Весці новы факультатыў могуць як бацюшкі, так і настаўнікі. На ўроках плануюць закладаць у характар дзяцей дабрыню, міласэрнасць, павагу да іншых, здольнасць дараваць і дапамагаць.
«Дзе вы прачыталі, што гэта праваслаўны факультатыў? — здзівіўся Фёдар Поўны, старшыня сінадальнага аддзела па супрацоўніцтве са свецкімі ўстановамі адукацыі БПЦ. — Гаворка ідзе пра жаданне ведаць гісторыю, духоўную у тым ліку, свайго народа, гэтай зямлі. Сапраўдную, а не прыдуманую. Наогул вельмі дзіўны неспакой на пустым месцы».
Раней Поўны выказваў меркаванне, што адукацыя мусіць быць выключна свецкай.
Каталіцкі касцёл у абмеркаванні праграмы не ўдзельнічаў.
«Для нас таксама была навіна пачуць, што такі факультатыў будзе,
— кажа ксёндз Юрый Санько, які часова выконвае абавязкі прэс-сакратара Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі. — Не ведаем, як гэта будзе арганізавана: ці там павінен прысутнічаць клас цалкам, ці вучань можа вырашыць, хоча ён ісці або не. Пра што там будуць размовы, таксама не ведаем. Мы бачылі толькі фотаздымак падручніка.
У нас працуюць катэхетычныя аддзелы, якія адказваюць за адукацыю дзяцей і моладзі ў кожнай дыяцэзіі. Наколькі ведаю, яны афіцыйнага запрашэння на абмеркаванне праграмы факультатыву не атрымлівалі. Думаю, гэта выключна ініцыятыва праваслаўнай царквы, бо ў яе, здаецца, адзінай падпісана дамова аб супрацоўніцтве з Міністэрствам адукацыі.
Гэта пытанне — у якім свеце будуць прадстаўлены іншыя канфесіі і наогул, ці будзе пра іх размова. Напэўна, павінна быць, бо немагчыма казаць толькі пра праваслаўных вернікаў — у гарадах і вёсках ёсць і касцёлы, і мячэці, і сінагогі, і пратэстанцкія дамы.
Важна не пасеяць крыўды паміж дзецьмі, яны ж вельмі чулыя. Каб не было пазней дыскрымінацыі».
На думку Юрыя Санько, найбольш востра пытанне можа стаяць у Гродзенскай вобласці і некаторых мясцінах заходняй Віцебшчыны, дзе шмат каталікоў.
У Гродне і Ваўкавыску, напрыклад, ёсць польскія школы, дзе даўно выкладаюць прадмет «Рэлігія» сумесна з касцёлам. Новы факультатыў ад праваслаўнай царквы ўводзяць і там, ніякіх выключэнняў.
«Наша школа дзяржаўная, таму мы працуем па праграмах, зацверджаных для ўсіх устаноў адукацыі», — коратка пракаментавала «Нашай Ніве» дырэктарка школы №8 у Ваўкавыску Галіна Булай.





