«Рабілі хадулі, з конскімі капытамі, і пераходзілі мяжу, каб не пакідаць чалавечы след»

Старая мяжа праходзіла па рацэ Заходняя Дзвіна, праз возера Мядзел, па рацэ Вілія, у раёне Радашковіч і Ракава, па рацэ Случ да яе ўпадзення ў Прыпяць, а затым амаль па вертыкалі да сучаснай беларуска-ўкраінскай мяжы. У 1921 годзе суседнія вёскі апынуліся ў розных дзяржавах.

Фота: humus.livejournal.com.

Фота: humus.livejournal.com.

Марыя Пальчэўская жыла ў вёсцы Прусінава, што на Стаўбцоўшчыне. Паміж гэтым населеным пунктам і вёскай Сверынава па полю і рацэ праходзіла мяжа. Натуральна, людзі да яе падыходзілі — трэба было сеяць і жаць.

«Заходнікі ўсё гаварылі, як ім жывецца, і пыталі ў нашых, але нам нельга было адказваць, нават павярнуцца ў іх бок было нельга. Бо забяруць у заставу, у камендатуру перададуць і пасядзяць — шпіён!»

Фота: humus.livejournal.com.

Фота: humus.livejournal.com.

Тыя ж успаміны і ў Гені Арцішэўскай з вёскі Сверынава: «Мяжа па Нёмане ішла. Нашы жанчыны расказвалі: грабуць сена на лузе, на адным баку палякі, на другім — савецкія. Нашы жанчыны падыйдуць, распытваюць, бо сем’і ж засталіся за мяжой, выходзіць. А яны нямыя і не глядзяць на наш бок».

Натуральна, мяжу пераходзіць не дазвалялася. Але любое правіла створана, каб яго парушаць. «Некаторыя ўхітраліся: рабілі такія хадулі, з конскімі капытамі, і вось так пераходзілі, каб не пакідаць чалавечы след», — кажа Пальчэўская.

Фота: humus.livejournal.com.

Фота: humus.livejournal.com.

Праўда, такія пераходы былі надта небяспечнымі. «Старэйшыя дзеўкі аднойчы вырашылі схадзіць за мяжу, дык іх затрымалі і добра, што вярнулі назад. А былі ж тыя, каго забралі з канцамі!», — расказвала Марыя Жарко з вёскі Прусінава.

Геня Арцішэўская згадвала, як у Заходняй Беларусі не хацелі распісваць каталікоў з праваслаўнымі. Бо Другая Рэч Паспалітая — так называлі Польшчу — з’яўлялася каталіцкай дзяржавай. Адна пара вырашыла паспрабаваць на савецкім баку.

Кірмаш у Заходняй Беларусі. 1939 год. Фота: humus.livejournal.com.

Кірмаш у Заходняй Беларусі. 1939 год. Фота: humus.livejournal.com.

«Пайшлі пераходзіць мяжу. Хлопец перабег, а дзяўчыну падстрэлілі. Але ўжо не сталі катаваць, перадалі на наш бок. Жаніх той таксама вярнуўся. Але ці пажаніліся яны ў выніку, я не ведаю».

Ніякіх калгасаў, але пагарда з боку палякаў

Заходняя Беларусь успрымалася палякамі як сыравінны прыдатак іх дзяржавы. У рэгіёне амаль не развівалася прамысловасць: 2/3 прадпрыемстваў і рабочых прадстаўлялі дрэваапрацоўчую і харчовую галіны. Тысячы людзей у пошуках працы з’язджалі на Захад.

Але пасля 1939 года шараговыя «заходнікі» змаглі параўнаць сваё жыццё з савецкім. Тады высветлілася, што яны жылі няблага.

Збор бульбы. Фота: humus.livejournal.com.

«У заходнікаў былі коні, нас гэта моцна здзіўляла, у нас жа забралі, як толькі калгасы утвараліся», — расказавала Марыя Пальчэўская.

«За палякамі нам жылося лепш: кожны меў сваю зямлю, трымаў каня, карову. У нас было 25 авечак, дзве каровы, конь, свінні, — усё было», — дадае Марыя Флер’яновіч з вёскі Сверынава.

«Галодныя мы ніколі не былі, але рабіць трэба было шмат», — падагульняе Марыя Жарко.

Унук і дзед плятуць лапці. Заходняя Беларусь 1936 год. Фота: humus.livejournal.com.

Унук і дзед плятуць лапці. Заходняя Беларусь 1936 год. Фота: humus.livejournal.com.

«Заходнікаў» расчароваўвала, як да іх ставіліся асобныя палякі. «Прыйдзем у магазін. Яны паміж сабой гавораць-гавораць, нас убачаць — зусім іншая размова пачынаецца. Скажы што поперак, ды пачуеш: «Маўчы, хамка, з чорным ротам! Яшчэ яна агрызаецца!»

