Ігар Ільяш паведаміў, што на здароўе Кацярына, якая разам з Дар'яй Чульцовай была асуджана на два гады калоніі за экстрэмізм, не скардзіцца.
Ліст ад Юрыя Васкрасенскага з просьбай напісаць прашэнне аб памілаванні Кацярына атрымала, але не стала нічога на яго адказваць. Яе пазіцыя не змянілася — ніякага прашэння пісаць яна не будзе.
«3-4 жніўня ў нас з Кацяй адбылося першае за час яе зняволення доўгае спатканне. Гэта былі цудоўныя суткі — безумоўна, самыя шчаслівыя з моманту арышту Каці. Мы амаль адразу забыліся пра калючы дрот, платы і краты.
Мы цалкам пагрузіліся ў свет, створаны нашым каханнем. І свет гэты (я ў чарговы раз у гэтым пераканаўся) аказаўся абсалютна непрыступным для працяглай разлукі і наогул усіх выпрабаванняў, з якімі мы сутыкнуліся за апошні год.
Нядаўнія падзеі толькі памножылі нашыя эмоцыі: крыху больш за тыдзень таму я сядзеў на Акрэсціна, і мы нават не спадзяваліся, што гэтае спатканне ў выніку адбудзецца. Цяпер жа мы ўпершыню з лістапада апынуліся ў абдымках адно аднаго. Думаю, не кожнае рамантычнае падарожжа ў Парыж або Рым здольнае прынесці гэтак жа яркія пачуцці і эмоцыі, якія мы перажываем падчас гэтага спаткання ў калоніі.
Каця перадае ўсім прывітанне і просіць прабачэння, што не можа адказаць на кожны ліст. Каця не скардзіцца на здароўе, яна ўпэўненая ў сваіх сілах і глядзіць у будучыню з аптымізмам. І што вельмі важна: турма яе ніяк не змяніла.
«Мая задача — захаваць душу ад распаду і не дазволіць зоне пракрасціся ў мяне. Не стаць часткай выродлівага [турэмнага свету], а зрабіць трохі больш цудоўнай прасторы вакол сябе», — сказала яна».





