Жанна Тарасевіч. Фота onliner.by

Жанна Тарасевіч. Фота onliner.by

Нагадаем, у круглым стале ўдзельнічалі кіраўніцтва Міністэрства фінансаў, Міністэрства эканомікі, камітэта эканомікі Мінгарвыканкама, прадстаўнікі бізнэс-саюзаў і прадпрымальніцкіх структур. Адной з удзельніц была і Жанна Тарасевіч, дырэктарка Саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя прафесара Куняўскага, а таксама член Савета па развіцці прадпрымальніцтва пры Мінгарвыканкаме. 

«Мінфін казаў, што прадпрымальнікі мусяць больш удзельнічаць у адлічэнні падаткаў у бюджэт»

«Наша Ніва»: Раскажыце, калі ласка, якія галоўныя моманты абмяркоўваліся на гэтай сустрэчы?

Жанна Тарасевіч: Пакуль больш пытанняў, чым адказаў. Дэкларавалася там наступнае з боку Мінфіна: абмяркоўваюцца змены ў падатковай сістэме, якія больш тычацца суб’ектаў малога бізнэсу, непасрэдна мікраарганізацый, ІП, магчыма, самазанятых.

Гаворка ішла пра змены з 2022 года наступнага моманту — ІП не змогуць карыстацца спрошчанай сістэмай падаткаабкладання, а будуць вымушаныя пераходзіць на адзіны падатак па тых відах дзейнасці, якія будуць устаноўленыя.

Звяртаю увагу, што гэта будзе тычыцца не ўсіх відаў дзейнасці.

Сёння адзіны падатак устаноўлены для шэрагу відаў дзейнасці, і, магчыма, гэты шэраг таксама будзе перагледжаны. У які бок — пакуль пытанне, бо дакумента мы яшчэ не бачылі. 

Таму ІП будуць мець два варыянты. Першы, абавязковы, — адзіны падатак, які розны для розных відаў дзейнасці.

Другі (для усіх астатніх відаў, якія не патрапілі пад дзейнасць адзінага падатка) — карыстанне агульнай сістэмай падаткаабкладання. То-бок падаходны падатак.

Калі браць спрошчаную сістэму, то гэта было 5% ад выручкі і вядзенне кнігі ўліку даходаў і выдаткаў. А цяпер будзе так, што ІП па падаходным падатку будзе плаціць 16%. Але важны нюанс: гэта не ад выручкі.

Ён будзе весці ўлік даходаў і мінусаваць ад іх выдаткі. У выдаткі можа ўваходзіць аплата крэдыту на жыллё, лізінг аўто для прадпрымальніцкай дзейнасці і гэтак далей. Прасцей кажучы, ад даходаў мінусуем усе выдаткі, застаецца сума ад якой будзе плаціцца 16%. Адпаведна, для ІП прыйдзецца ўлічваць усе падобныя выдаткі і пацвярджаць іх. 

Пры гэтым, неабавязкова, што іпэшнік цяпер будзе плаціць больш, чым пры спрошчанай сістэме падаткаабкладання. Панікаваць рана.

Але, канечне, калі ён не будзе пільна весці ўсе выдаткі, то да, тады будзе заўважнай розніца паміж 5% ад выручкі па старой схеме і 16% па новай.

Таксама Мінфін казаў, што прадпрымальнікі мусяць больш удзельнічаць у адлічэнні падаткаў у бюджэт. Але я б сказала, што пытанне пакуль адкрытае, ці будуць тыя адлічэнні ў выніку большымі ці меншымі.

Бо калі ІП будуць правільна весці ўлік, магчыма, збіраючы дадатковыя паперы, пацвярджаючы ўсе выдаткі, то, у прынцыпе, магчыма, што іпэшнік асабліва не будзе перавышаць суму падаткаў, якую плаціў раней.

«У спрошчанай сістэме падаткаабкладання чакаюцца змены»

На сустрэчы быў агучаны яшчэ момант, увядзенне якога плануецца з 2023 года. Што для ІП увядуць абмежаваную колькасць відаў дзейнасці і сфарміруюць нейкі спіс дазволеных для ІП відаў дзейнасці. Што ж будзе з тымі, якія ў спіс не трапяць? 

Варыянты наступныя. Разглядаецца пашырэнне спісу відаў дзейнасці, дазволеных для самазанятых. Адпаведна, калі прадпрымальнік можа спраўляцца без наёмнай працы (бо самазанятым нельга наймаць работнікаў), то ён перарэгіструецца ў самазанятыя.

Гэта ён зможа зрабіць проста ў падатковай па заяўным прынцыпе. Але і там прадугледжваецца ўжо іншае падатковае заканадаўства.

Чакаецца, што за год створаць лічбавую платформу, праз якую кліенты самазанятых прадпрымальнікаў будуць разлічвацца з дапамогай карткі ці смартфона. Грошы акумулюцца на рахунку, з іх будзе плаціцца 10% падаткаў.

