Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда абвінаваціў Лукашэнку ў арганізацыі міграцыйнага крызісу на мяжы з ЕС і нагадаў пра рэпрэсіі і маштабы ўцёкаў з Беларусі.

Прэзідэнт Латвіі Эгілс Левітс заявіў, што «Беларусь эксплуатуе і падстаўляе пад рызыку безабаронных людзей з розных рэгіёнаў, […] каб дэстабілізаваць Еўропу».

Літоўскі прэзідэнт Гітанас Наўседа адзначыў, што на Мінску ляжыць адказнасць за арганізацыю міграцыйнага крызісу, таксама ён нагадаў пра фальсіфікаваныя выбары і рэпрэсіі. Нават славакі прайшліся па Лукашэнку, згадаў яго і прэзідэнт ЗША Джо Байдэн. 

Дзейныя дыпламаты лічаць, што такі сінхранізаваны наскок на афіцыйны Мінск азначае адно: перагляд палітыкі ў дачыненні да Лукашэнкі з боку развітога свету ўжо прайшоў пункт незвароту. 

Да жніўня 2020 года падавалася, што рэжым Лукашэнкі з’яўляецца часткай вырашэння вялікай рэгіянальнай праблемы. Што ён таксама спрыяе, хай і асаблівым чынам, развіццю беларускай дзяржаўнасці, станаўленню нацыі, стабільнасці ў рэгіёне. Што ён здольны весці палітыку ў нацыянальных інтарэсах і ў інтарэсах рэгіянальнай бяспекі. Што рэжым складаны, але ўсё ж партнёр і гатовы да дыялогу. 

Пасля 2020 года стала ясна, што рэжым — не інструмент вырашэння праблемы, гэта і ёсць праблема.

Што Лукашэнка не здольны адаптавацца і стаць еўрапейскім палітыкам. Што рэжым пераўтварае высокакваліфікаваных спецыялістаў ва ўцекачоў. Што ў краіне больш за 670 палітвязняў.

Што ён пераўтварае тэрыторыю краіны ў адстойнік для мігрантаў, парушае авіяцыйныя правілы, пагражае пераглядам дамоваў аб узбраенні. Што замест працы на карысць стабільнасці і рэгіянальнай бяспекі становіцца крыніцай міжнародных праблем. 

Лідары Захаду публічна канстатуюць: вырашэнне праблемы — новыя сумленныя выбары без Лукашэнкі, вызваленне палітвязняў і дыялог. Насуперак прапагандзе, Беларусь знаходзіцца на парадку дня.

Цяпер многае залежыць ад таго, з чым Макей пройдзецца па калідорах ААН, што прапануе дзеячам заходняга свету (пакуль што вядома, што яго прынялі толькі прадстаўнікі Ірана, Нікарагуа і Турцыі).

Але не выглядае, што Макей прывёз з сабой аліўкавую галінку міру. Найхутчэй, будзе звыклае «давядзенне аб’ектыўнай інфармацыі да замежных партнёраў».

Імаверна, заходнікі праз Макея паспрабуюць данесці мэсэдж з патрабаваннем змяніць палітыку і пайсці на нармалізацыю.

Гэты мэсэдж Лукашэнка, падаецца, праігнаруе, як рабіў гэта не раз, бо надта вялікая незадаволенасць у краіне. 

Выглядае, што палітыка ціску санкцыямі і змушэння да дыялогу сілай не будзе спынена да моманту дасягнення мэты, агучанай за трыбунай ААН, калі трэба — да 2025 года. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?