«Я ніколі не хацеў застацца і жыць у Беларусі так, як хачу гэтага зараз, — кажа палітвязень. — І хоць з 18 чэрвеня мінулага года [дзень, калі яго затрымалі сілавікі] я не бачыў краіны, разумею: вобраз будучай Беларусі, які ёсць у мяне ў галаве, падзяляе вельмі шмат людзей». 

А вось што дадае адвакат Наталля Мацкевіч, якая бачылася з палітыкам 2 жніўня:

«Цудоўнае пачуццё гумару — пры ім! Кажа, што ідэя стварыць ЗК-банк не прайшла, прыйшлося змяніць прафесію. Падкідвае дроўцы ў пякарні, апальшчык. Перадае: «Мае працоўныя подзвігі здымаюць на відэа».

Нагадаем, экс-кіраўнік Белгазпрамбанка і былы прэтэндэнт на прэзідэнцкіх выбарах Віктар Бабарыка быў асуджаны на 14 гадоў калоніі за атрыманне хабару і адмыванне грошай. З моманту затрымання і да апошняга слова ў судзе сваёй віны не прызнаў, у адрозненне ад астатніх фігурантаў справы, якім далі значна меншы тэрмін, а іх родныя звярнуліся да Лукашэнкі з просьбай аб памілаванні. Пакаранне Бабарыка адбывае ў папраўчай калоніі №1 у Наваполацку. 

Гэта калонія прымае толькі «першаходаў» — людзей, якія адбываюць пакаранне ўпершыню. 

Калонія №1 «новая». Раней пад Наваполацкам ужо была папраўчая калонія №10, але яе закрылі, і на месцы былога ЛПП, ужо ў самім горадзе, у 2017-м адкрылі калонію №1, якая разлічана прыкладна на 1,5 тысячы чалавек. Асуджаныя, якія праходзілі праз калонію ў Наваполацку, кажуць, што адносіны паміж зняволенымі і адміністрацыяй моцна зарэгламентаваныя нормамі, ніякіх паслабленняў, выкліканых чалавечымі пачуццямі, тут чакаць не выпадае. Апроч Бабарыкі, па даных «Вясны», у калоніі №1 цяпер адбываюць пакаранне 23 палітвязні, сярод якіх былы ваенны Дзяніс Урад і блогер Аляксандр Кабанаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0