Прычым, раней самазаняты не быў упісаны ніяк у сістэму сацыяльнага страхавання: не плаціў у ФСЗН, не меў стаж.

А па новых правілах тыя 10% падаткаў будуць дзяліцца на нейкія часткі (як дакладна, праўда, пакуль не кажуць), з якіх нешта будзе ісці ў ФСЗН. Адпаведна, самазанятыя ўжо будуць зарабляць сабе пенсію, чаго раней не было. Але, нагадаю яшчэ раз, гэтая схема плануецца толькі з 2023 года.

Калі ж ІП не трапіць у новы спіс відаў дзейнасці прадпрымальнікаў, не трапіць у спісы дзейнасці, дазволенай для самазанятых, ці мае наёмных работнікаў, тады яму прапануюць у спрошчаным парадку пераўтварыцца ў камерцыйную арганізацыю, юрасобу.

Гэта прыватнае ўнітарнае прадпрыемства ці таварыства з абмежаванай адказнасцю. І як толькі зарэгіструюць новую юрасобу, сваё ІП чалавек можа ліквідаваць і працягваць працу ў межах камерцыйнай юрасобы і карыстацца той жа спрошчанай сістэмай падаткаабкладання. 

Але і ў спрошчанай сістэме падаткаабкладання чакаюцца змены. Сёння гэта маглі выкарыстоўваць ІП і юрасобы, былі розныя стаўкі: 3% плюс НДС, ці 5% без НДС. Але цяпер гэта будзе 5% (НДС прыбіраецца) ці пераход на звычайную сістэму.

І таксама зменяць крытэрыі, хто можа карыстацца спрошчанай сістэмай, яны абмяркоўваюцца. 

Нам сказалі на сустрэчы, што праект Падатковага кодэкса з усімі зменамі і дапаўненнямі будзе апублікаваны на сайце Мінфіна для грамадскага абмеркавання, пасля чаго будзе яшчэ абмеркаванне.

«НН»: У артыкуле дзяржпрэсы з мерапрыемства была такая фраза: варта казаць не аб павышэнні саміх падаткаў, а аб павелічэнні ўдзелу плацельшчыкаў у іх выплаце. Што гэта значыць?

ЖТ: (смяецца.) У мяне ўжо пыталіся пра гэта, бо калі ж павышаеш удзел, то, адпаведна, і павышаеш выплаты. Але, мяркую, гэта значыць, што па факце грашовая розніца паміж 5% падаткаў і 16% можа быць не такой вялікай, як на паперы паміж лічбамі. Гэта тое, што я ўжо тлумачыла вышэй.

Ці можа гэта проста не вельмі ўдалая фраза. Але ж гэта можна ўспрымаць і як выраўніванне ўмоў паміж суб’ектамі.

Прывяду прыклад: тры гады таму я зрабіла разлік для сям’і з двух чалавек, мужа і жонкі, якія прадастаўляюць фотапаслугі. І я разлічвала розныя сітуацыі. Што будзе, калі муж і жонка з’яўляюцца самазанятымі, калі яны абодва ІП, калі муж ІП, а жонка ў яго наёмны работнік, калі яны ствараюць юрасобу і гэтак далей. І розніца ў падатках у некаторых сітуацыях была ў 8 разоў. Гэта і былі няроўныя ўмовы.

Таму цяпер новыя рашэнні некалькі выраўняюць умовы канкурэнцыі. Усе трапяць у больш менш аднолькавыя ўмовы. 

«НН»: Як аўдыторыя на круглым стале ўспрыняла навіны? Як вы самі ставіцеся да гэтых змен?

ЖТ: У кулуарах мы абмяркоўвалі, але ж шмат што залежыць ад таго, якія лічбы мы ўбачым на паперы, якія канчатковыя сумы будуць фіксаваныя па адзіным падатку, якія сумы па спрошчанай сістэме, якія віды дзейнасці перанясуць з ІП у самазанятыя. Гэтую карціну трэба бачыць цалкам, каб ацаніць ці гэта кепска, ці ўсё ж добра альбо цярпіма. 

Само сабой, калі чуеш лічбы, што замест 5% цяпер 16%, калі чуеш, што спрошчаную сістэму забароняць, то самая першая эмоцыя — так, павялічваюць фіскальныя выняткі.

Але калі пачынаеш разбірацца, то бачыш варыянты, што не ўсё так страшна. Таму трэба будзе ўбачыць выніковы варыянт і пралічваць кожнаму лічбы для свайго віду дзейнасці і самому прымаць рашэнне. Можа хтосьці і будзе ў выйгрышу, але, канечне, хтосьці і прайграе. 

І тыя моманты, што сёння ты ІП, а пасля будзеш вымушаны перафарматаваць бізнэс, займацца перарэгістрацыяй, гэта дадае нервовасці. Бо нават магчыма, што гэтыя змены пойдуць у плюс, але чалавек пакуль пра гэта не ведае, таму насцярожваецца і баіцца. 

