Апошнія 50 гадоў у гісторыі Афганістана — час бясконцых пераваротаў і змен улады. Перш, чым аналізаваць праблемы і супярэчнасці, перакажам падзеі ў некалькіх сказах.

Да 1973 года ў краіне існавала манархія. Наступныя пяць гадоў — дыктатура. У 1978-м да ўлады прыйшлі пракамуністычныя сілы. Фактычна пачалася грамадзянская вайна, якая працягваецца дагэтуль. На наступны год у краіну ўвайшлі савецкія войскі, якія да 1989-га змагаліся з апазіцыяй.

Пасля вываду савецкіх войскаў лаяльная ім адміністрацыя змагла пратрымацца толькі некалькі гадоў, пакуль яе не звергла апазіцыя. Супярэчнасцю паміж яе рознымі групоўкамі скарысталіся талібы. Але супрацоўніцтва апошніх з тэрарыстамі «Аль-Кайды» стала фатальным: у 2001-м амерыканцы высадзіліся ў Афганістане, адкуль сышлі гэтым летам.

 Традыцыі супраць наватарства

Афганістан тысячагоддзямі з’яўляўся манархіяй. Апошні кароль (падышах) Афганістана, якога клікалі Захір-шах, пакрысе ажыццяўляў рэформы: увёў канстытуцыю, жанчыны змаглі не насіць паранджу, быў заснаваны першы ўніверсітэт.

Але змены закранулі толькі гарадскую эліту. Агулам Афганістан заставаўся надзвычай адсталай краінай: 88% насельніцтва былі непісьменнымі і жылі ў галечы,

вялікую ролю адыгрывала рэлігія.

У 1973-м Захір-шаха зверг стрыечны брат, які стаў прэзідэнтам (фактычна дыктатарам). Новая ўлада пачала рэпрэсіі супраць актывістаў Народна-дэмакратычнай партыі Афганістана, якія арыентаваліся на Маскву.

У 1978-м НДПА ажыццявіла пераварот і пачала радыкальныя пераўтварэнні. У 272 тысяч людзей забралі «лішкі» зямлі, якія аддалі сялянам. Жанчыны атрымалі роўныя правы з мужчынамі, улады забаранілі прымусовыя шлюбы, крытычна ставіліся да ісламу. Гэта ўспрымалася як разрыў традыцый, якія фарміраваліся стагоддзямі.

Так

сфарміраваўся першы вузел супярэчнасцяў — канфлікт паміж традыцыяй і імкненнем да рэформаў. І ён нікуды не знік да нашых дзён.

Па апошніх дадзеных, толькі 22% афганцаў маюць доступ да інтэрнэту. Толькі 39% дзяўчат ходзяць у пачатковую школу. Калі амерыканцы прыйшлі ў гэтую краіну, у школу хадзілі ўсяго 3%. Але нават за два дзесяцігоддзі новая ўлада не змагла кардынальна змяніць свядомасць мясцовых жыхароў.

«Так, цяпер на вуліцах Кабула і некалькіх іншых буйных гарадоў стала больш жанчын, чым пры талібах, і больш дзяўчынак ходзіць у школу. Але (…)

прагрэс для жанчын тычыцца толькі жыхарак сталіцы і жменькі іншых гарадскіх тэрыторый. Асноўныя забароны і прадпісанні Талібану ў адносінах да жанчын па-ранейшаму застаюцца законам

(…). У правінцыях да гэтага часу жанчыны рэдка працуюць і наогул не выходзяць з дому без сваіх мужоў», — пісала журналістка Джэні Нордберг у кнізе «Падпольныя дзяўчынкі Кабула». Каля 80% жанчын у Афганістане прымусова выдалі замуж.

Нелюбоў да захопнікаў

Афганістан вядомая як

краіна, якая ніколі не скаралася замежным захопнікам і гадамі заставалася надзвычай закрытай. У гэтым маглі пераканацца тры звышдзяржавы, якія ў розныя стагоддзі заходзілі ў Афганістан.

У ХІХ стагоддзі — англічане, якіх разбілі ў двух войнах, у ХХ-м — СССР, у ХХІ-м — ЗША. З’яўленне ў гэтай краіне двух апошніх дзяржаў было па-свойму лагічна.

У канцы 1970-х ЗША фінансавалі апазіцыю. Ды і кіраўніцтва Афганістана з пракамуністычнай партыі прапанавала Злучаным Штатам палепшыць адносіны. Ішла халодная вайна, і Савецкі Саюз напужаўся, што страціць краіну.

Што тычыцца ЗША, то пасля тэрарыстычнай атакі на вежы-блізняты ў 2001-м трэба было знішчыць тэрарызм у зародку.

Але ні СССР, ні ЗША так і не змаглі перамагчы да канца сваіх супернікаў. Тактыка партызанскай вайны, спрыяльныя прыродныя ўмовы (шмат гор), стаўка на рэлігію рабілі апазіцыю непераможнай.

У абодвух выпадках перамогі апошняй былі непазбежнымі. Пытанне было толькі ў часе.

