Фота pixabay.com
Вынікі новага даследавання сведчаць: калі прадаваць садавіну і гародніну на ўваходзе ў магазін і прыбраць кандытарскія тавары з паліц каля кас, гэта пабудзіць людзей купляць больш карысныя прадукты.
Каб атрымаць такія вынікі, навукоўцы змянілі размяшчэнне аддзелаў у трох супермаркетах сеткі Iceland Foods Ltd. у Брытаніі. На ўваходзе ў кожную краму яны размясцілі расшыраны аддзел з садавінай і гароднінай, а таксама замянілі кандытарскія вырабы, якія звычайна ляжаць на паліцах каля кас, на іншыя тавары. Сярод такіх тавараў была вада ці жвачка без цукру, а таксама болесуцішальныя лекі і сродкі гігіены і касметыкі накшталт вільготных сурвэтак ці дэзадарантаў, піша Daily Mail.
У такім рэжыме супермаркеты працавалі на працягу шасці месяцаў. Дзякуючы гэтаму, як высветлілася, продаж садавіны і гародніны павялічыўся амаль на 10 тысяч порцый у тыдзень, а продаж кандытарскіх вырабаў зменшыўся на 1500 порцый на тыдзень. Змены ў супермаркетах дапамаглі пакупнікам перайсці на больш здаровае харчаванне. Пра гэта сведчаць звесткі некалькіх дзясяткаў пастаянных кліентаў сеткі, якія таксама знаходзіліся пад маніторынгам падчас эксперыменту.