Усё роўна мы былі ўсё жыццё пад пятой. Яны хацелі, каб мы сваю веру прамянялі на іхнюю, каб гаварылі мы толькі па-польску, каб нічога беларускага не засталося, каб плясалі пад іхнюю дудку», — кажа Марыя Флер’яновіч.

«Па-беларуску нам гаварыць забаранялі, але не моцна. Настаўнік у школе казаў, што мы павінны размаўляць на польскай мове. Але мы ўсё адно гаварылі проста, па-свойску», — дадае Марыя Жарко.

Побыт сям'і ў Заходняй Беларусі, 1939 год. Фота: humus.livejournal.com.

Побыт сям'і ў Заходняй Беларусі, 1939 год. Фота: humus.livejournal.com.

«Як мяжу скасавалі, прошэ пані, заходзьце!»

Польскі ўціск і паланізацыя адчуваліся цягам двух дзесяцігоддзяў. Як сапраўды жылі «усходнікі», у Заходняй Беларусі не ведалі. Не дзіва, што Чырвоную армію пераважна сустракалі як вызваліцеляў.

«Як аб’ядналі нас, канешне, мы былі рады. Бо падумайце: сваякі не маглі бачыцца паміж сабой, жывуць у суседніх, лічы, вёсках, а ні ў госці схадзіць, ні дапамагчы, — нічога не можаш. Як мяжу скасавалі, прошэ пані, заходзьце!». — кажа Марыя Пальчэўская.

Так прыход Чырвонай Арміі віталі ў Брэсце. Фота: humus.livejournal.com.

Так прыход Чырвонай Арміі віталі ў Брэсце. Фота: humus.livejournal.com.

«Як прыйшла Чырвоная армія, мы радаваліся. Бо мы жылі бедна, што ў нас забіраць? Казалі: «Савет прынёс нам канфет!» Хоць ніякіх канфет і не было, па праўдзе», — згадвае Марыя Жарко.

А вось успаміны Гені Арцішэўскай не такія адзначныя: «Хтосьці радаваўся, што прыйшлі Саветы, а хтосьці і плакаў.

Фота: humus.livejournal.com.

Фота: humus.livejournal.com.

Сапраўды, пасля далучэння Заходняй Беларусі яе жыхары хутка сутыкнуліся з савецкай карнай машынай.У Мікалаеўшчыне за ноч зрабілі браму, сустракалі салдатаў з хлебам-соллю. Адно ж хутка зразумелі, што лёгкага жыцця нам не будзе».

«Многа леснікоў забралі. А якія яны былі шпіёны, калі рабілі дзень і ноч. Многія і не вярнуліся. Так і памерлі там, з жонкамі, дзецьмі. Божа-божа, як мы гэтага баяліся!», — прызнаецца Марыя Жарко.

Такімі плакатамі сустракалі Чырвоную Армію ў Заходняй Беларусі. Фота: humus.livejournal.com.

Такімі плакатамі сустракалі Чырвоную Армію ў Заходняй Беларусі. Фота: humus.livejournal.com.

«Наша сям’я была ў спісе. Выратавала нас вайна. Каб яшчэ які тыдзень, нас бы дакладна забралі ў Сібір. Немец наступаў, а людзей па-ранейшам у грузілі ў цялятнікі і вывозілі ў Сібір», — згадвае Геня Арцішэўская.

Але паўсядзённае жыццё «заходнікаў» змянілася не адразу. За два гады новыя ўлады не паспелі правесці паўнавартасную калектывізацыю.

Старшыня сялянскага камітэту размаўляе з былымі батракамі. Фота: humus.livejournal.com.

Старшыня сялянскага камітэту размаўляе з былымі батракамі. Фота: humus.livejournal.com.

«Заходнікі па-ранейшаму былі багацей, чым мы, бо ў іх засталася прыватная ўласнасць. Усе яны жылі на хутарах, кожны меў стада ў некалькі галоў: коні, каровы, авечкі», — з лёгкай зайдрасцю адзначала Вольга Кныш, што нарадзілася на Капыльшчыне (яе вусныя ўспаміны запісаў сын, расійскі журналіст Аляксей Мельнікаў). Потым пачалася вайна, аднаўленне гаспадаркі.

У выніку калгасы сталі ствараць напрыканцы 1940-х — у пачатку 1950-х. Тады сапраўды адбылася ломка, якую «усходнікі» зведалі за два дзесяцігоддзі дагэтуль. Хто жыў на хутарах, таго перасялялі ў вёскі (цяпер тыя хутары параслі травой), жывёлу і тэхніку забіралі ў агульную маёмасць.

