Транспартны падатак прыйшоў на змену дзяржпошліне, якую раней плацілі пры праходжанні тэхагляду. Новы падатак адносіцца да катэгорыі маёмасных.

Калі казаць проста: цяпер плацяць не за тое, што ездзяць па дарогах, а за тое, што ва ўласнасці ёсць транспартны сродак. Пры гэтым усё роўна, карыстаецеся вы сваёй машынай круглы год ці яна амаль увесь час стаіць у гаражы — плаціць усё роўна прыйдзецца.

Агульнае правіла такое: калі ў базе ДАІ МУС на вас зарэгістраваны які-небудзь транспартны сродак, вы з'яўляецеся плацельшчыкам падатку.

Пералічыць грошы ў казну трэба за кожны аформлены на вас аўтамабіль.

Не трэба плаціць падатак на транспартныя сродкі, якія знаходзяцца ва ўгоне, былі выпушчаныя не пазней за 1991 год, абсталяваныя для выкарыстання інвалідамі, а таксама знятыя з уліку да 1 ліпеня 2021 года. Не плацяць падатак на аўто і ўладальнікі электракараў.

Калі машына куплена ў крэдыт ці лізінг

З крэдытнай машынай усё проста: нават калі яна знаходзіцца ў залогу ў банка, яе ўласнікам з'яўляецца той, хто атрымаў крэдыт. Ён і будзе плацельшчыкам транспартнага падатку.

Плаціць прыйдзецца і за аўто, аформленае ў лізінг.

— Пры перадачы транспартнага сродку ў фінансавую арэнду (лізінг) плацельшчыкам транспартнага падатку будзе лізінгаатрымальнік, — удакладняюць у Міністэрстве па падатках і зборах.

Каму выставяць рахунак?

Логіка маёмасных падаткаў у нашай краіне такая: сёлета мы плацім за тое, чым валодалі летась. Таму цяпер сумы да аплаты выстаўляюць тым, хто паводле звестак на 1 студзеня 2021 года не атрымаў допуску да ўдзелу ў дарожным руху (не праходзіў тэхагляд). Паводле звестак МПЗ, такіх налічылі каля 2 млн чалавек.

Паколькі гэты год у плане выплаты транспартнага падатку з'яўляецца пераходным, усім аўтаўладальнікам выставяць аднолькавую суму ў 1 базавую велічыню (29 рублёў). За прычэп, прычэп-дачу і матацыкл — 20 рублёў. Гэта так званы авансавы плацеж. Разлічыцца з казной трэба да 15 снежня 2021 года.

А ўжо ў наступным годзе астатнюю суму падатку разлічаць для кожнай канкрэтнай машыны.

Сёлета паведамленні ад падатковай прыйдуць да 15 лістапада, але некаторыя аўтаўладальнікі ўжо могуць убачыць налічаныя сумы ў АРІП.

З 2022 года паведамленні будуць прыходзіць да 1 верасня, а выплаціць падатак трэба будзе да 15 лістапада.

А калі паспеў прайсці тэхагляд да 2021 года і заплаціў дзяржпошліну?

Такім аўтаўладальнікам сёлета плаціць падатак будзе не трэба. А вось далей усё будзе залежаць ад тэрміну дзеяння атрыманага дазволу на допуск да ўдзелу ў дарожным руху.

Напрыклад, уладальнік новага аўтамабіля ў ліпені 2020 года прайшоў тэхагляд і, як і належыць, заплаціў падатак на 2 гады наперад. Тэрмін дзеяння дазволу заканчваецца ў ліпені 2022 года. За 2021 год падатку да выплаты не будзе, за 2022 год сума будзе разлічаная з 1 жніўня да 31 снежня, але выплачваць яе трэба будзе толькі ў 2023 годзе.

Калі ж тэхагляд дзейнічаў, напрыклад, да ліпеня 2021 года, то ў гэтым годзе падатак плаціць не трэба, а ў наступным годзе прыйдзе плацеж за перыяд з 1 жніўня па 31 снежня 2021 года.

За якую машыну колькі плаціць?

Памер падатку для легкавых аўтамабіляў залежыць ад дазволенай максімальнай масы. Напрыклад, для машыны масай да 1,5 тоны стаўка складзе 61 рубель, ад 1,5 да 1,75 тоны — 81 рубель і г. д. 

Важны момант: дзяржпошліна, якую аўтаўладальнікі плацілі раней, больш за транспартны падатак. Аднак, нават калі вы пераплацілі, грошы вам не вернуць.

— Дзяржаўная пошліна за выдачу дазволу вяртання або заліку цалкам або часткова не падлягае. Рэч у тым, што юрыдычна значнае дзеянне, за якое яна выплачаная, ужо здзейснена, — тлумачаць у Міністэрстве па падатках і зборах. Выключэннем будуць толькі тыя сітуацыі, калі дзяржпошліну чалавек паспеў выплаціць, напрыклад, у снежні 2020 года, а праходзіць тэхагляд паехаў ужо ў студзені 2021 года — гэта значыць пасля адмены пошліны.

У гэтым выпадку падатак будуць выстаўляць у залежнасці ад колькасці месяцаў, на працягу якіх аўтамабіль быў у вашай уласнасці.

Пры гэтым важна, каб машына была не толькі знятая з уліку, але і аформлена на новага ўласніка. Пры продажы машыны без афармлення (напрыклад, па рахунак-даведцы), вы будзеце лічыцца яе ўласнікам і падатак трэба будзе плаціць вам. Падатак будуць налічваць да таго часу, пакуль вы не дамовіцеся з пакупніком аб тым, каб ён аформіў машыну належным чынам.

А калі машына ператварылася ў аўтахлам?

Каб не плаціць падатак, яе можна ўтылізаваць у спрошчаным парадку. Зрабіць гэта можна па заяўным прынцыпе без прадастаўлення аўтамабіля і якіх-небудзь дакументаў у ДАІ. Калі на працягу апошніх трох гадоў машына не ўдзельнічала ў дарожным руху, яе здымуць з уліку. Гаворка ідзе аб тым, што аўтамабіль за гэты час не страхаваўся і не праходзіў па базе адміністрацыйных правапарушэнняў.

Ільготы — толькі тым, у каго ёсць правы кіроўцы

Ёсць катэгорыі грамадзян, якія будуць плаціць транспартны падатак па льготнай стаўцы. Напрыклад, для пенсіянераў прадугледжана зніжка 50%. Праўда, скарыстацца ёю можна будзе толькі, калі ёсць пасведчанне кіроўцы патрэбнай катэгорыі.

Ці будзе ДАІ правяраць аплату падатку?

Не, ДАІ да транспартнага падатку ніякага дачынення не мае. Усе прэтэнзіі па нявыплаце вам будуць выстаўляць падатковыя органы. За нявыплату падатку будзе налічвацца пеня за кожны дзень пратэрміноўкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0