«Выпіваю тры літры вады, яшчэ два літры раствору ўліваюць праз кропельніцу»
З каранавірусам у 1-й сталічнай бальніцы тыдзень ляжыць Анатоль Шумчанка, старшыня аб’яднання «Перспектыва». У яго захварэла ўся сям’я.
Пакуль прадпрымальнік быў дома, кажа, сур’ёзнага лячэння не прапісалі.
«Аспірын, вітамін С, Д, цынк, шмат вады. І маліцца… У мяне першыя чатыры дні тэмпература збівалася, пасля не».
Анатоль выклікаў хуткую. Шпіталізавалі яго з пнеўманіяй і 25% паражэння лёгкіх.
«Усё, што могуць зрабіць дактары — паставіць кропельніцы раствору, каб разбавіць кавідную кроў, зрабіць укол гепарыну ў жывот супраць трамбозу, збіць тэмпературу, калі магчыма, даць кісларод і падняць сатурацыю,
— апісвае прадпрымальнік бальнічныя працэдуры. — Усё астатняе залежыць ад вашага арганізму.
У дзень выпіваю тры літры вады, плюс раствору кропельніцы ўліваць 2,4 літра. Піць трэба шмат. Туалет — мой другі дом (усміхаецца).
Каварны кавід інтэлектуальны і можа падладжвацца пад жарапаніжальныя. Першы раз тэмпературу саб’еш — а пасля лекі не дзейнічаюць. У мяне ў адзін з дзён традыцыйная трайчатка і парацэтамол у кропельцы не спрацавалі. Да вечара тэмпература паднялася да 39,1. Давялося калоць гармон».
Шумчанка заўважае, што ад пастаянных кропельніц бачныя вены ў яго засталіся толькі на кісці.
Сняданак (злева) і вячэра ў бальніцы
Нядаўна Анатоль адчуў сябе горш.
«Сатурацыя нізкая — 88-90, пад кіслародам — 98. Тэмпературы пакуль няма, але аналізы на піку запалення. Кругласуткава пад маскай».
У палаце з ім ёсць вакцынаваны мужчына. Рабіў прышчэпку «Спутнікам», але кавід пераносіць складана — дыхавіца, хадзіць цяжка, паражэнне лёгкіх. Магчыма, справа ў новым штаме віруса.
«Палаты боксавага тыпу са сваім душам і туалетам»
Настасся з пятніцы лечыцца ў мінскай інфекцыйнай бальніцы.
«Захварэла я 6 верасня, 11-га паднялася тэмпература 38-39 градусаў і тыдзень трымалася — збівалася толькі на пару гадзін. Быў невыносны галаўны боль і моцны кашаль з макротай, пахаў я не адчувала.
17 верасня пасля прыёму жарапаніжальнага тэмпература пачала не падаць, а расці — пры 39,5 мне стала вельмі дрэнна. Я пабаялася, што можа быць пнеўманія, і выклікала хуткую. Прыехалі праз паўтары гадзіны і адвезлі ў бальніцу», — расказвае дзяўчына.
Так выглядае бальнічны сняданак…
…а так — абед.
Праз некалькі дзён пасля шпіталізацыі ёй зрабілі рэнтген — на здымку лёгкія былі чыстыя.
Палаты ў бальніцы боксавага тыпу, невялікія, разлічаныя на аднаго-двух чалавек. Ёсць свой душ і туалет. «Вельмі прыстойная палата», — заўважае Настасся.
Душ у палаце
Лячэнне, па яе словах, ва ўсіх амаль аднолькавае.
«Абавязкова піць два літры вады на дзень. Даюць прэпараты, каб макрота ў горле адыходзіла, для разрэджвання крыві. Таксама робім паласканне носу салявым растворам — дзякуючы яму пахі вяртаюцца.
Як кажуць дактары, усе месцы заняты. Ляжаць і дарослыя, і дзеці. З палаты выходзіць нельга, але калі гляджу з акна ў іншыя карпусы, візуальна палаты запоўненыя».
Настасся кавідам дагэтуль не хварэла і прышчэпку не рабіла.
«Маці з кітайскай вакцынай лёгка вірус перанесла, а я не прышчапіўся»
Два тыдні таму ў бальніцу трапіў Аляксандр. Ён лечыцца ў «дзясятцы» ў Мінску. Спачатку мужчына хадзіў здаць мазок у паліклініку. На наступны дзень, калі каранавірус пацвердзіўся, выклікаў хуткую — тэмпература не спадала, пахі зніклі, моцна балела ў грудзях.
«Тады крыху прасцей сітуацыя была, таму за мной хутка прыехалі. Адвезлі ў бальніцу і паклалі недзе праз гадзіну».
Умовамі ў аддзяленні Аляксандр здзіўлены: не думаў, што так добра.
«Тут рамонт некалькі год таму быў. Я ляжу ў эндакрыналогіі — у мяне проста спадарожнае захворванне, цукроўка. Палата на шэсць чалавек, цяпер нас чацвёра. Але кажуць, бальніцы забіта. Тут хірургічнае і афтальмалагічнае аддзяленні закрылі пад каранавірус.
З палаты ў масцы можна выходзіць, але пакідаць аддзяленне нельга. Душ ёсць на паверсе. Ежу прывозяць з 11-й бальніцы, бо тут на рамонце сталовая».
А вось батарэі пакуль не грэюць, у палаце халаднавата.
Кавідам 45-гадовы Аляксандр захварэў упершыню. Апроч вірусу ў яго бактэрыяльная інфекцыя — ацёк лёгкіх (ці двухбаковая пнеўманія).
«Доктар аператыўна рэагуе. Аналізы глядзіць, калі што — на наступны дзень мяняе падыход. Мне даюць антыбіётыкі, кропельніцы ставяць — фізраствор, глюкозу (бывала па тры літры ў суткі ўлівалі).
Гармон калолі, які вірус блакуе. Прымаю таксама таблеткі для ачысткі печані, вітамін Д. Лекі колюць для разрэджвання крыві. І ваду п’ем пастаянна — каля трох літраў на дзень. Я дома не змог бы такі рэжым вытрымаць», — дзеліцца мужчына.
У палаце з ім усе невакцынаваныя. Сам ён прышчэпку не паспеў зрабіць
«Усё чакаў імпартную — «Мадэрну», «Пфайзер». Але не дачакаўся. Буду напэўна, кітайскую, рабіць. Бо маці са мной жа заразілася, яна вакцынаваная кітайскай, — дзён пяць пахварэла, лёгка перанесла і ўжо на працу выйшла. Маці 75 год.
Але з персаналу ёсць тыя, хто прышчэплены «Спутнікам» і ў бальніцы ляжыць. Яны ж у вірусе працуюць пастаянна, можа таму так».
Адзін з суседаў Аляксандра ляжаў у палаце 17 дзён, сёння выпісваюць. Сам мужчына, верагодна, прабудзе ў бальніцы да канца тыдня.





