«Мне спаўняецца 23 гады праз пару дзён. Вясною, у маі 2021, скончылася мая служба.

Веганам я стаў каля 4 гадоў таму. Мы з сябрам разам трэніраваліся, гулялі ў футбол і заўсёды цікавіліся здаровым харчаваннем. І вырашылі паспрабаваць таксама веганства, проста дзеля эксперыменту, паглядзець, як гэта адаб’ецца на фізічным стане. 

Але я зразумеў, што адчуваю сябе вельмі камфортна, і пачаў задумвацца яшчэ і пра этычны бок, навошта тады выкарыстоўваць жывёл для харчавання. І з тых часоў я не ўжываю жывёльныя прадукты.

Трохі больш за год таму, у маі 2020, мяне забралі ў войска, я меў вышэйшую адукацыю, таму служыў год. Спачатку быў у Мар’інай горцы, затым — Печы, пасля чакалася, што я паеду служыць ў Брэст, у дэсантна-штурмавую брыгаду. Але, як я разумею, менавіта праз сваё веганства мяне не адправілі ў дэсант: сказалі, што я не вытрываю нагрузак. У выніку, служыў у Мазыры, у радыётэхнічных войсках. 

Я не касіў, але не тое, каб вельмі хацеў служыць. Да арміі я ставіўся нейтральна — разумеў, што такія законы, прыйдзецца ісці. 

Падчас прызыўной камісіі я казаў, што веган, напісаў заяву, дзе тлумачыў гэта і спасылаўся на артыкулы Канстытуцыі, згодна з якімі я маю права на свае погляды. У заяве я прасіў разгледзець магчымасць увесці нейкае альтэрнатыўнае харчаванне. 

Праўда, у ваенкамаце не тое каб смяяліся, але палічылі, што я прыдумваю казкі, каб адкасіць. Напэўна, з іх пазіцыі, гэта лагічная рэакцыя, бо ніяк жа не праверыш, веган чалавек ці не, хіба толькі верыць на слова.

У ваенкамаце не ігнаравалі маю заяву, але прапанавалі мне самому вырашаць сваю праблему: браць нейкія прадукты з сабою. Я хацеў, каб была магчымасць зрабіць штосьці на заканадаўчым узроўні, як дыетычнае харчаванне, напрыклад. Але, як я зразумеў, мяняць штосьці ў сістэме, якая даўно наладжаная, нікому не хочацца. 

Але ж я правёў у казарме толькі тыдзень, пасля праз каранавірус нас выселілі на палігон. Там мы стаялі вялікім лагерам больш за месяц, жылі ў палатках у полі. Там ежу прывозілі з часткі, яна была адразу прыгатаваная: напрыклад, кажа адразу перамешаная з мясам ці маслам. Я не мог харчавацца асобна, таму еў толькі салаты, якія давалі ў абед, хлеб. Ну і чай ці кампот. Я так думаю, спачатку меркавалі, што праз тыдзень-два голад пераможа і я пачну есці тое ж, што і іншыя. 

Але ж я прытрымліваўся сваёй пазіцыі. 

У Мар’інай горцы афіцэры адэкватна ставіліся да мяне, нават падтрымлівалі. Казалі: «Ты красаўчык, канечне, але не ўяўляем, як ты справішся далей. Але ты не здавайся!». І камандзір роты часам прывозіў мне прадукты за свае грошы: мюслі нейкія, садавіну. Нават не хацеў браць з мяне грошы за гэта.

Але ў мяне ўсё роўна паціху пачаліся праблемы са здароўем: кружылася галава, пачаліся запоры. Я мог не хадзіць у прыбіральню па 10 дзён. Я звяртаўся да медыкаў, на палігоне медыкі спачатку казалі, што пастараемся вырашыць пытанне. У выніку мяне адправілі ў медроту перад самой прысягай — я так разумею, спецыяльна, бо баяліся, што я магу штосьці выкінуць на плацу падчас прысягі. Таму прысягу я прынёс адзін, каля медроты.

У медроце мяне аглядзелі, я здаў аналізы, зонд рабілі. Доктар сказаў, што я маю невялікія праблемы са страўнікам — можа, будучы гастрыт. 

Праўда, затым мяне адправілі ў Печы, там высветлілася, што мая картка здароўя цалкам пустая, нават вынікі аналізаў там не зафіксавалі. 

У Печах у мяне была размова з псіхолагам, усё было адэкватна, яна паабяцала і сама падняць гэтае пытанне ў штабе. І ведаю, што яна намагалася неяк дапамагчы мне з маёй сітуацыяй, але яе проста праігнаравалі. 

Там мне прыйшлося зноў тлумачыць, што я веган. Але там было ўжо прасцей, чым на палігоне, бо ў сталоўцы часам можна было ўзяць проста кашу. У Печах я таксама быў у медроце, але там тэрапеўт успрымала мае словы як нейкія казкі і лухту. Праўда, пасля смерці Коржыча там нічога не хаваюць, таму і ўсе мае скаргі запісалі ў картку, і вынікі аналізаў. 

У выніку мяне адправілі служыць у Мазыр. Там думалі, што прыехаў нейкі чарговы праблемны салдат. Але я ўсё растлумачыў, намеснік па тыле і начальнік харчовай службы выслухалі мяне, паставіліся з паразуменнем. Яны не сталі заплюшчваць вочы, а наадварот, маё пытанне пачалі вырашаць знутры. У гэтай частцы было менш салдат, таму гэта быў не такі канвеер. Мяне нават пазнаёмілі з паварамі, патлумачылі ім сітуацыю. І паціху ўсё наладзілася — мне пакідалі кашу без масла, боршч без смятаны. Я і сам дапамагаў у сталоўцы, таму быў у добрых стасунках з калектывам сталоўкі: спачатку яны казалі, што за дзіцячы садок, а пасля нават загадчыца часам прывозіла мне нейкую сваю гародніну.

На мой погляд, калі хтосьці апынецца на маім месцы, то прасцей вырашаць такую праблему на месцах. Я не ведаю, як можна дамагчыся чагосьці праз Мінабароны. Праўда, быў такі момант: недзе ўжо праз месяц маёй службы ў Мазыры прыйшла папера, што Мінабароны разам з медуніверсітэтам распрацавалі рацыён харчавання, дзе жывёльныя прадукты замяняюцца расліннымі. Але па сутнасці гэты рацыён немагчыма рэалізаваць. Мы гаварылі з афіцэрамі пра гэта, але высветлілася, што калі «раслінным» замяняць усё «мясное», то кошт рацыёна выходзіць надта дарагім, не ўкладваецца ў выдзеленыя нормы грошай. 

Я не шкадую, што схадзіў у войска. Усё, што адбываецца ў жыцці, гэта карысны вопыт. З пункту гледжання войска, я не скажу, што там развіваюць тыя якасці, якія дэкларуюць. Але ж служба навучыла мяне цярпенню, навучыла будаваць узаемаадносіны з вышэйстаячымі людзьмі, калі ты падначалены. 

Адметна, што прыніжэнняў і дзядухі не было ніколі: ані ў Мар’інай горцы, ані ў Печах, ані пазней. Я разумеў, што магу сутыкнуцца з гэтым — але не, не было. У Печах сочаць за гэтым строга пасля смерці Коржыча. За любы ўдар ці пінок могуць пасадзіць у турму, таму пакуль я служыў не сутыкаўся з дзядухай сам і не бачыў, каб былі такія праблемы ў іншых саслужыўцаў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0