беларусі, спробах нібыта падпалу дома Гайдукевіча, то нарошчвацца будзе толькі супрацоўніцтва ў сферы бяспекі: мы бачым, што менш чым за месяц у Беларусі пабываў і кіраўнік ФСБ, і кіраўнік Рады бяспекі. Калі нехта думае, што Лукашэнка паедзе і «здасць Беларусь», то, відаць, гэта не зусім так — працэс здачы суверынітэту доўгі, складаецца з мноства крокаў і рашэнняў. Але тое, што адбываецца, аслабляе і краіну і цяперашнюю ўладу». 

Ляшчэня не бачыць сувязі паміж прыездамі ў Мінск гасцей з расійскіх органаў бяспекі і павышэннем градуса рэпрэсіяў у Беларусі. 

«Думаю, што і рэпрэсіі, і міграцыйны крызіс — гэта рашэнні гаспадара палаца незалежнасці, але, калі разабрацца, то ў выніку робіцца гэта ў інтарэсах расійскага партнёра, ім выгадна абвастрэнне, якое ўціскае Беларусь у Расію». 

 Яшчэ адзін дзейсны беларускі дыпламат, які папрасіў не называць імя, лічыць, што Расія хоча пераўтварыць Беларусь у Чачню з правам голаса ў ААН. 

«Падарожжы Лукашэнкі да Пуціна выглядаюць як справаздачы падпарадкаванага свайму начальніку, бо візітаў у адказ не наносіцца, хаця яны і анансуюцца — напрыклад, Пуціна нібыта чакалі ў Брэсцкай крэпасці ў чэрвені. Відаць, яму гэта ўжо проста нецікава. Гэта вынік стратэгічных памылак, якія дапусціў Лукашэнка з 2019 года, калі пагадзіўся на перамовы аб паглыбленнай інтэграцыі. Цяпер мы маем сітуацыю, калі паміж Пуціным і Лукашэнкам ўсталяваліся асабістыя стасункі тэт-а-тэт. Існуе комплекс вусных дамоўленасцяў, пра якія ведаюць толькі два чалавекі. Усё гэта адбываецца на фоне дэфолта права і знешняй палітыкі Беларусі, то бок нашай дзяржаўнасці. Калі так справа будзе ісці далей, Лукашэнка будзе вымушаны вывозіць грошы ад Пуціна ў чамаданах.

Гледзячы на вынікі перамоў, Масква не настроена аказваць шырокую дапамогу Лукашэнку. Нейкая сімалічная дапамога будзе, але лячыць хваробы беларускай гаспадаркі рускія не стануць. Трэба разумець, што $1,5-3 млрд — вялікія грошы для Беларусі, але цалкам дапушчальныя для Расіі. Выглядае, што паміж прагматычным і аўтарытарным падыходам да Беларусі ў Расіі перамог трэнд на падтрымку дыктатур, за якім стаіць Патрушаў і Нарышкін. Я думаю, у бліжэйшыя гады Масква будзе імкнуцца пераўтварыць Беларусь у Чачню з правам голасу ў ААН. І тут пытанне, як далёка гатовы пайсці Захад для павелічэння кошту утрымання аўтарытарнага рэваншыста для Расіі», — мяркуе дыпламат.

Палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман жа мяркуе, што за сустрэчамі Пуціна і Лукашэнкі ў рэальнасці нічога не стаіць, бо яны так і не пагаджаюцца на ўмовы адзін аднаго.

«Лукашэнка хоча падтрымкі палітычнай і эканамічнай, палітычную ён атрымлівае, а вось з эканамічнай тугавата — па гэтае і ездзіць. З вынікаў — ніякай канкрэтыкі. Тое, што агучваецца, «дасягаецца» не першы раз, аб падатковым манеўры ніякіх ясных дадзеных: у якой форме кампенсацыя? Новыя крэдыты? Новае павелічэнне доўга? Я думаю, што бясплатныя грошы могуць быць толькі ў выпадку нейкіх рэальных крокаў па здачы суверынітэту, і я не выключаю, што Лукашэнка можа гэтыя «дарожныя карты» і падпісаць. Іншая справа, што потым пачнецца гандаль за іх выкананне, як адбылося з дамовай аб Саюзнай дзяржаве. Рэзюмуючы, за гэтымі сустрэчамі, апроч антызаходніх пасажаў, нічога не стаіць, практычных вынікаў мы не бачым», — кажа Шрайбман. 

