«Я ўдзячны камандзе Imaguru за магчымасць вярнуцца да паўнавартаснай працы пасля 4,5 года праведзеных у вымушаным прафесійным прастоі, — сказаў ён. — Спадзяюся, што разам у сённяшніх няпростых умовах мы зможам пабудаваць шырокую інфраструктуру падтрымкі як тэхналагічных стартапаў, так і вельмі неабходных цяпер грамадзянскіх ініцыятыў, здольных аб'яднаць беларусаў, якія вымушана і часова пакінулі Радзіму».
Аляксандр Кныровіч — прадпрымальнік, ментар і інвестар. Больш за 20 гадоў Аляксандр кіраваў групай будаўнічых кампаній «Сармат». Аляксандр — адзін з заснавальнікаў супольнасці «бізнэс-анёлаў» і венчурных інвестараў «Бавін».
Быў медыяперсонай, калумністам. Востра выказваўся наконт становішча ў краіне. Міністэрства інфармацыі ў 2015 годзе нават заблакавала сайт kyky.org праз некалькі матэрыялаў Кныровіча.
У 2018-м яго прысудзілі да 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Кныровіча абвінавацілі ва ўхіленні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры і хабары. Праз ягоную незаконную дзейнасць, паводле следства, завышаліся кошты на абсталяванне, што нібыта нават адбілася на коштах ЖКГ. Шкоду ацанілі ў 3,4 мільёна рублёў.
***
Imaguru пачаў працу ў 2013 годзе. Гэта быў першы ў Беларусі клуб для маладых інавацыйных кампаній. За восем гадоў дзякуючы Imaguru з'явілася больш за 300 стартапаў, якія стварылі больш за 3,5 тысячы працоўных месцаў.
У красавіку 2021 года ў Мінску закрыўся стартап-хаб Imaguru. «Гарызонт» скасаваў з ім дамову арэнды.
У чэрвені стала вядома, што Imaguru Startup HUB стаў партнёрам Google for Startups. «Imaguru з галоўным офісам у Еўропе ў партнёрстве з Google for startups адкрывае новую старонку сваёй гісторыі, якая дапаможа раскрыць велізарны патэнцыял еўрапейскіх стартапаў і тэхнічнай супольнасці», — было сказана ў прэс-рэлізе.





