«Калі чалавек у крызісе, ён не выбірае сітуацыю і, можа, не хацеў бы геройстваваць»

Тым, хто хоча аказаць падтрымку, перш за ўсё важна разабрацца, якія эмоцыі яны самі адчуваюць.

«Напрыклад, я сам баюся з гэтым сутыкнуцца і са свайго страху пачынаю гаварыць. Па сутнасці, чалавек спрабуе справіцца са сваім напружаннем. І тут не задача сваяка зняволенага дапамагаць яму гэта рабіць. Гэта ваша адказнасць — распазнаць эмоцыі. Тады лепш спыніцца і ніякай падтрымкі не аказваць, — тлумачыць псіхолаг Настасся Шапель. —

У нас у грамадстве існуе страх заражэння. Калі мы сутыкаемся з чалавекам, у якога ў жыцці нешта кепскае здарылася, мы баімся, што нас таксама можа гэта закрануць. І гэты страх дыктуе нашы паводзіны.

Такія агульныя словы, як «трымайся», не надта дапамагаюць. У гэтай сітуацыі няма за што трымацца. Гучыць хутчэй як «ты застаешся ў адзіноце, я не гатовы цябе падтрымліваць, сам спраўляйся». Вось так гэта можа счытвацца». 

Фразы ў духу «яны не будуць столькі сядзець» таксама ўжываць не варта.

«Гэта выклікае злосць і раздражненне. Бо ты не ведаеш, як будзе дакладна, і даеш абяцанне, за якое не можаш несці адказнасць. Тым самым ты адмаўляеш перажыванні чалавека. Маўляў, навошта хвалявацца, калі ўсё будзе добра? 

У яго карціне свету сваяку вынеслі прысуд, напрыклад, 10 год. А ты кажаш, што будзе сядзець менш. І што мяняецца, калі не 10 год? Колькі б чалавек ні сядзеў — гэта ўжо страшна.

Важна пазбягаць фраз-клішэ тыпу «кожнаму адпісана роўна столькі, колькі ён можа вытрымаць» ці «толькі моцным людзям даюцца моцныя выпрабаванні». Мы так пладзім герояў. Але калі чалавек знаходзіцца ў крызісе, ён не выбірае гэту сітуацыю. І, можа, не хацеў бы геройстваваць. Але так склаліся абставіны, і ў іх чалавек і яго сваякі мусяць выжываць. 

Такія фразы зноў адмаўляюць перажыванні. А іх шмат — гнеў, адчай, страх, бяссілле. І нявызначанасць — мы не ведаем, калі гэта скончыцца», — кажа псіхолаг.

«Ваша задача — умець пачуць «не»

Яшчэ адна памылка — назойліва цікавіцца ў сваякоў навінамі пра палітвязня. Часам пытанні задаюцца не з клопату, а з цікаўнасці і трывогі. Гэта падобна быццам чалавек глядзіць серыял, і яму патрэбны новыя звесткі. Вельмі важна сябе спыняць у такія моманты.

«Папрасіце дазвол задаць пару пытанняў. Мусіць быць культурны зварот да таго, хто валодае інфармацыяй. Можна пацікавіцца ў чалавека: «Як ты сам з гэтым спраўляешся?» Але толькі калі разумееце, што ў дадзеных абставінах такая размова дарэчная.

Вы не ў краме сустрэліся, а ў нейкая бяспечнай атмасферы. Перад гэтым можна сказаць: калі табе зараз не хочацца пра гэта гаварыць, ты можаш не адказваць», — раіць Настасся.

Сваякі палітвязня могуць адмовіцца ад падтрымкі — і гэта нармальна.

«Людзі, якія знаходзяцці ў крызіснай падзеі, бываюць так спустошаны, што не могуць прымаць дапамогу, і ваша задача — умець пачуць «не». І не ўспрымаць гэта як асабістае адвяржэнне. Бо ў другога боку ў думках таксама канфлікт: мне нібыта хочуць дапамагчы, дзейнічаюць з добрых намераў, я павінен пагадзіцца, нават калі мне гэта не вельмі падыходзіць.

Не трэба спрабаваць за кошт сваёй дабрачыннасці выставіць сябе героем. Я кажу не самыя прыемныя рэчы, але, на жаль, такое сустракаецца. Калі я ўключаюся сваім валанцёрствам і гэтым самым магу рабіць з сябе маці Тэрэзу. Калі я з гэтай мэтай іду, то, канечне, буду крыўдзіцца на адмову — што мне груба адказалі, са мной не захацелі гаварыць».

«Часам дастаткова прысутнасці побач без мітусні»

У пытаннях падтрымкі важна быць шчырым і дарэчным. Гэта больш каштоўна за найграную ўвагу і клопат. Калі вы разгублены, не ведаеце, што рабіць, але перажываеце за чалавека, так і скажыце яму. Дайце зразумець, што вы побач.

«Шчыра кажыце пра тое, што бачыце. Калі я буду празмерна падбадзёрваючай, таксама не будзе добра. Калі бачыце, што чалавек выглядае стомленым, паведаміце яму пра гэта. Можа, варта паклапаціцца аб ежы для яго.

Ацаніце для сябе, якую дапамогу можаце аказаць, а якую — не. Часта людзі, баючыся стаць катам, пачынаюць прычыняць дабро з уласнага рэзерву. І пасля раздражняюцца, злуюцца, не адказваюць на званкі — а на вас разлічваюць». 

Спытайце ў сваяка палітвязня, што для яго важна: пайсці развеяцца на каву ці проста пасядзець у цішы. Не трэба ствараць свята, калі чалавек гэтага не хоча.

Настасся заўважае, што памылкі мы робім, бо нас не вучаць, як падтрымліваць іншых у цяжкіх сітуацыях — нас вучаць іх пазбягаць.

«Калі мы бачым пакуты іншага, мы хочам пазбегчы іх, бо нам таксама становіцца балюча і мы не хочам гэтага. Таму мы спрабуем супакоіць крыніцу болю. Не глядзець у гэта люстэрка, а пераключыцца. Часам дастаткова прысутнасці побач без мітусні. Гэта больш дзейсна, чым калі мы спрабуем пераключыць увагу і жартаваць пра сітуацыю».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру