Дзмітрый Канапелька, dev.by
У чэрвені суд Маскоўскага раёна прысудзіў Дзмітрыя Канапельку і яшчэ трох фігурантаў справы «аб лазерных указках» да 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
У справе было чацвёра абвінавачаных: Дзмітрый Канапелька (дырэктар «Тэхнакратыі»), Ігар Ярмолаў (ІП, настаўнік школы танцаў), Мікалай Сасеў (беспрацоўны) і Улад Карэцкі (асвятляльнік «Беларусьфільма»).
Іх абвінавачвалі па арт. 293 КК РБ «Масавыя беспарадкі». Абвінавачванне тычылася падзей 9-12 жніўня. Кожны з чацвярых, на думку дзяржабвінаваўцы, «меў намер асабіста ўдзельнічаць у масавых беспарадках, часткова падаў неўстаноўленым асобам з ліку ўдзельнікаў масавых беспарадкаў у мэтах прымянення названыя вышэй прадметы». Прадметы — гэта «два малаткі слясарныя, не менш за 90 лазерных указак, не менш за дзве запальнічкі, не менш за два піратэхнічныя вырабы».
Мінскі гарадскі суд разгледзеў апеляцыю па справе дырэктара ІТ-кампаніі «Тэхнакратыя» Дзмітрыя Канапелькі. Рашэнне суддзі Маскоўскага раёна Мінгарсуд пакінуў без змен, паведаміў dev.by адвакат Дзмітрыя.
І вось стала вядома, што кампанія «Тэхнакратыя», якую ўзначальвае Дзмітрый Канапелька, больш не ўваходзіць у ПВТ. Кампаніі няма ў спісах рэзідэнтаў Парку.
Дзмітрый Канапелька не ініцыяваў выхаду кампаніі з ПВТ.





