Біржавая цана газу ў Еўропе абнавіла гістарычны максімум, перавысіўшы адзнаку $800 за 1 тыс. куб. м. Пра гэта сведчаць даныя Лонданскай біржы ICE.

Кошт ф'ючарса на хабе TTF у Нідэрландах у аўторак дасягнуў $801,2 за 1 тыс. куб. м.

Цэны на газ у Еўропе растуць на працягу ўсяго года. Сярод прычын — адмова «Газпрама» браніраваць дадатковыя магутнасці для транзіту газу праз Украіну напярэдадні запуску «Паўночнага патоку — 2». Запасы газу ў падземных сховішчах Еўропы застаюцца ніжэйшымі за леташнія пасля халоднай зімы.

Калі паглядзець на тое, як «Газпрам» адрэагаваў на павышэнне коштаў, то стане ясна, што кампанія рабіла так, каб падштурхнуць цэны ўверх яшчэ больш, піша The Insider.

«Былі скарочаныя пастаўкі па маршруце праз Беларусь і Польшчу, магутнасці «Паўночнага патоку — 1» былі на некаторы час пастаўленыя на прафілактыку, былі адмовы ад рэзервавання транзітных магутнасцяў праз Украіну, быў перыяд адмовы ад запаўнення падземных газасховішчаў, якія «Газпрам» арандуе ў Еўропе. Усе гэтыя акцыі адбыліся ў перыяд высокіх коштаў, калі можна было скарыстацца сітуацыяй і выгадна прадаць газ.

Паколькі гэтага не было, ёсць здагадкі, што гэта было зроблена наўмысна як акт газавай вайны або маніпуляцыі рынкам»,

— растлумачыў The Insider партнёр Rusenergy Міхаіл Круціхін.

Магчыма, маніпуляцыйным ростам коштаў на газ Расія хоча прымусіць пакупнікоў заключаць доўгатэрміновыя кантракты.

Кошты на газ для Беларусі застаюцца на ўзроўні 2021 года — $128,5. Таксама Пуцін і Лукашэнка дамовіліся да 2024 года падпісаць пагадненне аб адзіным рынку газу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0