«Што тычыцца міжнароднага заканадаўства, асноўнае, што трэба ведаць, — існуе Канвенцыя аб статусе бежанцаў. І ёсць нормы ЕС, якія цалкам ёй адпавядаюць. Згодна з гэтымі нормамі, Літва павінна ўпускаць усіх, хто звяртаецца па міжнародную абарону, пачынаць працэдуру праверкі і высвятляць у гэтых людзей, ці патрэбны ім статус бежанца. Фармальна ў іх ёсць абавязак хаця б упусціць людзей у краіну», — распавядае юрыст праваабарончай арганізацыі Human Constanta Наста Лойка.

Мігрантаў, якіх вернуць у Беларусь, могуць трымаць у ізалятарах

Па словах эксперткі, у практыцы ўжо былі выпадкі, калі Літва не пускала ўцекачоў у краіну. 

«Мы кансультавалі людзей з Паўночнага Каўказа, якія транзітам ехалі праз Беларусь. Было некалькі інцыдэнтаў, калі іх не пускала Літва. Тады ў 2017 годзе супраць краіны была пададзеная скарга ў Еўрапейскі суд па правах чалавека. Праз год суд вынес рашэнне, што Літва парушыла заканадаўства: яе памежнікі павінны былі ўпусціць людзей і пачаць разбіральніцтва. У выніку мігрантам выплацілі кампенсацыю. Зараз Літва ўпускае людзей, бо гэта цалкам адпавядае міжнароднай працэдуры. Калі яны перастануць гэта рабіць, то будуць вымушаныя адмовіцца ад міжнародных абавязкаў у гэтым кірунку і прыняць сваё ўнутранае заканадаўства. Зрабіць гэта вельмі складана. У гэтым сэнсе надзвычайнае становішча, пра якое вядзецца гаворка, было б магчымай падставай абмежавання правоў без парушэння заканадаўства.

Па словах Лойкі, калі Літва вырашае вяртаць мігрантаў назад, іх лёс будзе залежыць ад галоўнай акалічнасці — ці маюць яны пры сабе пашпарты.

«Калі ў іх на руках будуць дакументы, беларускія ўлады могуць выслаць гэтых людзей назад у тую краіну, чыімі грамадзянамі яны з’яўляюцца. Калі ж яны будуць без пашпартоў, то па працэдуры іх павінны затрымаць. Часцей за ўсё, мігрантаў трымаюць у ізалятары (у Мінску яны сядзяць на Акрэсціна — НН), пакуль краіна паходжання не пацвердзіць іх асобу. Толькі потым людзей высылаюць дадому. 

Суразмоўца дадае, што калі людзі прыязджаюць у Беларусь з беларускай візай, то фармальна яны могуць знаходзіцца на тэрыторыі краіны падчас тэрміна яе дзеяння, а потым легалізавацца тут праз працу, шлюб ці іншыя прычыны. Ёсць і другі варыянт — вярнуцца ў краіну паходжання ці паляцець у любую іншую краіну, калі гэта дазваляе зрабіць іх пашпарт. 

«Але існуе вялікая рызыка, што частка перавозчыкаў забіраюць дакументы гэтых людзей. І таму калі мігранты вярнуцца назад, у Беларусі іх будуць вымушаныя трымаць у зняволенні, нават калі яны будуць прасіць прадаставіць ім статус бежанца. Да таго ж, большасць з гэтых людзей прадаюць усю маёмасць у краіне свайго паходжання. У іх можа проста не быць грошай нават на квіток на самалёт. Хутчэй за ўсё, яны застануцца ў Беларусі і будуць чакаць паўгода, каб атрымаць тут прытулак. Галоўная праблема ў тым, што ўмовы, у якіх мігранты будуць заставацца ў Беларусі, вельмі кепскія. І я не думаю, што іх будзе гэта задавальняць», — дадае праваабаронца.

«Канфлікт можа перайсці ў сутыкненне памежнікаў»

Ваенны эксперт Ягор Лебядок мяркуе, што на прававым узроўні вяртанне мігрантаў у Беларусь з тэрыторыі Літвы цяпер праблематычнае, бо пагадненне аб рэадмісіі з Еўрасаюзам зараз прыпынена. 

«Але Літва, вядома ж, мае поўнае права на прадухіленне незаконнага перасячэння яе мяжы. Для гэтага заканадаўства краіны прадастаўляе права супрацоўнікам Памежнай службы ўжываць псіхалагічны і фізічны прымус, а таксама ў асобных выпадках зброю і выбуховыя рэчывы. І хаця са спазненнем, але кіраўніцтва Літвы прыйшло да такога падыходу — не вылоўліваць мігрантаў, а спыняць незаконнае перасячэнне мяжы, — разважае Лебядок. — Натуральна, вяртанне мігрантаў у Беларусь выкліча дадатковае напружанне ўжо сярод беларусаў. Многія мігранты не маюць сродкаў на вяртанне ў краіну выезду і вымушаныя будуць заставацца тут. У часткі з іх няма пашпартоў. Хтосьці з мігрантаў будзе проста блукаць па краіне з нарастаючай рызыкай супрацьпраўных дзеянняў. У нас ёсць пагадненне аб рэадмісіі з Турцыяй, праз якое частка мігрантаў свабодна прыязджае, але няма пагаднення з Іракам. І гэта ўскладняе іх вяртанне ў прававым плане. То-бок калі мігранты перастануць пераходзіць у Літву ці Польшчу, мы з вялікай верагоднасцю атрымаем праблемы, якія Лукашэнка хацеў бы пабачыць у Літве. 

Эксперт дапускае новыя канфлікты на беларуска-літоўскай мяжы і дадае, што яны могуць здарыцца, калі памежнікі Літвы пачнуць актыўна працаваць, а ў мігрантаў знікне магчымасць перайсці мяжу. 

«Тады ўжо нашы памежнікі будуць вымушаныя прымаць меры выправаджэння мігрантаў у Літву. Паміж памежнікамі можа ўзнікнуць канфлікт, у які бок адправіць мігрантаў з умоўнай нейтральнай паласы. І вядома, тут могуць пацярпець самі мігранты. Калі яны да таго ж будуць параненымі, то кожны з бакоў можа «скінуць» гэта на процілеглы. Пры пэўных умовах такі канфлікт можа перайсці і ў непасрэднае сутыкненне сілавікоў», — лічыць Лебядок. 

Эксперт дадае, што, калі абодва бакі адмовяцца прымаць мігрантаў, тыя будуць вымушаны заставацца на тэрыторыі Беларусі. 

«Вядома, што частка мігрантаў спрабуюць патрапіць у ЕС з-за добрай фiнансавай дапамогі ўцекачам. Лагічна, што праца ў Беларусі іх не зацікавіць, — дапаўняе Лебядок. — У выніку нашы ўлады могуць быць вымушаныя прадпрымаць не вельмі прававыя захады па іх выдварэнні з Беларусі альбо дамаўляцца з краінамі, адкуль яны прыехалі, каб яны змаглі вярнуцца на радзіму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?