Каля пасёлка Наваколасава, што за 67 км ад Мінска, згодна з відэазапісамі CNN, з’явіўся лагер для зняволеных. У савецкі час на гэтым месцы было ракетнае сховішча. Тэрыторыя плошчай 81 гектар абнесеная трыма шэрагамі платоў з калючым дротам пад напружаннем. Вакол усталяваныя камеры відэаназірання, а на браме вісіць шыльда: «Уваход забаронены».

За плотам стаяць некалькі казарменных будынкаў, а па тэрыторыі ходзяць людзі ў камуфляжы. CNN адзначае, што журналістам не ўдалося трапіць на тэрыторыю пабудовы, і незразумела, ці ёсць там зняволеныя.

Фота CNN

Фота CNN

Мясцовыя жыхары называюць пабудову «лагерам». Нядаўна аднаму з жыхароў ваенны ахоўнік загадаў пакінуць тэрыторыю, калі ён падышоў бліжэй да лагера. «Мой сябар Саша, будаўнік, казаў мне, што яны адрамантавалі гэта месца. Там тры шэрагі калючага электрыфікаванага дроту. Я збіраў тут грыбы, але ахоўнік падышоў і сказаў, што тут хадзіць нельга», - адзначыў мясцовы жыхар CNN.

Фота CNN

Фота CNN

Супрацоўнік заходняй выведкі паведаміў CNN, што выкарыстанне аб’екта ў якасці лагера для палітзняволеных магчыма, але прамых доказаў гэтаму ў яго няма. Улады Беларусі не адказалі на запыт CNN пракаментаваць сітуацыю.

Прадстаўлены ў сюжэце аб'ект добра вядомы беларускім сталкерам, піша Zerkalo.io. Гэта былы 25-ы арсенал ракетных войскаў стратэгічнага прызначэння СССР, які размяшчаўся ў закрытым ваенным гарадку Стоўбцы-2. Зараз гэта сяло Навоколасава Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці.

Расповед пра комплекс таксама з'явіўся на тэлеканале АНТ. У сюжэце кажуць, што гэта рэжымны аб'ект. Тут захоўваюцца баявыя ўзоры зенітных ракет, радыётэхнічных войскаў і войскаў СПА. Беларускія рэпарцёры зайшлі ў будынкі комплекса, паказаныя ў сюжэце CNN. Аказалася, што гэта звычайныя службовыя і складскія памяшканні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0