Таму для канкрэтных высноў трэба ўбачыць сам дакумент, разабраць яго па ўсіх лічбах і толькі тады гаварыць: гэта кепска ці добра. 

«Зліты дакумент не вельмі блізкі да рэальнасці, карацей, штосьці вельмі сырое»

«НН»: Але пасля рэзкіх выказванняў Лукашэнкі пра іпэшнікаў, узнікла ўражанне, што праз змены падаткаў дзяржава «ўзялася за ІП». І зусім не ў пазітыўным сэнсе. Ці так гэта?

ЖТ: Безумоўна, магчыма ўсякае. Але казаць адназначна ўсё ж змагу, толькі калі ўбачу на свае вочы новы Падатковы кодэкс.

Аб змяненнях с падаткаабкладаннем ІП яшчэ гаварылася два-тры гады таму назад. Ужо тады многія бізнэсы бачылі у ІП сваіх канкурэнтаў і выказваліся за роўныя ўмовы вядзення бізнэсу. 

«НН»: Калі падсумаваць вашы словы, то складваецца наступнае ўражанне: дзяржава неабавязкова плануе збіраць з прадпрымальнікаў больш грошай, але абавязкова хоча больш пільна кантраляваць іх даходы.

ЖТ: Так, гэта адназначна. Што дзяржава імкнецца кантраляваць даходы і выдаткі кожнага падаткаплацельшчыка, гэта факт. Але ж плаціць падаткі — святы абавязак чалавека ў любой дзяржаве.

Тут, хутчэй, пытанне сувымернасці, каб з розных даходаў плаціліся розныя сумы, каб людзі не былі зацікаўленыя хаваць свае даходы.

«НН»: Што будзе з рамеснікамі? Агратурызмам?

ЖТ: Пра змены ў гэтых сферах нічога не казалі. Я так разумею, пакуль іх не чапаюць. 

Раней ішлі размовы, што можа трохі падымуць аплату, замест адной базавай зробяць дзве, але, прабачце, гэта не тыя сумы, каб надаваць гэтаму пільную ўвагу.

«НН»: Раней у сеціва ўжо злілі дакумент нібыта са зменамі ў Падатковым кодэксе. Наколькі ён блізкі да рэальнасці?

ЖТ: Я бачыла яго, але, думаю, не вельмі блізкі. Магчыма, гэта нейкі першапачатковы варыянт ці адзін з варыянтаў, карацей, штосьці вельмі сырое.

«НН»: Проста ў тым злітым дакуменце фігураваў наступны момант: прыбяруць адзіны падатак, замест яго з’явіцца нейкі новы, падатак на прафесійны даход. Цяпер гаварылі штосьці пра гэта?

ЖТ: Не, пакуль ніякі падатак на прафесійны даход не абмяркоўвалі і нічога пра такое не казалі. Прынамсі, з боку Мінфіна нічога такога не агучвалі. 

«НН»: І яшчэ там быў момант, што падатак на перавышэнне даходаў над выдаткамі могуць падняць да 20%.

ЖТ: Пра гэта прагаворвалася, што разглядалася некалькі варыянтаў, павышэнне — адзін з іх. Але нічога канкрэтнага пакуль не вырашана па гэтым пытанні.

Адзінае, што казалі пра самазанятых, — тое, што магчыма вызначаць нейкі бар’ер даходаў для іх, калі не памыляюся, у 60 тысяч рублёў у год.

Адпаведна, з іх будзе плаціцца 10% падаткаў, а з памеру перавышэння — ужо 20%.

Умоўна, зарабіў 61 тысячу, з 60 плаціш 10 працэнтаў, а з тысячы — 20%. Гэты варыянт сапраўды разглядаецца.

Але зноў жа — гэта не канчатковае рашэнне, гэта адзін з варыянтаў.

«НН»: Калі новы кодэкс з’явіцца ў публічным доступе?

ЖТ: Па словах першага намесніка міністра фінансаў Кійко, недзе цягам тыдня ці 10 дзён. Чакаць засталося нядоўга.

«НН»: Што ў выніку, прадпрымальнікам можна пачынаць баяцца? Ці пакуль рана?

ЖТ: Баяцца пакуль дакладна не трэба. Бо бізнэс заўсёды знаходзіў варыянты ды і пакуль канчатковыя рашэнні не прынятыя.

Тут трэба будзе прадпрымальніку сесці і пралічыць, як і ў якой форме яму будзе выгадна працаваць далей. 

Праўда, удакладню: баяцца ўсё ж трэба заўсёды. Гэта нармальна, калі пастаянна ёсць лёгкі страх, тады лепш працуе інстынкт самазахавання і чалавек больш рацыянальна карыстаецца рэсурсамі.

Але каб бегчы закрываць бізнэс, з’язджаць за мяжу ці проста крычаць «Караул!» — пакуль усё ж рана.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0