Фота Deutsche Welle

Фота Deutsche Welle

Украінская газатранспартная сістэма можа апынуцца ў крызісе, бо ЗША і Германія дамовіліся аб завяршэнні будаўніцтва «Паўночнага патоку — 2», што дазволіць Расіі абыходзіцца без транзіту газу праз Украіну. Тэрмін кантракта паміж Масквой і Кіевам скончыцца ў 2024 годзе. Аднак дзякуючы рэфармаванню энергетычнага сектара ў ЕС для Украіны адкрываюцца новыя магчымасці.

У 2020 годзе ЕС прэзентаваў вадародную стратэгію, накіраваную на шырокае выкарыстанне «зялёнага» вадароду. Каб быць «зялёным», вадарод мусіць вырабляцца за кошт аднаўляльных крыніц энергіі. Агулам еўрапейцы плануюць інвеставаць у гэту галіну ад 180 да 479 мільярдаў еўра да 2050 года. Гэта можа дапамагчы еўрапейскім краінам дасягнуць кліматычнай нейтральнасці — калі выкіды парніковых газаў у атмасферу не перавышаюць аб’ёму, што паглынае экасістэма.

Адзін з ключавых партнёраў гэтых планаў ЕС — Україна. Еўропа разлічвае, што ва Украіне да 2030 года пабудуюць да 10 гігават магутнасцяў для вытворчасці «зялёнага» вадароду, піша Deutsche Welle.

Летась Германія і Україна падпісалі пагадненне аб энергетычным партнёрстве, адным з элементаў якога з’яўляецца развіццё вадароднай энергетыкі. Гэта значыць, што Україна можа атрымаць частку з 2,8 мільярда інвестыцый, якія Германія плануе вылучаць на вадародныя праекты за мяжой.

Такая зацікаўленасць ва Украіне тлумачыцца наяўнасцю газатранспартнай сістэмы, якую можна выкарыстоўваць для транспарціроўкі вадароду. Аднак для таго, каб замяніць газ на вадарод спатрэбяцца немалыя сродкі, бо вадарод выклікае хуткую карозію металу. Таму трубы неабходна абшываць знутры кевларам, што будзе каштаваць мільярды даляраў.

Па словах экспертаў, транспарціроўку вадароду можна здзяйсняць і без пераабсталявання, калі перамяшаць вадарод з газам. Даследаванні паказваюць, што такім чынам можна транспартаваць да 20 адсоткаў вадароду. Аднак для гэтага варыянта патрабуецца больш даследаванняў і сінхранізацыя стратэгій краін ЕС.

З іншага боку, ужо цяпер некаторыя кампаніі наладжваюць вытворчасць «зялёнага» вадароду ва Украіне. Напрыклад, створаная ў чэрвені 2020 кампанія «Вадарод Украіны». Магчымасць развіваць вытворчасць «зялёнага» вадароду разглядае таксама кампанія ДТЭК.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0