Нашаніўцы 12-ы дзень сядзяць на Акрэсціна без гігіенічных сродкаў, дадатковай ежы і пітва, нягледзячы на спёку. Пра такую арганізацыю побыту расказвалі і людзі, што пабывалі на сутках за грамадскую пазіцыю. Ці адсочвае Чырвоны Крыж, каб іх дапамога трапіла да вязняў? Ці размаўлялі яны з адміністрацыяй Акрэсціна на гэты конт?
Прэсс-служба арганізацыі коратка пракаментавала: для гэтага яны не маюць паўнамацтваў па законе. «У нас няма доступу ў турмы для маніторынгу любога роду».
Адзначым, што першы намеснік Генеральнага сакратара Беларускага Чырвнога Крыжа Іна Лемяшэўская ўваходзіць у склад камісіі пры Мінюсце, якая займаецца маніторынгам месцаў абмежавання і пазбаўлення свабоды.
Беларускі Чырвоны Крыж перадае дапамогу ў 37 ізалятараў. Апроч Акрэсціна, гэта Валадарка, адзін ІЧУ ў Магілёўскай вобласці, 2 — у Віцебскай, 5 — у Гомельскай, 5 — у Брэсцкай, 9 — у Мінскай, 13 — у Гродзенскай.
У наборы для асуджаных уваходзяць мыла, шампунь, зубная паста, шчоткі, пракладкі, туалетная папера, вільготныя сурвэткі, кнігі, адзенне, вада і прадукты, маскі і антысэптыкі.
Па падліках арганізацыі з мінулага жніўня да чэрвеня ў ізалятары было перададзена больш за 8100 гігіенічных набораў, 2950 прадуктовых набораў, 2930 літраў вады, 2400 адзінак адзення і абутку. Але што з гэтага атрымалі затрыманыя, застаецца загадкай.