«Наша Ніва» таксама папрасіла пракаментаваць беларуска-расійскую актыўнасць былога часовага паверанага ў справах Беларусі ў Швейцарыі Паўла Мацукевіча

«Тэхнічныя аспекты — ці была сустрэча запланавана за дзень ці за дзесяць, якія шмат абмяркоўвалі, у дадзеным выпадку, на мой погляд, другасныя. У нас у краіне амаль ваенае становішча, і стасункі з Расей ужо мала нагадваюць адносіны дзвюх незалежных дзяржаў, таму што інакш візітамі б абменьваліся, — лічыць Мацукевіч. — З нядаўніх часоў усё кантакты Лукашэнкі і Пуціна за выключэннем хіба што узаемных віншаванняў са святамі або нядаўняга форуму рэгіёнаў носяць незапланавы экстраны характар. З верасня мінулага года ад Расіі экстрана патрэбныя падтрымка і грошы. У цэлым, і тое, і іншае Лукашэнка ад Пуціна атрымлівае, і падстаў меркаваць, што падтрымка спыніцца, у мяне няма. Лукашэнка вырашае свае задачы, галоўная з якіх — захаваць уладу. Менавіта на гэта працуе рэпрэсіўная машына. Градус у адносінах з Захадам падымаецца, і Расія як раз той бок, які ў гэтым больш за ўсё зацікаўлены. Без падтрымкі Расеі гэты крызіс так далёка не зайшоў бы. Магчыма, сёння менавіта далейшая канфрантацыя з Захадам з'яўляецца ўмовай падтрымкі Расіяй захавання ўлады Лукашэнкі. Хаця залежнасць, на маю думку, тут двухбаковая. У любым выпадку, праблема не ў градусе канфлікту з Захадам, а ў яго кошце для Беларусі і беларусаў. Ён вылічваецца ў працэнтах да валавага ўнутранага прадукту, у страце незалежнасці і бясконцых паламаных лёсаў беларусаў», — лічыць Мацукевіч. 

І, нарэшце, негатыў ва ўсіх сэнсах у гэтых візітах бачыць памочнік Святланы Ціханоўскай па міжнародных пытаннях Валерый Кавелеўскі

«Тэрміновасць сустрэчы паказвае, што стратэгіі ўрэгулявання палітычнага крызіса ў Беларусі ў Лукашэнкі няма, плана наперад няма. Ёсць толькі адзін чалавек, да якога ён можа прыйсці і абмеркаваць свае праблемы — гэта Пуцін. Ніякіх ідэй, як адбудаваць адносіны з грамадствам, у яго няма, таму гэтыя сустрэчы выглядаюць як сеансы псіхатэрапіі. Ну і мы не ведаем, пра што яны гавораць, усё сцісла і закрыта. Анансаваныя «дамоўленасці» пра нейкую крэдытную падтрымку толькі дэманструюць уразліваць лукашэнкаўскай эканомікі, якую ўвесь час трэба напампоўваць знешнімі рэсурсамі. Тое, што Пуцін у адной лодцы з Лукашэнкам, не вельмі добрая навіна, бо Расія магла б заняць больш прадуманую пазіцыю і не падтрымліваць тактыку выпаленай зямлі, якую Лукашэнка ажыццяўяе, імаверна, у рамках даказвання Расіі, што ў яго ўсё пад кантролем. Але гэта пагражае Расіі застацца ў баку ад вырашэння беларускага крызіса», — сказаў Кавалеўскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0