«Наша Ніва» ўжо пісала, што вядома пра гэтую сям’ю.

А вось што расказалі на тэлебачанні.

Вайцяховічы даўно трапілі ў поле зроку праваахоўнікаў, паведамілі ў сюжэце СТБ. Уладам зацікавіліся пасля таго, як ён паставіў GPS-трэкер на аўто міліцыянта. Трэкер заўважылі, з таго часу Уладам занялося КДБ. 

Сачылі за сям’ёй даўно: у сюжэце нават ёсць відэаздымка, як сям’я збіраецца на рыбалку. Вайцяховічаў праслухоўвалі, запісвалі іх размовы.

Паведамляецца, што Улад з бацькам планавалі некалькі тэрарыстычных атак: на сілавікоў, суддзяў, тэлевядучых і Гайдукевіча. Планавалі выкрадаць, катаваць і запісваць пакаяльныя відэа.

Бацька прапанаваў сыну дапамогу ў «пакушэнні» на Гайдукевіча. Вырашылі зрабіць выгляд, што едуць усёй сям’ёю на рыбалку, прайшліся каля дома Гайдукевіча з малым. Схавалі непадалёк бутэлькі з кактэйлямі Молатава.

Пасля ўначы бацька кінуў бутэльку. На відэа сам Віталь Вайцяховіч прызнаецца, што кідаў гаручую сумесь.

Пра напад на дом Гайдукевіча сілавікі ведалі загадзя і кантралявалі сітуацыю, калі верыць сюжэту на ТБ. Але Вайцяховічаў не затрымлівалі адразу, каб устанавіць іншых фігурантаў справы.

Пасля Вайцяховічы планавалі ўзарваць машыну міліцыянта ў Барысаве. Улад Вайцяховіч на відэа расказвае, як рыхтавалі кактэйль Молатава. Таксама ён кажа:

«Планавалі, каб бацька паліў машыну гаручай сумессю з бутэлькі, пасля да дрона прывязаць таблеткі сухога гаручага, падпаліць іх і каб дрон падпаліў аўто».

Да дрона, праўда, справа не дайшла. Калі Віталь Вайцяховіч паліваў аўто гаручай сумессю, яго з сынам затрымалі.

Улад і бацька былі выканаўцамі злачынства, Анастасія, жонка Улада, была аператарам, паведамляецца ў сюжэце. Акрамя таго, на аўдыя Улад абмяркоўвае з ёй некаторыя планы.

Якое дачыненне да злачынстваў мае Вольга Вайцяховіч, з сюжэтаў не вельмі зразумела.

Агулам па справе затрымана больш за 20 чалавек, расследаванне працягваецца, паведамляе КДБ. Абвінавачаныя супрацоўнічаюць са следствам, даюць прызнальныя паказанні. Заведзеная справа па артыкуле 289, акт тэрарызму. Вайцяховічам пагражае да 15 гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0