Адна з самых гучных гісторый пераследу журналістаў у Расіі — справа Івана Галунова, якому падкінулі наркотыкі. Фота Яўгена Фельдмана, «Медуза» 

Адна з самых гучных гісторый пераследу журналістаў у Расіі — справа Івана Галунова, якому падкінулі наркотыкі. Фота Яўгена Фельдмана, «Медуза» 

У другой палове верасня там адбудуцца выбары ў Дзяржаўную Думу. Да выбараў расійская грамадзянская супольнасць, апазіцыя і незалежныя медыя падыходзяць абяскроўленымі. Адзін з галоўных расійскіх апазіцыянераў Аляксей Навальны сядзіць у турме, апазіцыйныя сілы, непадкантрольныя Крамлю, не дапускаюцца да выбараў, па ўсёй краіне знішчаюцца грамадскія арганізацыі, незалежныя расійскія медыя таўруюцца тэрмінам «иностранный агент» і блакуюцца. Хаця аўтарытарныя тэндэнцыі ў краіне пачалі праяўляцца яшчэ ў пачатку 2000-х гадоў, і пуцінскую Расію нельга было назваць дэмакратычнай краінай, але сёлетняе закручванне гаек і перакрыццё кіслароду незалежным СМІ з’яўляецца беспрэцэдэнтным за ўсю 30-гадовую гісторыю РФ. Так дрэнна, як цяпер, не было ніколі. Званні «иноагентов» і непажаданых арганізацый раздаюцца направа і налева, сотням незалежных журналістаў папросту няма дзе далей працаваць.

Як усё пачыналася

Наступленне на свабоду слова пачалося з самога пачатку царавання Пуціна, калі Крэмль узяў пад кантроль тэлекампанію НТВ.

У выніку змены ўласніка і сыходу многіх вядучых журналістаў змянілася рэдакцыйная палітыка гэтага тэлеканала, які, фармальна застаўшыся недзяржаўным, стаў цалкам залежным ад уладаў. Прычынай знішчэння НТВ стала незалежная інфармацыйная палітыка, якая не падпарадкоўвалася адміністрацыі Пуціна. Пасля гэтага закрыліся і тэлеканалы ТВ-6 і ТВС, на якіх працавалі былыя журналісты НТВ. За імі былі змены ў кіраўніцтве «Известий», «Ведомостей», Lenta.ru. Некалькі гадоў таму змянілася кіраўніцтва ў незалежнай медыягрупе РБК, а з якаснай расійскай газеты «Коммерсант» у 2019 годзе са скандалам звольніўся амаль увесь аддзел палітыкі. 

З 2012 года ў Расіі няўхільна становіцца больш жорсткай цэнзура інтэрнэту. З дапамогай мноства законаў, якія забараняюць розныя віды кантэнту, блакіруюцца і інфармацыйныя рэсурсы. Сярод першых заблакіравалі сайты ej.ru і grani.ru.

У 2021 годзе, пасля двух дзесяцігоддзяў пуцінскага кіравання, можна канстатаваць, што свабодная прэса ў Расіі знішчана практычна цалкам. У штогадовым Сусветным індэксе свабоды прэсы, які складаецца «Рэпарцёрамі без межаў», Расія займае 150-е месца са 180 (Беларусь — 158-е).

Пуцінская Расія за 20 гадоў выпрацавала некалькі форм падаўлення медыя, але цяперашняя сітуацыя прынцыпова новая: раней гаворка ішла пра рэйдарскія захопы незалежных медыя і перафарматаванне іхняй рэдакцыйнай палітыкі, цяпер жа Крэмль свядома штурхае СМІ да ліквідацыі.

Раней, каб памяняць рэдакцыйную палітыку, трэба было або перакупіць СМІ, або прарабіць даволі доўгі шэраг працэдур па яго ліквідацыі — выносіць папярэджанні, праходзіць праз суды, даказваючы іх абгрунтаванасць і зберагаючы выгляд законнасці. Цяпер незалежныя СМІ ў Расіі закрываюць па спрошчаных схемах.

«Замежныя агенты»

З 2012 года ў расійскім заканадаўстве з’явіўся тэрмін «замежны агент». Першапачаткова ў законе аб замежных агентах гаворка ішла пра няўрадавыя арганізацыі, што атрымліваюць фінансаванне з-за мяжы (такія як Amnesty International, Human Rights Watch, Transparency International). За апошнія гады законы змяніліся, і тэрмін пашырыў сваё выкарыстанне і на некаторыя СМІ, а таксама нават на асобных незалежных журналістаў. 

