Працуе ў БелаПАНе амаль 30 гадоў

Ірына родам з Магілёва. Бацька быў ваеннаслужачым, таму сям’я часта пераязджала. Па адукацыі Леўшына — журналіст, скончыла БДУ.

У БелаПАН яна прыйшла ў 1992 годзе. На той момант у Ірыны была маленькая дачка, і ніхто не хацеў браць яе на сталую працу — толькі падпрацоўкі. У газеце «Рэспубліка» ёй так і сказалі: галоўны рэдактар катэгарычна супраць жанчын з маленькімі дзецьмі. Пасля Ірына даведалася, што БелаПАН адкрыў яе былы аднакурснік Алесь Ліпай, і пайшла да яго ў каманду.

«Многія тады не ведалі, што такое БелаПАН, як гэта расшыфроўваецца. Пару разоў, калі я брала інтэрв’ю, нейкую інфармацыю ў дзяржчыноўнікаў, яны пыталіся: «Дарэчы, а што такое БелаПАН?» Я разумела, што калі скажу Беларускае прыватнае агенцтва навін, яны мне нічога не скажуць. Я хлусіла: «Беларуская панарама». Яны чулі слова «панарама», і гэта на іх супакаяльна дзейнічала», — згадвала забаўныя моманты Леўшына.

З 2004 года яна стала галоўным рэдактарам агентцва. А з 2021 — яго дырэктарам.

Сябравала сем'ямі з Алесем Ліпаем

У Ірыны дарослая дачка — дызайнерка адзення. Мужа не стала, калі таму было ўсяго 35 гадоў.

Яны сябравалі сем’ямі з Алесем Ліпаем, разам ездзілі ў адпачынак. Калі памёр Алесь, для Ірыны гэта стала яшчэ адным ударам. Днямі будзе тры гады, як Алесь пайшоў з жыцця.

«Іх смерць — самае жудаснае і несправядлівае, што здарылася ў маім жыцці», — прызнавалася яна.

Сядзела трое сутак па «справа БелТА»

У 2018-м Леўшына праходзіла па «справе БелТА». Яе як падазраваную па артыкуле 349 (Несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі) адправілі на Акрэсціна. Рэдактарка была да гэтага гатовая — некалькімі днямі раней затрымалі яе калег. Яна апынулася ў камеры, дзе толькі што вызваліўся ложак пасля супрацоўніцы «Тутбай» Ганны Калтыгінай.

Тады ўсё абмежавалася трыма суткамі, і стаўленне да журналістаў за кратамі было лепш, чым зараз. 

«Сукамерніцы сказалі, што ўпершыню за доўгі час прынеслі чай з заваркай, а не жоўтую вадкасць. Ды цёплую пшоную кашу, а не халодную склізскую аўсянку», — дзялілася Ірына.

Пазней крымінальны пераслед у дачыненні да рэдактаркі спынілі. Але ёй давялося заплаціць адміністрацыйны штраф у 30 базавых велічынь і пагасіць шкоду, якую агенцтва нібыта нанесла сваімі дзеяннямі, — больш за 12 тысяч рублёў.

У тым жа годзе Леўшына атрымала Нацыянальную прэмію за дасягненне ў сферы правоў чалавека як журналіст года.

Абараняла супрацоўнікаў ад незадаволеных чыноўнікаў

Цяперашні час Ірына называла цяжкім, але цікавым для журналістаў. Як і многія, яна не магла падумаць, што рэпарцёрам у горадзе апроч сіняй камізэлькі спатрэбяцца шлемы.

«Было страшна за «палявых» журналістаў — страшна да панікі. Я як рэдактар працавала на прыёме інфармацыі, абнаўляла сайт, і мяне натуральна трэсла, калі калегі не выходзілі на сувязь. Такі стан, калі заміраеш над тэлефонам і ні на што не можаш пераключыцца, пакуль яны не адгукнуцца», — казала яна ў інтэрв’ю.

«Яна заўсёды абараняла сваіх супрацоўнікаў. Калі неяк даўно званілі з прэс-службы МЗС і патрабавалі адхіліць мяне ад асвятлення іх дзейнасці, Ірына заняла цвёрдую пазіцыю: мы яе працай задаволены, прыбіраць не будзем. І пад РУУС яна стаяла чакала, калі кагосьці з калег затрымлівалі», — дзеліцца журналістка Таццяна Каравянкова.

Леўшына абуралася стаўленнем да незалежнай прэсы і ціскам на свабоду слова:

«Цяперашняе беларускае кіраўніцтва ставіцца да журналістаў як да абслугі, плаціць ім за паслухмянасць і лаяльнасць. Тыя, хто не ўпісваецца ў гэтыя рамкі, для дзяржавы ворагі. Мы ўсе цяпер адчуваем гэта на сабе».

Ад навін Леўшына адпачывала ў кампаніі любімых жывёл. Калі сядала за кніжку, побач з ёй на канапе прыстройваліся дзве кошкі. Да нядаўняга часу аддушынай для Ірыны былі доўгія шпацыры з лабрадорам Бруклінам.

Ніколі не думала пра эміграцыю

Гэта не першыя вобшукі ў агенцтве ў гэтым годзе. У БелаПАН ужо прыходзілі ў студзені — па справе Андрэя Аляксандрава, які раней супрацоўнічаў з рэдакцыяй.

Нягледзячы на ціск, Леўшына не збіралася з’язджаць.

«Гэта была яе прынцыповая пазіцыя. Яна і па-чалавечы не хацела з’язджаць з краіны, і як кіраўнік несла адказнасць перад калектывам і падпісчыкамі. Яна чалавек доўгу — так яна яго разумела і выконвала.

Не памятаю, хто з калег яе так назваў — «гонар і сумленне БелаПАНа». Яна, канечне, жалезная жанчына», — апісвае рэдактарку Таццяна Каравянкова.

Сама Ірына калісьці так тлумачыла сваё пазіцыю: 

«У сваім доме ты ж робіш рамонт, прыбіраеш, каб было больш камфортна і ўтульна. Прыкладана так я стаўлюся да таго, што раблю ў Беларусі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0