Фота Надзеі Бужан

Упершыню наяўнасць аксіду этылену ў прадуктах харчавання выявілі ў верасні мінулага года ў Бельгіі. Выявілася, што кунжут, які пастаўляўся ў краіны ЕС з Індыі, быў забруджаны гэтым рэчывам.

Пазней аксід этылену знайшлі ў муцэ з насення ражковага дрэва, якая трапляла ў еўрапейскія краіны з Турцыі. Камедзь ражковага дрэва шырока выкарыстоўваецца для вытворчасці розных харчовых прадуктаў, у тым ліку для марозіва ў якасці стабілізатара, а таксама для харчовых дадаткаў. То-бок забруджванне гэтай мукі фактычна азначала, што шкоднае для здароўя рэчыва магло быць у самых розных прадуктах.

У сувязі з гэтым Еўрапейская камісія распрацавала адзіны падыход для органаў афіцыйнага кантролю над забруджанымі харчовымі прадуктамі.

Аксід этылену шкодны для здароўя і, згодна з рэгламентам ЕС, класіфікуецца як рэчыва 1В, што сведчыць пра яго канцэрагеннасць і шкоднае рэпрадуктыўнае ўздзеянне. Доўгі кантакт з аксідам этылену ў вялікай колькасці можа выклікаць галаўны боль, млоснасць, рвоту, цяжкасці з дыханнем і апёкі скуры. У доўгатэрміновай перспектыве рэчыва можа выклікаць рак і генетычныя анамаліі. Таму выкарыстанне вокісу этылену і яго вывад на рынак ЕС забараняецца.

Сёлета ў чэрвені Францыя адазвала 7 тысяч прадуктаў з супермаркетаў рознай цаны і марак праз павышаны ўзровень вокісу этылену, піша Le Figaro. Сярод гэтых прадуктаў былі хлеб, печыва, марозіва, соусы, сыр, кава, гарбата і іншыя.

Нядаўна вокіс этылену знайшлі ў польскіх супермаркетах. Рэчыва выявілі ў марозіве і мясных прадуктах, піша gazeta.pl.

Наяўнасць аксіду этылену ў прадуктах тлумачыцца тым, што рэчыва шырока выкарыстоўваецца для дэзынфекцыі. Таксама вокіс этылену выкарыстоўваецца для барацьбы з цвіллю. У асноўным аксід этылену прымяняецца ў хімічнай прамысловасці, а ў некаторых краінах гэта рэчыва выкарыстоўваюць для фумігацыі харчовых прадуктаў.

Аднак эксперты пераконваюць, што ў малой колькасці рэчыва ніяк не нашкодзіць, а прынятыя ў ЕС меры маюць прэвентыўны характар, каб прадухіліць патэнцыйныя рызыкі.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?