Паводле новага расійскага заканадаўства, сродак масавай інфармацыі можа быць прызнаны «замежным агентам», калі ён атрымлівае фінансаванне з-за мяжы.

Атрымаўшы статус «замежнага агента», СМІ павінны пазначаць усё, што яны публікуюць, — нават паведамленні ў сацыяльных сетках — працай замежнага агента, і штоквартальна прадстаўляць фінансавыя справаздачы ў Міністэрства юстыцыі. Памылкі ў бухгалтэрыі могуць пацягнуць за сабой штрафы і нават пазбаўленне волі.

Больш за тое, калі нейкае іншае медыя (не «замежны агент») піша ў сваім артыкуле пра СМІ-«иноагента», «неиноагент» таксама абавязаны ў кожнай нататцы пазначаць статус згаданага «замежнага агента». Патрабаванні да маркіроўкі настолькі складаныя, што яны робяць змест артыкулаў нечытэльным і руйнуе ўсю структуру сайтаў.

Вось як гэта выглядае:

Усё жыццё супрацоўнікаў СМІ — «замежных агентаў» стала кафкіянскім. Пскоўская журналістка Людміла Савіцкая кажа, што цяпер яна павінна дзяржаве падаваць справаздачу пра кожную капейку, якую патраціла яе сям’я. Штомесяц яна падае дакумент на 86 старонак, у якім апісвае кожную пакупку з сямейнага бюджэту (у тым ліку куплю сродкаў жаночай гігіены і лекаў для маці).

Праблемы ўзнікаюць не толькі прававога ці эканамічнага характару. Таўро «замежны агент» у рускай мове (у адрозненне ад іншых) мае моцны негатыўны падтэкст, тэрмін па сэнсе падобны да слова «здраднік», што служыць спосабам стыгматызацыі незалежных медыя.

Ні юрысты, ні самі СМІ да канца не разумеюць, як працуе гэты закон. Фізічныя асобы або арганізацыі, якія атрымліваюць «дапамогу з-за мяжы», як фінансавую, так і іншую, у тым ліку ад некамерцыйных арганізацый, расійскіх грамадзян ці «замежных агентаў», і займаюцца «палітычнай дзейнасцю», цяпер самі могуць разглядацца як «замежныя агенты». Паколькі гэтая «палітычная дзейнасць» не мае выразнага вызначэння, то любое праяўленне грамадзянскай пазіцыі можа быць аднесена да гэтай катэгорыі. Не даючы дакладных азначэнняў у гэтым законе, расійскія ўлады штурхаюць журналістаў да самацэнзуры.

Адно з найбуйнейшых рускамоўных інтэрнэт-выданняў «Медуза», зарэгістраванае ў Латвіі, ва ўсіх сваіх паведамленнях вымушана вялізным шрыфтам папярэджваць чытача, што канкрэтны матэрыял створаны СМІ-«иноагентом». Выданне цяпер павінна даваць справаздачу ўладам Расіі пра свае выдаткі. «Медуза» ўжо пачала губляць рэкламадаўцаў. Кіраўнікі выдання скарацілі журналістам заробкі і разлічваюць на ахвяраванні чытачоў.

«Мы сапраўды не ведаем, што рабіць далей», — так сканчае зварот да чытачоў галоўны рэдактар ​​»Медузы» Іван Калпакоў.

Рэкламадаўцы, нават калі яны і гатовыя працаваць з «замежнымі агентамі», проста не ведаюць, як гэта можна зрабіць легальна і не трапіць пад рэпрэсіі.

У сярэдзіне мая статус «замежнага агента» атрымала дзелавое выданне VTimes, якое было створана летам мінулага года выхадцамі з «Ведамасцяў» пасля змены галоўрэда. Праз некалькі тыдняў пасля занясення ў рэестр замежных агентаў выданне заявіла аб спыненні сваёй працы. Прычына таўравання гучыць абсурдна: хаця выданне зарэгістраванае ў Расіі і не атрымлівае грошы з-за мяжы, адміністратар сайта пражывае ў Нідэрландах. Статус «замежнага агента» разбурыў бізнэс-мадэль VTimes, а СМІ ствараўся менавіта як бізнэс. 

Цяпер у спісе СМІ-«иноагентов» знаходзяцца 34 медыякампаніі і фізічныя асобы. Першымі замежнымі агентамі сталі фінансаваныя Кангрэсам ЗША «Голас Амерыкі», «Радыё Свабода», тэлеканал «Настоящее время» і некалькі іх рэгіянальных праектаў. 

