Па-першае, краязнаўцы, якія шмат гадоў ваююць з гарадскімі ўладамі за вяртанне гістарычных назваў, абураныя, як лёгка было прынята рашэнне аб перайменаванні: «На працягу апошніх дзесяцігоддзяў мясцовыя ўлады адкідалі любыя прапановы па вяртанні назад гістарычных назваў вуліц, заўзята адстойваючы савецкія безаблічныя назвы, ніяк не звязаныя з гарадамі і іхняй гісторыяй. Аргументы таму знаходзіліся розныя: «патрабуе значных рэсурсаў», «прадстаўляецца немэтазгодным», «стварае нязручнасці для жыхароў», «з моманту смерці асобы не мінула 10 гадоў», — такімі словамі пачынаецца петыцыя.

Таксама краязнаўцы не разумеюць, чаму вуліца Філарэта мусіць з'явіцца ў цэнтры менавіта Гродна: ніякія заслугі мітрапаліта перад горадам у апублікаваных афіцыйных тэкстах не раскрыты.

Прычым, як даводзяць гісторыкі, менавіта прапанаваны да перайменавання ўчастак вуліцы Горкага, ад плошчы Тызенгаўза да скрыжавання з вуліцамі 17 Верасня і Камунальнай, меў гістарычную назву — Грандзіцкая вуліца, за цяперашнімі вуліцамі 17 Верасня і Камунальнай горад сканчаўся, і працяг вуліцы цягнуўся да вёскі Грандзічы, ад якой уласна яна і атрымала назву. 

Трэба адзначыць, што неабыякавыя да гісторыі складальнікі петыцыі не проста адпрэчваюць варыянт мэрыі, але і прапануюць свой. Яны лічаць, што ўшанаваць памяць мітрапаліта Філарэта можна, надаўшы яго імя безназоўнай плошчы (курданёру), якая ўтвараецца карпусам архірэйскага падворка (вул. Горкага, 2, 4).

«Такія месцы заўсёды лічацца ганаровымі (для прыкладу — плошча Святога Пятра ў Рыме, плошча Маршала Юзафа Пілсудскага перад Саксонскім палацам і курданёр з помнікам Юзафу Панятоўскаму перад Прэзідэнцкім палацам у Варшаве, курданёр Версальскага палаца і інш.), а ў дадзеным выпадку такое рашэнне яшчэ і не ўступае ў супярэчанне з гісторыяй і здаровым сэнсам», — даводзяць аўтары петыцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0