Галасаванне аб аб'яднанні ў Беластоку. Фота: humus.livejournal.com.

Галасаванне аб аб'яднанні ў Беластоку. Фота: humus.livejournal.com.

Хто мог — прадаў маёмасць і з’ехаў за мяжу. Але такое сабе маглі дазволіць тыя ж палякі. Беларусаў у Польшчу не выпускалі

«Коней, тэхніку, — усё забіралі. Такога мы ў 1939-м не чакалі, канешне. Трэба было заяву напісаць, што ты нібыта сам хочаш уступіць у калгас. Ці былі тыя, хто не хацеў? А мае ж вы харошыя, хто ж нас пытаў? Як не хочаш, зямлю забяруць, падаткі такія нашлюць — не падымешся. А яшчэ горай — у Сібір у адзін канец. Так што пойдзеш у калгас, як міленькі, нікуды не дзенешся», — згадвала Марыя Жарко.

17 верасня 1939 года. Клецк. Фота: humus.livejournal.com.

17 верасня 1939 года. Клецк. Фота: humus.livejournal.com.

«Уся людская зямля пайшла пад калгасы, гумна забіралі. Мама мая хадзіла ў калгас — палачку ставілі, нічога не плацілі. Толькі выхады. Кожны павінен быў напісаць заяву ў калгас, нібы сам хочаш уступіць.

Прымушалі людзей. Ну, пісалі людзі, куды падзенешся? А калі не будзеш, то ты «едзіналічнік» — і табе ніякай зямлі не дадуць, каня забяруць. Хочаш каня трымаць — плаці, за пашу — плаці. Конь твой ходзіць па калгаснай зямлі, паплавы калгасныя, лугі калгасныя. За ўсё плаці!», — прызнавалася Марыя Флер’яновіч.

Фота: humus.livejournal.com.

Фота: humus.livejournal.com.

Паводле яе слоў, у пасляваенных магазінах амаль нічога не было. Лепшыя прадукты забірала начальства. Карміліся сваім агародам — фактычна, гаворка ішла пра натуральную гаспадарку.

«Заходнікі» сталі жыць крыху лепш толькі пасля смерці Сталіна.

«Заходнікі» і «усходнікі»: адрозненні зніклі або засталіся?

Аб’яднанне Беларусі адбылося 82 гады таму. З таго часу прайшла цэлая эпоха — скончылася Другая сусветнай вайна, распаўся Савецкі Саюз. Але адрозненні паміж двума рэгіёнамі цалкам не зніклі. Наступствы таго, што Заходняя Беларусь амаль дваццаць гадоў знаходзілася пад Польшчай, аказаліся надзвычай істотнымі, яны трывала засталіся ў свядомасці.

Маладзечна 17 верасня 1939 года. Дзеці з чырвонаармейцамі. Фота: humus.livejournal.com.

Маладзечна 17 верасня 1939 года. Дзеці з чырвонаармейцамі. Фота: humus.livejournal.com.

Вось некалькі прыкладаў.

Калгасы замацаваліся на усходзе ў пачатку 1930-х, на захадзе — напрыканцы 1940-х. У выніку пакаленне «заходнікаў» расло пры рынкавай эканоміцы, разлічвала на сябе і ўласную працу, а не на дзяржаву.

Змаганне з рэлігіяй і культурнай спадчынай пачалося на усходзе Беларусі раней, чым на захадзе. Як вынік, апошні рэгіён куды больш прыцягальны для турызму і падарожжаў, самыя цікавыя адметнасці знаходзяцца менавіта там (натуральна, гэта не адзіная прычына, але адна з істотных).

Раздача газеты «Правда» у Маладзечна 1939 год. Фота: humus.livejournal.com.

Раздача газеты «Правда» у Маладзечна 1939 год. Фота: humus.livejournal.com.

Гвалтоўная русіфікацыя распачалася за Саветамі яшчэ ў трыццатыя. У Заходнюю Беларусь гэтыя працэсы прыйшлі куды пазней, ужо пасля вайны. Не дзіўна, што ўсход краіны доўгі час заставаўся найбольш зрусіфікаваным, а на захадзе пераважалі прыхільнікі нацыянальнай ідэі.

Напрыклад, Зянон Пазняк на першых прэзідэнцкіх выбарах атрымаў найменш галасоў якраз на усходзе Магілёўшчыны і Гомельшчыны.

Фота: humus.livejournal.com.

Фота: humus.livejournal.com.

Пакрысе гэтыя адрозненні знікаюць. Краіна робіцца больш аднароднай. Але канчаткова забыцца пра досвед Заходняй Беларусі пакуль не выпадае.

Чытайце таксама:

«Дзень народнага адзінства». Як аб’ядналася Беларусь і якое свята плануе адзначаць улада

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0