Расійскія структуры амерыканскага «Радыё Свабода» праз адмову рэгістравацца замежнымі агентамі атрымалі штрафаў на мільёны даляраў. Ужо некалькі месяцаў рэдакцыі амерыканскага радыё актыўна занятыя пераездам сваіх супрацоўнікаў з Расіі ў Кіеў і Прагу. Амерыканская медыякампанія мяркуе, што выканаць усе патрабаванні расійскага рэгулятара проста немагчыма. Сярод такіх патрабаванняў — маркіроўка з 24 слоў пасля загалоўка тэксту або 15 секунд перад кожным аўдыя або відэасюжэтам. 

У ліпені расійскі Мінюст унёс у свой рэестр «СМІ-иноагентов» The Insider. Гэты рэсурс сумесна з Bellingcat у канцы мінулага года апублікаваў журналісцкае расследаванне аб атручэнні апазіцыянера Аляксея Навальнага, у якім заяўлялася пра датычнасць расійскіх спецслужб. 

Закрываюцца СМІ і па эканамічных прычынах. Партал Newsru.com паведаміў пра сваё закрыццё з 31 мая.

«Пасля 2014 года стала зразумела, што карэнным чынам мяняецца не толькі геаграфія і знешняя палітыка, але і ўнутраная эканоміка», — гаворыцца ў заяве рэдакцыі.

Увесь архіў, назапашаны за 21 год працы, Newsru.com пакідае адкрытым.

Некалькі месяцаў таму з крамлёўскага пула выключылі тэлеканал «Дождь», які некалькі гадоў таму пазбавілі доступу да кабельных сетак. Рашэнне аб выключэнні канала з пула звязана з тым, што ён падрабязна асвятляў вяртанне апазіцыянера Аляксея Навальнага з Германіі і акцыі ў яго падтрымку.

Непажаданыя арганізацыі

Акрамя «замежных агентаў», у Расіі існуе іншы рэпрэсіўны закон — аб «непажаданых арганізацыях». Закон дазваляе Генпракуратуры ў пазасудовым парадку забараняць як «непажаданую» любую замежную або міжнародную арганізацыю, дзейнасць якой улады палічаць крыніцай пагрозы канстытуцыйнаму ладу Расіі, абараназдольнасці краіны або бяспецы дзяржавы. За «ўдзел у дзейнасці» такой арганізацыі можна атрымаць да шасці гадоў пазбаўлення волі.

Адно з галоўных расійскіх журналісцкіх выданняў у сферы расследаванняў «Праект» было дададзена 15 ліпеня ў спіс «непажаданых арганізацый». Гэта адбылося па ініцыятыве Генеральнага пракурора Расіі Ігара Краснова, якая грунтавалася на даносе дырэктара праўладнага «Федэральнага праекта па бяспецы і барацьбе з карупцыяй»: медыя абвінавацілі ў тым, што яно фінансуецца і кантралююцца Кангрэсам ЗША. 

Гэта першы выпадак, калі СМІ ў Расіі прызналі непажаданай арганізацыяй. Да гэтага часу такімі прызнавалі замежныя некамерцыйныя арганізацыі, а незалежныя СМІ ўносілі ў рэестр арганізацый, якія выконваюць функцыі замежнага агента.

Калі статус «замежнага агента» — дазволеная дзейнасць, абцяжараная дадатковымі абмежаваннямі, то прызнанне непажаданай арганізацыяй — гэта фактычна забарона любой дзейнасці.

Статус «непажаданай арганізацыі» таксічны. За супрацоўніцтва з ёй для расійскіх грамадзян устаноўлена адказнасць: спачатку адміністрацыйная, а потым — крымінальная. Пры гэтым што менавіта значыць «супрацоўнічаць» — незразумела, улады трактуюць закон як хочуць.

Рашэнне па «Праекце» было прынята на фоне яго рэзанансных журналісцкіх расследаванняў. Толькі за апошні год «Праект» выпусціў некалькі расследаванняў аб высокапастаўленых чыноўніках і бізнэсменаў, у тым ліку з атачэння прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна.

Адзін з самых нашумелых матэрыялаў «Праекта» быў прысвечаны акцыянеру банка «Расія» Святлане Крываногіх, дачка якой можа быць дачкой Пуціна.

