БелТА

«Гэта не апошняя наша сустрэча. Я яшчэ раз агучу тое, што спачатку казаў. Адміністрацыя прэзідэнта падрыхтуе распараджэнне прэзідэнта, якім будзе створана група, што дапрацуе праект Канстытуцыі і выйдзе на больш дасканалы праект.

Я буду з імі часта сустракацца, каб адказаць на нейкія пытанні», — сказаў сёння Лукашэнка па выніках нарады наконт Канстытуцыі.

«А потым, перад унясеннем на ўсенароднае абмеркаванне таго праекта, мы з вамі ў такім жа складзе збяромся. Камісія не распускаецца, не знікае. Яна працягвае працаваць. Групу вы будзеце ведаць. Уносіце вы таксама туды свае прапановы, — дадаў Лукашэнка. —

Група юрыстаў пасля ўсенароднага абмеркавання кожны радок прагледзіць і канчаткова юрыдычнай мовай прапіша дакумент, які будзе выносіцца на рэферэндум. Вось дзе юрысты будуць. А гэтая група павінна быць не толькі юрыстаў. Гэтая павінна быць група спецыялістаў, дзе павінны быць і эканамісты, і кіраўнікі».

У якасці прыкладу Аляксандр Лукашэнка прывёў пытанне аб тым, якімі павінны быць функцыі і роля Усебеларускага народнага сходу: «Вы што, лічыце, што юрысты па спецыяльнасці лепш будуць ведаць, чым Андрэйчанка [старшыня Палаты прадстаўнікоў] функцыі гэтыя? Не. Ён гэта прайшоў, гэта ўсё яго жыццё. І ён ужо будзе ведаць, як эксперт: гэта падыдзе, гэта — не. Гэта будзе яго меркаванне. Вось ён не юрыст, хоць у парламенце даўно ўжо юрыстам таксама стаў».

«Таму розныя павінны быць людзі. Высокага ўзроўню. Кіраўнікі павінны быць моцныя. А потым канчатковы варыянт, Вольга Іванаўна [намеснік кіраўніка Адміністрацыі Вольга Чупрыс], калі ласка, збярыце юрыстаў і паглядзіце з юрыдычнага пункту гледжання. Бо Канстытуцыя — гэта перадусім юрыдычны дакумент», — сказаў Лукашэнка.

Такім чынам, пасля дапрацоўкі цяперашняга праекта і яго ўсенароднага абмеркавання юрысты канчаткова дапрацуюць дакумент і прадставяць Лукашэнку для наступнага вынясення на рэферэндум.

Ён акцэнтаваў увагу: на гэтым этапе ў групе па дапрацоўцы праекта новай Канстытуцыі могуць узяць удзел і члены Канстытуцыйнай камісіі. «Гэтая група не толькі з цяпер прысутных людзей. Гэтых людзей трэба вызначыць. З такой групай я дапрацоўваў асабіста Канстытуцыю гэтую (гаворка аб практыцы падрыхтоўкі сённяшняга праекта), — адзначыў Лукашэнка. — Не трэба казаць, што Канстытуцыя — гэта справа юрыстаў. Не. Юрысты, калі будзе ідэя, могуць яе аблегчы ў любую форму. Але гэта ўжо будзе на апошняй стадыі».

Напрыканцы Лукашэнка паставіў дакладныя задачы і давёў тэрміны: «Трэба ў найбліжэйшы тыдзень унесці прапанову па гэтай групе. Каб мы на працягу хаця бы месяца дапрацавалі Канстытуцыю.

Потым збяромся, яшчэ раз абмяркуем, вынесем на разгляд народа. І ў канцы юрысты дапрацуюць. Мы зноў з вамі збяромся перад вынясеннем на рэферэндум. Вы загадзя атрымаеце праект, прачытаеце, праглядзіце, і канчаткова прымем рашэнне», — сказаў ён.

Нагадаем, што рэферэндум павінен прайсці не пазней за люты 2022 года.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру