Уладзімір Шыла

Уладзімір Шыла

«Мяне затрымалі 9 жніўня 2020. На наступны дзень быў суд, па двух пратаколах пакаралі 25 суткамі. Але ўсе я не дасядзеў, праз некалькі дзён пасля выбараў людзей пачыналі выпускаць, і праз тыдзень мяне таксама выпусцілі, — расказвае Шыла. — Але ж пазней зноў затрымалі з фармулёўкай, што тыя суткі ўсё ж трэба дасядзець. 

І першы, і другі раз я сядзеў у ізалятары ў Любані. Сядзеў разам са старшынёй Беларускага незалежнага прафсаюза Мікалаем Зіміным і страйкоўцам «Беларуськалія» Анатолем Бокунам.

Умовы былі цалкам нармальныя, міліцыя ставілася па-чалавечы. Не білі, не забіралі матрацы і бялізну. Да нас закінулі нейкага хлопца, дык ён здзівіўся: «Ого, а вы тут можаце ўдзень спаць?» А нам не тое, што не забаранялі — гэта ўвогуле не абмяркоўвалася, было дазволена па змоўчанні. 

Перадачы прымалі ўвогуле хоць кожны дзень, прычым перадавалі і садавіну-гародніну, якую нельга было, проста прасілі да раніцы яе з’есці. 

Што тычыцца спеваў, то мы ўвесь час давалі там канцэрты. Спявалі і «Воінаў Святла», і «Грай», і «Магутны Божа» — быў пэўны рэпертуар. Ніхто нічога нам не казаў. Зноў жа па змоўчанні было дазволена. Забаронаў не выказвалі і заўваг не рабілі.

Мы выдавалі гадзінныя канцэрты, з суседніх камер нават рабілі замовы. 

Канечне, ніхто не думаў, што праз год у ізалятарах будзе так жорстка. Але і ў жніўні 2020 было зразумела, што калі адразу пытанне не вырашылася, то далей будзе няпроста і не хутка. Ды і ў той жа Любані, ужо ў верасні стаўленне работнікаў да вязняў паціху пачало мяняцца з таго лагоднага, якое было ў жніўні.

Але што ў 2021 можа быць так — гэта проста немагчыма было ўявіць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0