«Сёння ўсё залежыць ад Царквы.
Царквы ў шырокім сэнсе — як супольнасці вернікаў Ісуса Хрыста. Бог спытае за гэту зямлю з хрысціянаў. Такім чынам, тое, як паводзіць сябе Царква Беларусі, і ёсць вырашальным.
Па вялікім рахунку, Царква — гэта частка народа, адказная за веру. Без «верым» ня можа быць ані «можам», ані, тым больш, «пераможам».
Таму цяпер цяжкае маўчанне Царквы азначае толькі адно: агульнае пачуццё безнадзейнасці.
Слава Госпаду — ёсць «Новае жыццё» і тая частка Касцёлу, якая не баіцца свяціць. Ёсць некалькі іншых зіхоткіх евангельскіх цэркваў і іх кіраўнікоў. Ёсць асобныя праваслаўныя і грэка-каталіцкія святары, пастары і вернікі, што стаяць у праломе за Беларусь. Ёсць агульная малітва штодня а 21.00 і кругласуткавая эстафетная няспынная малітва за Беларусь, ёсць малітвы па цэрквах.
Але большая частка Царквы — і праваслаўнай, і каталіцкай, і евангельскай — на жаль, апускае вочы долу і робіць выгляд, што нічога не адбываецца.
Па веры вашай будзе вам, веруючыя беларусы!
Бог хоча вызвалення нашай зямлі ад беззаконня і зла — падзеі, адкрыцці і цуды летась пераканаўча пра гэта сведчаць.
Калі мы, беларускія хрысціяне, хочам таго ж — тады трэба:
1. Адкрыта, на поўны голас казаць праўду.
2. Выкрываць беззаконне і абараняць свой народ ад зла.
3. Весці людзей за Ісусам Хрыстом, Які гаворыць па-беларуску.
Бог не будзе рабіць беларускіх хрысціянаў вольнымі, адважнымі і шчаслівымі супраць іх волі. Некаторыя рэчы давядзецца рабіць самім. Менавіта гэта і значыць вера».
«Таму маліце Гаспадара жніва, каб вывеў працаўнікоў на жніво Сваё» (Мацвея 9:38)»
— гаворыцца ў звароце Паўла Севярынца.