За дзесяцігоддзі, пакуль дзве звышдзяржавы знаходзіліся ў Афганістане, яны не толькі змагаліся з апазіцыяй. Рускія і амерыканцы будавалі інфраструктуру (дарогі і бальніцы), пашыралі асвету і — калі кіравацца каштоўнасцямі заходняй цывілізацыі — неслі прагрэс. Але

яны ўсё роўна ўспрымаліся часткай афганцаў як захопнікі. Адпаведна, каштоўнасці, якія яны прасоўвалі, таксама ўспрымаліся шмат кім як чужыя.

Недавер да «калабарантаў»

Рэформы апошняга караля, 10 гадоў пад Саветамі і 20 гадоў пад амерыканцамі не прайшлі дарма.

У Афганістане пакрысе павялічвалася колькасць людзей, якія не з’яўляюцца носьбітамі традыцыйных рэлігійных каштоўнасцяў. Нездарма столькі афганцаў зараз спрабуюць збегчы з краіны.

Здавалася б, абедзве дзяржавы пакідалі пасля сябе грамадзянскую адміністрацыю. Зараз шакуе, наколькі хутка яна капітулявала перад талібамі.

Але што адбылося 30 гадоў таму? Пасля таго, як СССР вывеў свае войскі, прэзідэнт Афганістана Наджыбула працягваў атрымліваць савецкую вайсковую тэхніку. З ім засталіся і савецкія вайсковыя спецыялісты. Але

1 студзеня 1992-га пастаўкі спыніліся. На той момант рэжым кантраляваў толькі асобныя гарады і магістралі. Праз чатыры месяцы, 28 красавіка, апазіцыя ўвайшла ў Кабул. І тады, і зараз гаворка ішла пра месяцы, а не пра гады.

Чаму абедзве адміністрацыі прайгралі так хутка?

Этнічны склад Афганістана надзвычай пярэсты. У ім жывуць пуштуны, таджыкі, хазарэйцы, узбекі, туркмены і г.д. Амаль усе з іх мусульмане, але належаць да розных кірункаў ісламу. Таму казаць пра адзінства не выпадае.

Абодва рэжымы раз’ядала карупцыя. Яны мелі слабую армію.

Некаторыя эксперты нават мяркуюць, што на самай справе колькасць сілавых структур празаходняга ўрада Афганістана, што існаваў пры дапамозе амерыканцаў, не дацягвала і да паловы з намінальных 350 тысяч чалавек.

Але яшчэ больш істотна, што

свецкія каштоўнасці гэтых адміністрацый заставаліся чужымі для большасці насельніцтва.

Гэтыя ўлады асацыяваліся з захопнікамі.

Законы шарыяту, бясконцая вайна і наркотыкі

«Талібан» у 1994-м утварыў мула Амар. На той момант у краіне ішла вайна паміж рознымі лідарамі апазіцыі. Мула скарыстаўся гэтым, захапіў сталіцу і абвясціў пра стварэнне Ісламскага Эмірата Афганістан. Рух кантраляваў большую частку краіны, у якой былі ўведзены нормы шарыяту і панавала поўная рэлігійная нецярпімасць. Адначасова працягвалася іх барацьба з войскамі «Паўночнага альянсу», які ўтварылі генералы Ахмад Шах Масуд і Рашыд Дустум.

У 2001-м у Афганістан увайшлі амерыканцы. Наступны год прайшоў адносна спакойна, але ўжо ў 2003-м талібы аднавілі сілы і перайшлі да партызанскай барацьбы. То бок

«Талібан» ніколі не існаваў у часы міру. Таму незразумела, што будзе рабіць рух, калі ўнутраных супернікаў не застанецца. Ці здолее адмовіцца ад гвалту 1990-х? Якой будзе рэакцыя афганцаў, калі гвалт працягнецца?

Тым больш, у краіне вырасла ўжо некалькі пакаленняў, якія прызвычаіліся вырашаць пытанні праз зброю і жывуць у атмасферы бясконцай вайны.

Існуе яшчэ адна праблема — наркотыкі. Опій пачаў вырабляцца ў гэтай краіне яшчэ ў 1950-я гады. Яго вытворчасць стала павялічвацца ў 1980-я, калі цэнтральныя ўлады перасталі кантраляваць усю краіну, а палявыя камандзіры сталі шукаць сабе грошы для пакупак зброі.

Талібы паставілі вытворчасць опію на паток. Але пры амерыканцах вытворчасць наркотыкаў выйшла на новы ўзровень.

Па дадзеных ААН, у 2006-м незаконны абарот наркотыкаў складаў больш за палову эканомікі краіны (дакладней 52% ад усяго ВУП).

З цягам часу нічога не змянілася. У 2015 годзе журналісты Бі-Бі-Сі пабывалі ў правінцыі Гельменд, самай буйной па плошчы ў Афганістане. Па іх словах, «за дзевяць гадоў інтэнсіўных баявых дзеянняў міжнародныя войскі не зрабілі нічога, каб спыніць вытворчасць [наркотыкаў]. Насамрэч стала толькі горш».

Ці збіраюцца талібы вырашаць гэтую праблему? Якія галіны эканомікі збіраюцца развіваць у якасці альтэрнатыўных?

На першы погляд, талібы сілай распуталі клубок супярэчнасцяў, які існаваў апошнія дзесяцігоддзі. Але ўсе міжнародныя і ўнутраныя наступствы іх прыходу да ўлады пакуль прадказаць цяжка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0