Рамана Стацэвіча прызналі вінаватым у публічнай абразе Аляксандра Лукашэнкі. Згодна з абвінавачаннем, 1-3 мая ён праз публічны відэачат па відэасувязі з незнаёмым яму раней Канюшыкам наўмысна абразіў Лукашэнку з выкарыстаннем ненарматыўнай лексікі.

Канюшык пры гэтым праводзіў маніторынг інтэрнэту, каб выявіць крытыкаў улады. Згодна з тэкстам абвінавачання, Стацэвіч усведамляў, што размова можа быць запісаная Канюшыкам і перададзеная ўпаўнаважаным асобам, а таксама распаўсюджаная ў шырокім доступе.

Канюшык запісаў і выклаў размову 3 мая пад назвай «Омерзительный тип» на сваім канале «Дзед барадзед» на ютубе.

Канюшык праз хваробу ў 1997 годзе пакінуў службу, аднак падтрымлівае дзяржорганы, уладу, ідэю парадку ў краіне, таму дапамагае ёй, наколькі магчыма, выконвае грамадзянскі абавязак. Напрыклад, «дапамагае АУС выкрываць асоб, якія пашыраюць ідэі падарваць аўтарытэт прадстаўнікоў ўлады і ідэю ўтварэння хаосу і хваляванняў у нашай Рэспубліцы Беларусь».

Таму ён стварыў свой канал «Дзед Барадзед», дзе спрабаваў данесці да жыхароў розных краін тое, што ў Беларусі жывуць мірныя і спакойныя людзі, якія не хочуць вайны.

Канюшык патлумачыў, што размясціў відэа на канале, каб людзі «апамяталіся», перасталі падтрымліваць апазіцыю, таму што ў такім выпадку ўзнікае барацьба паміж грамадзянамі.

Ён таксама адзначыў, што даруе, калі Стацэвіч яго абразіў, але ягоныя абразы ў бок Лукашэнкі дараваць немагчыма.

Абвінаваўца запрасіла для Стацэвіча адзін год пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. У апошнім слове Раман Стацэвіч пагадзіўся, што зневажаць любога чалавека няправільна. Аднак ён размаўляў з чалавекам сам-насам.

«Атрымліваецца, мы адкаціліся на 70 гадоў назад, калі можна ціха зняць чалавека, які мне не дагодны, вывесці яго на правакацыйныя размовы, запісаць гэта і выкласці на старонцы або пайсці ў міліцыю. Не было такога, што Канюшык папярэдзіў мяне, што ён блогер і здымае мяне. Публічнымі запісы зрабіў менавіта Канюшык».

Суддзя Антон Дудаль вынес прысуд: два гады хіміі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0