У пятніцу ўвечары прадстаўнікі Фонду ратавання атрымалі інфармацыю ад знаёмай журналісткі, што польскую мяжу ўдалося перасекчы сям'і з Ірака. У гэтай групе было чацвёра дзяцей, у тым ліку самы малодшы ва ўзросце каля 18 месяцаў. У горшым стане знаходзіўся 16-гадовы хлопчык, якога, як высветлілі прадстаўнікі фонду, ванітавала крывёю.
Сям'ю завярнулі ў Беларусь польскія памежнікі. На жаль, 16-гадовы хлопец гэтай ноччу памёр, сцвярджаюць актывісты.
Чаму 16-гадоваму іракцу ніхто не аказаў дастатковай дапамогі, каб выратаваць яго ад смерці? Актывістка тлумачыць, што дапамогі ён не атрымаў ні ў Польшчы, ні ў Беларусі.
Пра смерць 16-гадовага хлопчыка журналісты спыталі польскую памежную службу. Аднак канкрэтных адказаў яны не атрымалі.
Маёр Катажына Здановіч паведаміла, што апісаная вышэй сітуацыя «магла мець месца з беларускага боку», і рэкамендавала ў такім выпадку звязацца з «беларускім дыпламатычным прадстаўніцтвам».





