Фота Depositphotos.com

Фота Depositphotos.com

Пасля таго як 40-гадовая медсястра з Ніжняй Саксоніі прызналася, што ўводзіла людзям фізраствор замест вакцыны ад каранавіруса, тысячы людзей запрасілі на трэцюю дозу ў якасці дадатковых мер, піша The New York Times. На паўторную вакцынацыю ўжо запісаліся 3600 чалавек.

Медсястра працавала ў невялікім цэнтры вакцынацыі Чырвонага Крыжа ў горадзе Шортэнс. У красавіку яна ўвяла шэсць доз фізраствору замест вакцыны. Першы час яна нікому пра гэта не казала, але 24 красавіка прызналася калезе ў падмене.

Сама медсястра патлумачыла гэта тым, што выпадкова разбіла ампулу з вакцынай, але не хацела «выглядаць здрадніцай», таму вырашыла нікому пра гэта не казаць і ўвесці людзям бясшкодны фізраствор. Па іншай версіі — медсястра баялася згубіць працу, бо нядаўна ўладкавалася ў цэнтр пасля доўгага перыяду беспрацоўя. Аднак пасля прызнання Чырвоны Крыж звольніў медсястру.

Аднак паліцыя мяркуе, што сястра магла сістэматычна падмяняць вакцыну на фізраствор. У сацыяльных сетках яна крытыкавала антыкавідныя абмежавальныя меры ўрада. Таму паліцыя дапускае, што медсястра магла быць супраць прышчэпак і рабіць гэта наўмысна.

Адвакаты медсястры настойваюць, што яе запісы ў сацыяльных сетках не датычыцца справы, бо з’яўляюцца праяўленнем свабоды слова. Прадстаўнік жанчыны сцвярджае, што медсястра нават спрабавала выправіць сітуацыю: замяніць разбітую ампулу рэшткамі вакцыны з іншых доз.

Улады Нямеччыны паклікалі на дадатковую вакцынацыю ўсіх, хто наведваў цэнтр з 5 сакавіка да 20 красавіка. У асноўным гэта пажылыя людзі, сацыяльныя работнікі і педагогі.

На медсястру завялі крымінальную справу, але цяпер, акрамя маніпуляцый з прышчэпкамі, жанчыну падазраюць у падробцы дакументаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0