4 жніўня ўлады заблакавалі тры звязаныя з апазіцыянерам Міхаілам Хадаркоўскім сайты — «Адкрытыя медыя», «МБХ медыя», праект «Праваабарона паштоўкі» і дзве старонкі арганізацыі «Адкрытая Расія». Расійскія ўлады патлумачылі, што абмежавалі «доступ да інфармацыйных рэсурсаў Open Russia Civic Movement і Open Russia» — гэтыя арганізацыі былі ў 2017 годзе прызнаныя ў Расіі «непажаданымі».

Журналісцкія праекты рэгулярна публікавалі расследаванні аб маёмасці Пуціна і ягоных хаўруснікаў, шырока асвятлялі масавыя пратэсты, карупцыю, пераслед грамадзянскіх і палітычных актывістаў і іншыя нязручныя для расійскай улады тэмы.

Міхаіл Хадаркоўскі напісаў, што далейшая праца ягоных праектаў звязана з занадта высокімі рызыкамі для журналістаў — ім ставяць у віну сувязь з «непажаданымі арганізацыямі», а па расійскіх законах гэта можа стаць прычынай крымінальнага пераследу. Замест закрытых выданняў Хадаркоўскі плануе запусціць новыя медыяпраекты. 

Крымінальны пераслед

Разам з тым журналісты аказаліся і пад звычайным прэсінгам. У пачатку красавіка супрацоўнікі ФСБ правялі ператрус у маскоўскага журналіста Рамана Аніна з-за яго расследавання пра кіраўніка «Раснафты» Ігара Сечына. У снежні 2020 «Важныя гісторыі» Рамана Аніна таксама апублікавалі матэрыял пра тое, як былы зяць Пуціна набыў за 100 даляраў акцыі нафтагазавай кампаніі, у кіраўніцтва якой ён уваходзіў, пры гэтым меркаваны кошт гэтых акцый ацэньваўся аўтарамі ў 380 млн даляраў.

Галоўны рэдактар ​​«Медыязоны» Сяргей Смірноў адседзеў 15 сутак у спецпрыёмніку за жартоўны твіт, у якім была напісана дата несанкцыянаванага мітынгу.

У сувязі з пратэстамі фактычна пад хатнім арыштам апынуліся чацвёра рэдактараў студэнцкага выдання DOXA. У Следчым камітэце Расіі лічаць, што яны зазывалі непаўналетніх на несанкцыянаваны мітынг за вызваленне Аляксея Навальнага. У гэтым відэа яны асуджалі спробы запалохвання адміністрацыямі школ і ВНУ, якія пагражалі навучэнцам наступствамі за ўдзел у пратэстах, і расказвалі пра тое, як маладыя людзі могуць рэалізаваць свае асноўныя правы на свабоду выказвання меркаванняў і свабоду сходаў.

За апошнія некалькі гадоў у Расіі было некалькі гучных спробаў крымінальнага пераследу журналістаў. Самыя вядомыя з іх — справы Івана Галунова і Івана Сафронава.

Журналіст і ваенны аглядальнік Іван Сафронаў, які працаваў у выданнях «Коммерсант» і «Ведомости», быў затрыманы ФСБ 7 ліпеня мінулага года па падазрэнні ў дзяржаўнай здрадзе. Яму выставілі абвінавачанне ў перадачы сакрэтных звестак чэшскім спецслужбам, якія, па версіі следства, завербавалі журналіста ў 2012 годзе.

6 чэрвеня 2019 года ў цэнтры Масквы па падазрэнні ў збыце наркотыкаў быў затрыманы карэспандэнт «Медузы» Іван Галуноў. Забароненыя рэчывы, са слоў паліцэйскіх, знайшлі ў заплечніку журналіста і пры вобшуку ў яго кватэры. Затрыманне журналіста дало старт маштабнай пратэснай кампаніі ў яго абарону. На фоне пратэстаў праз некалькі дзён пасля затрымання сілавікі спынілі крымінальны пераслед супраць журналіста.

Аляксандру Дорагаву і Яну Кацялеўскаму, якія знаходзяцца пад вартай ужо год, нядаўна зноў працягнулі тэрмін папярэдняга зняволення.

Двое намеснікаў галоўнага рэдактара незалежнага сайта расследаванняў «Росдержава» былі затрыманыя ў ноч з 28 на 29 ліпеня 2020 года ў Падмаскоўі. У іх затрыманні ўдзельнічала прыкладна 20 супрацоўнікаў расійскага спецназа. Іх абвінавачваюць у вымагальніцтве супрацоўніка дарожнай паліцыі ў абмен на спыненне крытычных публікацый пра яго.

