Працытуем паказальны дыялог начальніка ўпраўлення Сяргея Нікеля з падначаленым з Гомельскай вобласці Аляксеем Матарасам.

Нікель: Як у вас з гэтымі затрыманымі справы? Што вы там паглядзелі?

Матарас: Паглядзелі, дзе яны ўтрымліваюцца, вызначылі пяць камер. То-бок яны ў нас першапачаткова ўтрымліваліся з асобамі без вызначанага месца жыхарства, скажам так, смярдзючыя і ўсё астатняе такое. Але так, як было па алгарытме напісана — маламеркі (гаворка пра памер камер — НН): вызначылі аднамесныя: двухмесныя, каб яны былі каля выхада, каля туалета, адназначна, і на другім паверсе, таму што першы паверх (нараў — НН) як бы прывілей, таму на другі паверх засяліць, каб ім пагорш было. 

Вызначылі пяць камер, з якіх будзем іх пераводзіць з адной у другую. Перыядычна, 24 гадзіны змяняць, як і прапісана. Замацавалі супрацоўнікаў, якія будуць за гэта адказваць. Апроч таго, вызначыліся, як іх выводзіць, куды будзем прыбіраць матрацы, яны іх насіць не будуць (з камеры ў камеру — НН). Яны будуць у кайданках ісці, міліцыянер будзе несці матрацы.

Нікель: Так, гаворка ідзе пра тое, што матрацаў увогуле не павінна быць. Іх увогуле на павінна быць, матрацаў! Голыя нары!

Матарас: Не, дык гэта днём, так. Іх прыбіраць, калі іх прыносім…

Нікель: Яшчэ раз кажу, увогуле не павінна быць матрацаў! Ні днём, ні ноччу. То-бок яны павінны на голых нарах знаходзіцца, як ва ўмовах штрафнога ізалятара (адмысловае памяшканне, куды трапляюць асуджаныя за крымінальнае злачынства пасля неаднаразовага парушэння рэжыму — НН).

Матарас: Да адміністрацыйнікаў таксама так прымяняецца?

Нікель: І адміністрацыйнікаў, і гэтых таварышаў, якія праходзяць па гэтых справах (гаворка пра крымінальныя справы за палітычную актыўнасць — НН).

Матарас: Дык што, проста ім бялізну даваць?

Нікель: Нічога не даваць! Ні бялізны, ні матрацаў. У камерах гэтага ўвогуле не павінна быць. 

Матарас: Дык а там (дакумент, які вызначае ўмовы ўтрымання — НН) жа напісана, таварыш палкоўнік, бялізна выдаецца з 6 да 22 (гадзін). Забаронена?

Нікель: Там уважліва чытайце. Вось гэты пералік, у пункце 3.2, які паддаецца карэкціроўцы. Разумееце? Яшчэ раз кажу: там не павінна быць ні бялізны, ні матрацаў — голыя нары.

Матарас: Зразумеў. Зараз будзем дадаткова ўводзіць.

Нікель: Голыя нары. Гэта проста трэба патэлефанаваць усім, вусна расказаць. Таму што ў дакуменце там так напісана, яго можна двухсэнсоўна чытаць. І вы як бы зразумелі так, як не трэба разумець. Карэспандэнцыя, значыць, не прыходзіць (у ізалятары — НН) і не выходзіць (з ізалятараў).

Матарас: А мы і так нічога не выдаём.

Нікель: Прагулак няма.

Матарас: Усё адладжана. 

Нікель: Перадачы — мінімум: вада і сухары, на апошні дзень утрымання, адзін раз за ўвесь час знаходжання. 

Матарас: Калі пачынаюць насіць перадачы (сваякі — НН), як было ў Лельчыцах, мы арганізуем суправаджэнне і перавозім іх (затрыманых — НН) у Нароўлю, каб сваякі ездзілі туды і ўсё. Яны паціху абвяшчаюць галадоўку, мы інфармуем пракурора, і кажу, няхай. Звозім у іншыя райаддзелы, у нас не забаронена перамяшчэнне па вобласці, таму мы практыкуем такое. Калі ты толькі заяўляеш галадоўку — у іншы ІЧУ паехаў. Сваякі пачынаюць: падставы для перадачы. Кажам: хочаце — едзьце (у іншы горад, куды адвезлі затрыманага — НН). Толькі прыязджаюць у той ІЧУ — мы адмаўляем. Адразу бяром канваіраў, вязём у іншы ІЧУ. Канвой і суправаджэнне ў нас ёсць, сілаў і сродкаў хапае. Таму будзем вазіць, пакуль будуць ездзіць, каб не дайшло да іх. Кіраўніцтва дало каманду, каб яны не харчаваліся. Няхай, як вы кажаце, вадой і сухарамі харчуюцца. Не задавальняе? Няхай дома сядзяць, менш хадзіць будуць. 

Звяртае на сябе ўвагу, што адказны за ўмовы ўтрымання ў пенітэнцыярнай сістэме Гомельскай вобласці спачатку ўдакладняе ў начальніка з Мінска, ці сапраўды трэба пагаршаць умовы (не выдаваць матрацы), аднак тут жа пагаджаецца на гэта.

І яшчэ адна дэталь — для пагаршэння ўмоваў міліцыянеры гатовыя бессэнсоўна траціць грошы з бюджэту (аплата працы канвою і руху службовага транспарту), каб туды-сюды вазіць па вобласці затрыманых за палітычную пазіцыю. 

Умовы ўтрымання затрыманых па адміністратыўных справах у ізалятарах часовага ўтрымання замацаваныя ва ўрадавай пастанове. Кожнаму чалавеку павінны выдаваць і матрац, і пасцельную бялізну, кожны дзень вадзіць на прагулку, раз на тыдзень — у душ, графік перадач таксама ўстаноўлены, і не аддаваць перадач, па законе, супрацоўнікі ІЧУ не маюць права.

Стварэнне бесчалавечных умоваў — гэта катаванне, здзейсненае ў сувязі з палітычнымі перакананнямі людзей. Гэта асабліва цяжкае злачынства (арт. 128 УК), па якім няма тэрміна даўніны, пакаранне — турэмны тэрмін ад 7 да 25 год, або пажыццёвае зняволенне, або смяротнае пакаранне. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0