Газпрамбанк нібыта згодны на продаж дачкі, бо «не бачыць сэнсу ў валоданні банкам, які не можа нармальна дзейнічаць».
Два месяцы таму, 27 мая, членам дырэктарскай рады Белгазпрамбанка стаў Аляксандр Казначэеў — намеснік старшыні праўлення Маскоўскага крэдытнага банка. У беларускім банку, на пасадзе незалежнага дырэктара і старшыні аўдытарскага камітэта, ён атрымаў усю аўдытарскую дакументацыю Белгазпрамбанка.
Па інфармацыі крыніц «Нашай Нівы», на цяперашні момант бакі не могуць згандлявацца па цане.
Раней агенцыя Bloomberg абвінавачвала МКБ у дапамозе «Раснафце» абыходзіць заходнія санкцыі («Раснафта» не можа прыцягваць фінансаванне, даўжэйшае за 30 дзён).
Механізм быў такі: банк МКБ выконваў функцыі легальнай «пракладкі» і прадаваў свае аблігацыі на заходніх рынках, а потым з гэтых грошай нібыта крэдытаваў «Раснафту» на доўгі тэрмін.
Апроч таго, уласнік МКБ, Раман Аўдзееў, апошнім часам актыўна аб’ядноўвае актывы з «ГК Регион» — кампаніяй, якая стала ўласнікам Гуцэрыеўскага НПФ «Сафмар» і называецца ў расійскіх СМІ структурай, блізкай да Ігара Сечына, бо кіруе пенсійнымі актывамі «Раснафты».
У Нацбанку інфармацыю аб меркаваным продажы «Нашай Ніве» не сталі каментаваць увогуле ніяк, на аналагічнае пытанне ў самім Белгазпрамбанку адказу таксама не было.