Аляксандру Дорагаву і Яну Кацялеўскаму, якія апублікавалі ў прыватнасці расследаванні аб подкупе высокапастаўленых супрацоўнікаў паліцыі пахавальнымі кампаніямі, пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі. Яны перакананыя, што крымінальная справа супраць іх сфабрыкаваная з мэтай ім нашкодзіць.

А што кажа Крэмль?

Крэмль адмаўляе, што заканадаўства аб замежных агентах з'яўляецца цэнзурай, і Пуцін часта параўноўвае яго з законам ЗША аб замежных агентах. На паперы законы могуць быць падобнымі, але расійскія ўлады выкарыстоўваюць тэрмін «замежны агент», каб задушыць іншадумства.

Расійскія ўлады кажуць, што яны проста абараняюцца. Афіцыйны спікер МЗС Расіі Марыя Захарава адказвала, што «ўвесь апошні час ідзе сістэматычная маркіроўка амерыканскімі сацыяльнымі сеткамі ўсяго кантэнту, створанага замежнымі СМІ з аналагічнымі пазнакамі, што гэты рэсурс падтрымліваецца замежнымі ўрадамі». Расія толькі абараняецца, адказваючы на цэнзурныя інтрыгі Захаду, кажа яна. 

Прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў заявіў, што Крэмль не бачыць ніякіх абмежаванняў у дзейнасці СМІ — «замежных агентаў». «Забароны на вашу дзейнасць няма. Вы можаце працягваць сваю дзейнасць», — сказаў ён на прэс-канферэнцыі.

«СМІ, асабліва нашы новыя, хутка адкрываюцца і хутка закрываюцца — гэта пастаянная гісторыя і пастаянны працэс, — сказаў Пяскоў. — Заўсёды шкада, калі журналісцкія калектывы вымушаныя спыняць сваю працу, але мы не сумняваемся, што таленавіты журналісцкі калектыў заўсёды знойдзе месца».

Што далей?

У сённяшняй Расіі сфармавалася самая рэпрэсіўная атмасфера за ўвесь постсавецкі перыяд. Дзяржава самымі рознымі спосабамі спрабуе максімальна кантраляваць свабоду выказвання меркаванняў, свабоду сходаў і свабоду слова, каб выключыць незалежную крытыку, у тым ліку ў інтэрнэце. На гэтым фоне дзяржаўныя СМІ пераконваюць аўдыторыю ў дэструктыўнасці заходніх дэмакратый, нібыта зацікаўленых у дэстабілізацыі Расіі і ўсяго свету, заклікаюць мабілізавацца для супрацьстаяння гэтай міфічнай пагрозе і таўруюць іншадумцаў «агентамі ўплыву».

За апошнія 10 гадоў расійскае заканадаўства ў сферы масавай інфармацыі памянялася так моцна, што нават непалітычныя журналісты адчулі істотныя змены ў сваёй працы.

Цяперашняя атака на свабоду слова ў Расіі беспрэцэдэнтная за апошнія 30 гадоў, і тут можна правесці паралелі хіба што з часамі Аляксандра ІІІ.

Пераслед журналістаў звязаны ў першую чаргу з парламенцкімі выбарамі, запланаванымі на 19 верасня, але няма ніякіх гарантый, што пасля выбараў рэпрэсіі пойдуць на спад. Крэмль спрабуе купіраваць нават патэнцыйныя спробы пратэстаў, нягледзячы на тое, што расіян у выбарчым бюлетэні чакае і так вельмі стэрыльны спіс з альтэрнатыўных кандыдатаў. Галоўных крытыкаў Крамля да выбараў не дапусцілі, але стратэгія «Разумнае галасаванне» Аляксея Навальнага, якая прапануе расіянам галасаваць за наймацнейшых канкурэнтаў «Адзінай Расіі» (нават з партый-спойлераў), можа паказаць сябе на агульнарасійскіх выбарах, як ужо раней паказала сябе ў Хабараўскім краі і іншых расійскіх рэгіёнах. Гэта прымушае расійскія ўлады ўсур’ёз рыхтавацца да пратэстаў пасля выбараў, таму яны прэвентыўна і ўзяліся за СМІ.

Сродкі масавай інфармацыі ў аўтарытарнай Расіі сталі выконваюць выключна прапагандысцкую функцыю. А сумленная і прафесійная журналістыка сёння магчымая толькі з рэальнай рызыкай для жыцця, бо яна — адна з галоўных пагроз выбудаванай у Расіі сістэме ўлады. 

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?