Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Наста хадзіла на акцыі, вывешвала сцяг са свайго акна. А з базы «кіберпартызан» даведалася, што на яе прыйшло ў міліцыю ажно 7 даносаў.

«На дваровыя імпрэзы даносаў не было»

«Менавіта гэтых людзей я не ведаю. Адна жанчынка — суседка па пад’ездзе. Мяркую, што гэта яна некалькі разоў званіла ў ЖЭС і пагражала выклікаць міліцыю за налепкі ў падʼездзе, і адзін раз прыехаў бус з АМАПам, але мне пашчасціла — гэта было, здаецца, 25-га, на свята. Мы ўключылі музыку, вывесілі сцяг і пайшлі ў краму, каб яшчэ здалёк палюбавацца. Але ў гэты вечар дамоў не давялося вярнуцца, шукалі мяне па ўсім раёне, таму начавала ў сяброўкі», — прыгадвае дзяўчына.

Зрэшты, усе гэтыя даносы Наста называе «драбязой».

«На дваровыя святы даносаў няма. На нашых святах заўсёды было багата дзяцей, рознага смачнага і, акрамя музыкаў, яшчэ розныя адукацыйныя мерапрыемствы. Дзякуючы менавіта дваровым святам мы пашырылі ў некалькі разоў свой чат. І гэта было вельмі крута! Падумала, што колькі нашых людзей у чаце! У параўнанні з гэтым тыя даносы — драбяза», — мяркуе Наста.

Адзін раз сусед дзяўчыны выклікаў на яе міліцыю, але тады яна паспела ўцячы.

«Уначы мы рабілі мурал, а сусед выклікаў у гэтую ноч міліцыю. Мы ўсё паспелі, я вярнулася дахаты і з акна пабачыла, як прыехала міліцыя. Дык у гэтага мужыка-ябацькі доўгі час вісеў чырвона-зялёны сцяг, а потым ён яго зняў. Думалі — каб папраць, але дагэтуль яго не вяртае», — кажа Наста.

«Ёсць разуменне, што рабіць далей»

На думку Насты, даносы — паказчык таго, што беларусы не памятаюць пра сталінскія часы і пра Курапаты.

«Даносы — добры паказчык таго, што беларусы (дзякуючы ў тым ліку дзяржаўнай палітыцы) не зрабілі працу над памылкамі. Як у свой час зрабілі немцы. І гэта як яшчэ адзін доказ, што ў новай краіне перад намі стаіць багата задач, адна з якіх — распаўсюд памяці пра Курапаты, пра рэпрэсіі. І вось ужо гэта будзе адзін з абавязковых пунктаў у маёй дваровай дзейнасці. Не разлічваю на тое, што прыйдуць гэтыя здраднікі і штосьці зразумеюць, але іхнія дзеці і ўнукі, як у школах, так і ў двары, прынясуць гэта дамоў», — разважае дзяўчына.

Наста кажа, што ў яе «ёсць пазітыўны настрой і разуменне таго, што трэба рабіць».

«Багата сяброў вымушаныя былі з'ехаць. Ад гэтага троху сумна. Агульна, можа, такое адчуванне і складаецца — мала актыўнасці. Нават некаторыя кажуць, што не хапае трыгеру. Але ў нашай супольнасці ёсць пэўнае бачанне, што трэба рабіць, што трэба людзям (багата размаўляем з рознымі людзьмі) і як павінны далей разгортвацца падзеі. Таму, нягледзячы ні на што, у нас вельмі пазітыўны, энергічны настрой!» — падсумоўвае Наста.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0