Паседжаньне павінна было пачацца ў 15.00, аднак яго перанесьлі на няпэўны час — старшыня ТБМ Алена Анісім 26 жніўня падала дакумэнты на абскарджваньне папярэджаньняў і хадайнічала аб пераносе пазову. Прадстаўнік Міністэрства юстыцыі не пярэчыў.

14 ліпеня ў сядзібе ТБМ адбыўся ператрус. Сілавікі забралі каляндарыкі, выдадзеныя ў 2018 годзе да 100-годзьдзя БНР, асобныя кнігі, аргтэхніку — маніторы, сыстэмныя блёкі. Ператрус адбываўся з санкцыі намесьніка пракурора Менску.

Менавіта ў гэтыя дні Мін’юст патрабаваў ад ТБМ (ды іншых няўрадавых арганізацый — БАЖ, СБП, ЗБС «Бацькаўшчына») прадставіць дакумэнтацыю. Бухгальтарскія дакумэнты былі ў затрыманай 8 ліпеня Вольгі Раковіч — галоўнага бухгальтара «Нашай Нівы», якая дапамагала ТБМ па дамове падраду.

Грамадзкая арганізацыя ў той жа дзень атрымала два пісьмовыя папярэджаньні ад Міністэрства юстыцыі за нясвоечасова перададзеныя дакумэнты, якіх чыноўнікі патрабавалі ў межах пазаплянавай праверкі.

«У папярэджаньнях былі фармальныя прычэпкі, нічога сур’ёзнага, таму будзем змагацца далей», — сказала Алена Анісім.

У выпадку ліквідацыі арганізацыі таксама спыняцца і заснаваныя таварыствам газэты «Наша слова» і «Новы час».

Таварыства беларускай мовы існуе з 1989 году. Сярод яго ініцыятараў у той час былі Саюз беларускіх пісьменьнікаў, міністэрствы адукацыі і культуры, Акадэмія навук, Белтэлерадыёкампанія.

9 жніўня Вярхоўны суд ліквідаваў Беларускі ПЭН-цэнтар, на чале якога стаіць Нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч. 24 жніўня там жа адбылося судовае пасяджэньне ў справе ліквідацыі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, а 25-га — Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына».

27 жніўня разглядаецца справа аб ліквідацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў. А на 15 верасьня Вярхоўны суд прызначыў разгляд пазову аб ліквідацыі грамадзкага абʼяднаньня «БНФ «Адраджэньне»».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0